Сваімі ўспамінамі пра школьныя гады ў 1960-ыя дзеліцца Іосіф Паўкалас.

Дубраўская школа. Цяпер яна перажывае не лепшыя часы. Будынак ёсць, ды яшчэ які – шматпавярховы. А вучняў можна пералічыць па пальцах.

Напісаць гэты артыкул мяне падштурхнула тое, што настаўнікі, якія вучылі ў 50-70-х гадах мінулага стагоддзя ў гэтай школе, адзін за адным сыходзяць з жыцця. Гэты ўспамін – даніна павагі і памяці.

Але ўзгадаю толькі той перыяд існавання школы, які добра ведаю. Гэта канец 50-х і да 70-х гадоў мінулага стагоддзя ўключна. Калі ў школе вучылася да 1000 чалавек, калі вучыўся сам і мае браты: Эдвард, які быў старэйшы за мяне на чатыры гады, і Часлаў, маладзейшы за мяне на 10 гадоў.

Дубраўскую школу за пасляваенны час закончылі некалькі тысяч чалавек. Былыя вучні сталі дастойнымі людзьмі, добрымі працаўнікамі. А некаторыя з іх дасягнулі значных жыццёвых поспехаў і вышынь. Напрыклад, Аркадзь Русецкі,  доктар гістарычных навук, прафесар, кандыдат філасофскіх навук, акадэмік Беларускай акадэміі адукацыі. Працаваў рэктарам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1997-2009). Занесены ў кнігу “Вялікія людзі XXI стагоддзя”, якая выйшла ў Амерыканскім біяграфічным інстытуце Паўночнай Караліны. Уваходзіў у склад кіраўніцтва рэспублікі. Ёсць іншыя вучоныя, кіраўнікі ў розных галінах гаспадаркі.  

Першы ўспамін пра вёску Дубравы ў летапісах датуецца 1453 годам.

Сам я скончыў школу ў 1969 годзе. Скончыў на “выдатна”, як і Валя Чачко, Сцяпан Мурза, Люда Салавей і Ніна Сарока.

Жыццё многіх настаўнікаў прайшло на відавоку ва ўсіх. Шмат хто з іх бываў у нашай хаце. Ды і маці мая ў канцы 60-х некалькі гадоў вучыла швейнай справе дзяўчат у школе. Сам я адпрацаваў настаўнікам тры гады, праўда, у Ашмянах.

На жаль, з тых настаўнікаў цяпер засталіся адзінкі.

1963 год. Выпускны 4-ы клас пачатковай Дубраўскай школы. Фота забяспечана Іосіфам Паўкаласам.

1963 год. Выпускны 4-ы клас пачатковай Дубраўскай школы. Фота забяспечана Іосіфам Паўкаласам.

Злева направа у ніжнім шэрагу: Вова Валодзька, Ваня Свідар, Юзік Паўкалас, Валера Генчык, Ваня Ройнік, Ваня Таўпека, Вова Радзівончык, Лёня Кавалеўскі, Пеця Ждановіч. Другі шэраг: Галя Ермалковіч, Тома Грышэль, Аня Рабушка, Ніна Сарока, Люда, Яня Салавей, настаўніца Браніслава Аляксандраўна Салавей, піянерважатая Валянціна Аляксандраўна Ціханчык, Лёля Кавалеўская, Салавей, Саша Грышэль. Трэці шэраг: Валя Чачко, Марыя Шніп, Тома Варыкаш, Франя Багіна, Марыя Курыла.

Настаўнікі-пачаткоўцы

У пачатковых класах нас вучыла Браніслава Аляксандраўна Салавей. Няспешна. Уважліва. Добразычліва. Неяк па-дамашняму вучылася тут, усе адчувалі сябе ўтульна і накоплівалі асновы ведаў. У паралельных класах пачаткоўцаў па Краіне ведаў вяла Ціма Цімафееўна Русецкая. Хадзілі легенды, што яна магла навучыць грамаце нават самага няздольнага да вучобы вучня.

Яе муж Аляксандр Рыгоравіч Русецкі вёў у нас у сярэдніх класах урокі працы. Вучыў нас, як трэба абыходзіцца з драўнінай і жалезам. А ў працы на зямлі мы і самі ўжо нешта кумекалі. Не было ў акрузе роўных яму ў разважлівасці, мудрасці ў адносінах да жыцця. Да вайны ён разам з Браніславай Аляксандраўнай вучыўся ў педвучылішчы ў Радашкавічах. Аказваецца, у 1940-1941 гадах было такое.

Фота забяспечана Іосіфам Паўкаласам.

Фота забяспечана Іосіфам Паўкаласам.

