Так, віляйчанін хацеў праверыць якасць мяснога прадукту, які яго сабака адмаўляецца есці. “Чаму я павінен гэта есці?” – прыводзіў довад.
– Якасць прадукцыі гарантуе вытворца, а не цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, – тлумачыць доктар-гігіеніст Алена Ліхачэўская. – На кожную прадукцыю вытворца дае дакументы, якія сведчаць якасць і бяспеку. У іх прапісана,што прадукцыя прайшла лабараторныя даследаванні на ўсе паказчыкі, устаноўленыя патрабаваннямі заканадаўства,і з’яўляецца бяспечнай для здароўя чалавека.
Верагодна, віляйчанін хацеў даведацца, ці ёсць у прадукце соя ці не.
– Вытворца ўказвае на этыкетцы склад прадукту. За тым, па якой рэцэптуры і стандартах ідзе распрацоўка і вытворчасць прадукцыі, сочыць Дзяржстандарт. І там узгадняюць, ці можа прадпрыемства выпускаць такую прадукцыю ці не. А мы толькі можам пры ажыццяўленні нагляду правесці лабараторныя даследаванні. І то па асобных паказчыках – у залежнасці ад таго, на што акрэдытаваная лабараторыя: на таксічныя элементы, мікрабіялогію.
Што ж рабіць чалавеку, які лічыць, што прадаюць няякасныя харчы? У цэнтры гігіены і эпідэміялогіі раяць найперш папрасіць у краме дакументы, якія сведчаць якасць і бяспеку тавару.
– Калі ў чалавека прадукт выклікае сумненні, то ён можа пакінуць заўвагу у кнізе скаргаў і прапаноў у краме. Тады ўжо адміністрацыя крамы будзе працаваць з вытворцам. Вядома, крама паставіць у вядомасць і нас. Калі прадпрыемства, што выпускае гэты тавар, знаходзіцца на нашай тэрыторыі, пры правядзенні наглядных мерапрыемстваў ацэнім, як выконваюцца патрабаванні заканадаўства.
“Даследуйце на нітраты”
Бывае і так: набыў чалавек кавун, з’еў частку, астатняе прыносіць у місцы ў цэнтр – “даследуйце, ці ёсць нітраты”. Ці палову батону кілбасы прынясе – хоча, каб праверылі.
Такую прадукцыю на даследаванні не возьмуць:
– Ёсць пэўныя дакументы, якія рэгламентуюць, як можна адбіраць пробы. У людзей такую прадукцыю браць не можам у адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі.
На нітраты лабараторыя можа праверыць прадукцыю, якую вырасцілі людзі на прысядзібным участку.
Дарэчы, пры правядзенні планавых праверак кавуны ўжо даследавалі. Нестандартных проб пакуль не было.
– Таксама хачупадкрэсліць:калі падазраяце, што пэўны прадукт выклікае абвастрэнне ці з’яўленне нейкіх захворванняў – звярніцеся да доктара ў паліклініку ці бальніцу.Без падстаў не “абвінавачвайце”прадукт у хваробах, – кажа Алена Ліхачэўская.