Сямейныя пары настаўнікаў

Класным кіраўніком ад 5 класа і да выпуску ў нас быў Станіслаў Паўлавіч Захарчук – выкладчык рускай мовы і літаратуры. Нашаму класу вельмі пашанцавала, бо Станіслаў Паўлавіч як бы прадоўжыў спакойны, паступовы, вытрыманы стыль навучання Браніславы Аляксандраўны. Мы былі яго першым выпускам у школе. Пасля нас у яго яшчэ было многа выпускных класаў. Але мы з ім добрых адносін і сувязяў ніколі не перарывалі.

Жонка Станіслава Паўлавіча, Юлія Аляксееўна, гісторык па адукацыі, працавала ў нас завучам па навучальнай частцы. А заняла гэту пасаду ў хуткім часе пасля таго, як былога завуча Станчука-Леўчука прызначылі дырэктарам Лебедзеўскай сярэдняй школы. Перад ёй некалькі год завучам працаваў Віктар Іванавіч Корсак. А пасля ўжо нязменна Юлія Аляксееўна. Уважлівы кіраўнік, з досведам. Пасрэднік паміж вучнямі і настаўнікамі. Пакінула аб сабе вельмі добрую памяць.

У паралельным класе класным кіраўніком быў Леанід Паўлавіч Канончык. Пасля ён некаторы час быў класным кіраўніком і ў майго малодшага брата.

Cтрогі і нават грозны да лодараў і разгільдзяяў, аматараў пакурыць і нават тайком прыкласціся да чаркі. Да тых, хто на гулях быў першы і мог скакаць да апоўначы. Хто ў вучобе быў шэры і нічым не выдзяляўся і вышэй троек ацэнак не меў. А да тых, хто добра вучыўся, дысцыплінаваных, быў чулы і ўважлівы, нёс веды.

Фота забяспечана Іосіфам Паўкаласам.

Фота забяспечана Іосіфам Паўкаласам.

Яго жонка, Яўгенія Данілаўна, у сярэдніх класах выкладала геаграфію і батаніку. У час летніх канікулаў пад яе кіраўніцтвам мы праходзілі практыку на прышкольным участку і атрымоўвалі ўрокі любові да зямлі. Хаця хлопцаў да градак і не дапускалі. Там працавала сама настаўніца з дзяўчатамі. Наша задача заключалася ў тым, каб паліць градкі і вынесці пустазелле.

У той час, акрамя вучобы, вялікая ўвага надавалася выхаваўчай рабоце. Нашы настаўнікі стараліся прышчапіць нам культуру, агульначалавечыя каштоўнасці. Большасць вучняў з былых хутароў. І яны адтуль неслі як каштоўныя якасці, так заганныя звычкі.

У сярэдніх класах матэматыку вяла Альбіна Вікенцьеўна Петрашкевіч. А ў старэйшых класах – Дзіна Цярэнцьеўна Юркоўская. Была класным кіраўніком у майго старэйшага брата. Свой прадмет выкладала на высокім прафесійным узроўні. Пасля Дубраў яна працавала ў Маладзечне, дзе цяпер і жыве.

Настаўнікам фізікі ў школе працаваў легендарны Яўген Фёдаравіч Мацыральнік. Мы былі аднымі з апошніх вучнях гэтага выдатнага настаўніка.

Сярод яго выхаванцаў шмат вучоных-фізікаў. Ён быў, пэўна, апошнім настаўнікам, перад кім вяскоўцы здымалі шапку і кланяліся.

Яго жонка, Людміла Іванаўна, вяла ў нас урокі рысавання. А яшчэ ў пазакласны час – драмгурток. Там ставіліся пастаноўкі, што карысталіся вялікім поспехам у вяскоўцаў. Адсюль пачынаў свой шлях артыст Брэсцкага і Львоўскага тэатраў Юры Газіеў.

Вячаслаў Міхасёнак – творчы, адказны настаўнік музыкі

Настаўніцай англійскай мовы працавала Валянціна Аляксандраўна Ціханчык родам з вёскі Уша-2, вельмі спакойны і ўраўнаважаны чалавек.

Віктар Сцяпанавіч Мяльгуй з вёскі Татарскія ў старэйшых класах вёў урокі працы – трактар. Ён і цяпер яшчэ вядзе даволі актыўны лад жыцця.

Напаў на настаўніка спеваў

Музыку і спевы  выкладаў Вячаслаў Васільевіч Міхасёнак. Прыгожы ён быў чалавек і знешне, і знутры. Творчы настаўнік, адказны. Колькі канцэртных праграм ён падрыхтаваў з намі. З нашых хлопцаў-аднакласнікаў Сцяпана Мурзы, Валеры Кулаковіча, Віктара Харлапа, Уладзіміра Кізіковіча і мяне ён склаў вакальны гурт, які існаваў некалькі год. Але выявіць адзіночнага вакаліста з гэтага гурта яму ніяк не ўдавалася. Не дацягвалі мы. У вольны ад урокаў час ён збіраў па хутарах песні і паданні. Займаўся фатаграфіяй. Не ўсе разумелі яго і нават пасмейваліся, называючы яго Пеўнікам. Калі на спевах Вячаслаў Васільевіч для размінкі зацягваў “Саўка і Грышка ладзілі дуду”, прыбіральшчыцы, што мылі падлогу ў школьным калідоры, ад смеху хапаліся за жываты і ледзь не падалі. Але Вячаслаў Васільевіч не звяртаў увагі на розныя смяшкі.

У майго брата Часлава ён ўжо вёў родную мову і літаратуру і быў класным кіраўніком. Брат узгадвае адзін выпадак. П’яны дзяцюк падчас канцэрта пачаў прыкра сябе паводзіць, настаўнік зрабіў яму заўвагу. Той дачакаўся, калі скончыцца канцэрт, і як толькі Вячаслаў Васільевіч выйшаў на вуліцу, кінуўся на яго са сцізорыкам. Настаўнік не разгубіўся  і так яму ўрэзаў, што небарака ледзь вылез з вялікай гурбы снегу. А той ножык так і не знайшлі.

Вячаслаў Васільевіч Міхасёнак пісаў вершы, артыкулы. Друкаваўся ў газетах і часопісах. Быў добра знаёмы з Генадзем Каханоўскім і Уладзімірам Караткевічам.

Канстанцін Канстанцінавіч Глухоўскі – сапраўдны дырэктар

У мяне родную мову і літаратуру выкладала  выдатны знаўца роднай мовы і літаратуры Еўдакія Уладзіміраўна Манчукевіч. І калі ў маіх аповедах ёсць хоць зерне нечага каштоўнага, то ў тым вялікая заслуга гэтай настаўніцы. Яна была першай, хто да маіх школьных сачыненняў пачаў адносіцца ўважліва. Толькі крытыкавала за почырк.

Сама высокая, прыгожая, статная. Была замужам за хлопцам з Еленкі. Той працаваў фатографам у Мінску. Пасля Дубраў працавала ў Мінску карэктарам у адным з цэнтральных беларускіх часопісаў. Рана пайшла з жыцця. Засталася адзіная дачка. Нам, вучням, пашанцавала, што нас вучыла Еўдакія Уладзіміраўна.

Пасля Крэсава і Тонкавіча дырэктарам Дубраўскай СШ нязменна, аж да 90-х гадоў, працаваў Канстанцін Канстанцінавіч Глухоўскі. Родам з Навасёлак. Гэта быў сапраўдны дырэктар. А ў тыя гады пасада дырэктара школы была вельмі значная ў грамадстве. Аўтарытэт яго, як кіраўніка, нічым не саступаў мясцовым кіраўнікам саўгаса ці сельсавета. Яго сын Генадзь, афіцэр, загінуў пры вывадзе войск з Афганістана. Дачка, Людміла, жыве ў Ракаве. Была замужам за маім аднакласнікам Віктарам Кавалеўскім, з якім я сядзеў за адной партай у старэйшых класах. Віктар працаваў галоўным інжынерам Аляхновіцкай птушкафабрыкі і дырэктарам саўгаса ў Ракаве. На вялікі жаль, ужо пайшоў з жыцця.

Дзясяты клас Дубраўскай школы. Фота забяспечана Іосіфам Паўкаласам.

Дзясяты клас Дубраўскай школы. Фота забяспечана Іосіфам Паўкаласам.

Злева направа першы рад: Ніна Сарока, Люда Салавей, класны кіраўнік Станіслаў Паўлавіч Захарчук, Галя Багіна, Франя Багіна. Другі рад: Юзік Паўкалас, Міша Шніп, Лёля Кавалеўская, Тамара Грышэль, Тамара Варыкаш, Таня Багіна, Сцяпан Мурза. Трэці рад: Лёня Рабец, Казімір Вярбіцкі, Чацверты рад: Ваня Ройнік, Віктар Кавалеўскі, Толік Чучвал, Аляксей Пракопчык.

Праца настаўніка накладвае адбітак на ўсё жыццё

У 90-х на платформе прыпыначнага пункта “Раманы” я сустрэў былога дырэктара школы Тонкавіча. Лёс яго склаўся так, што пасля Дубраў ён ужо ніколі не працаваў дырэктарам і нават настаўнікам. Жыў і працаваў у Заслаўі. Але пад яго поглядам я адчуў сябе тым першакласнікам Юзікам у кароткіх штоніках, якому трэба было выходзіць з шарэнгі, каб атрымаць узнагароду. А ў былога дырэктара нешта прамільгнула на твары. І, магчыма, ён успомніў маё прозвішча.

Так здарылася, так склалася, што і я пасля Ашмянаў ужо ніколі не працаваў у школе.

Медыкі, калі пачынаюць сваю працу, даюць клятву Гіпакрата. Настаўнікі такой клятвы не маюць. А я з некаторых часоў пачаў заўважаць, што не магу дазволіць сабе той ці іншы ўчынак. І гэты адлік пачаўся з той непрацяглай працы ў школе ў Ашмянах.