Планы зрабіць прыбудовы да вілейскай царквы разварушылі дыскусію, што важней: зручнасць, эстэтыка і цеплыня ці захаванне помніка 150-гадовай даўніны?

Частка прыхаджан: гэта абраза

Прыхаджанка вілейскай царквы Марыі Егіпецкай і адначасова чытачка “РГ” звярнулася ў рэдакцыю з абурэннем. Паводле яе слоў, настаяцель паведаміў, што плануе зрабіць прыбудовы да царквы. Гэта ўзрушыла жанчыну:

– Разам з многімі іншымі прыхаджанамі мы проста ў шоку – як можна перабудоўваць помнік, якому 150 год?! Няўжо няможна вырашыць пытанне з ацяпленнем, не чапаючы сцены, якія ўтрая за вас старэйшыя? Гэта проста абраза гісторыі, культуры і духоўнасці!

Выява вілейскай царквы з кнігі Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов, Виленской губернии. Сапунов А., Друцко-Любецкий В. 1896 года. Фота з Вікіпедыі.

Выява вілейскай царквы з кнігі Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов, Виленской губернии. Сапунов А., Друцко-Любецкий В. 1896 года. Фота з Вікіпедыі.

Бацюшка: бяспека і парадак

Сам настаяцель айцец Аляксандр запэўнівае ў тым, што не дапусціць самабуду:

– Рамонтныя работы ў храме ўжо ідуць. Але нічога не мяняецца, толькі абнаўляецца. Што тычыцца канструктыўных змяненняў, то сам храм ніяк не відазменіцца, акрамя як да алтарнай часткі будуць прыбудаваныя два невялікія памяшканні гаспадарчага прызначэння: рызніца храма і памяшканне асобнага ўвахода.

Калі царкву будавалі ў 19 стагоддзі, не было такіх строгіх супрацьпажарных правілаў, таму ў царкву ­адзін уваход.

У адрозненне ад многіх іншых храмаў, таксама не прадугледзелі дадатковыя памяшканні. Раздзіманне кадзіла і іншыя падрыхтоўчыя справы трэба рабіць па-за алтаром, а ў цяперашнім будынку такой магчымасці няма. У выканкаме мы атрымалі дазвол на праектна-вышукальныя работы. Далей будзем узгадняць у Міністэрстве культуры. Гэта ні ў якім выпадку не будзе самабуд, таму што гэта помнік. Падрыхтоўчая работа з дакументацыяй зойме цэлы год. Калі мы атрымаем усе дазволы, узгадненні, праект зацвердзіць епіскап, то пачнём будаваць. Плошча ніяк не зменіць выгляд: пабудовы будуць з тыльнага боку храма, яны не ўнясуць дысбаланс у храмавы комплекс.

З гэтага боку плануюць прымацаваць прыбудовы. Фота Зоі Хруцкай.

З гэтага боку плануюць прымацаваць прыбудовы. Фота Зоі Хруцкай.

Выканкам: сітуацыя неадназначная

Вілейскі райвыканкам даў дазвол на распрацоўку праекта дзвюх прыбудоў да царквы. Сітуацыю каментуе начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Вілейскага райвыканкама Галіна Кажарновіч:

– Разглядаючы пытанне, я кансультавалася са спецыялістамі ў гэтай сферы, у тым ліку з рэстаўратарамі. Безумоўна, першапачатковы адказ ва ўсіх – не. Аднак адназначна адмаўляць не ў маіх правілах, кожны выпадак трэба дасканала вывучаць, тым больш такое важнае пытанне. Будынак царквы – наша гісторыя. Але настаяцель паабяцаў вельмі скрупулёзна паставіцца да справы. І пэўная логіка ў яго прапанове ёсць.

Тут два моманты. Па-першае, можа быць не вельмі дарэчы, што пры цэнтральнай плошчы горада пабудова з пячным ацяпленнем. Па-другое, у перспектыве мы хацелі б зрабіць так, каб царквой можна было любавацца не толькі з галоўнага фасада, але і з бакавых, і з боку парку. А што цяпер відаць з таго боку – склад дроў і гаспадарчыя пабудовы? Але адназначна, што калі і рабіць прыбудовы, то толькі вытрымаўшы агульны стыль і прапорцыі, пад кіраўніцтвам навуковага кіраўніка праекта-рэстаўратара.

Вілейскі райвыканкам даў дазвол толькі на тое, каб ішла распрацоўка праекта перабудовы. Сам праект вынесуць на грамадскае абмеркаванне, падчас якога кожны зможа выказаць сваё меркаванне па пытанні.

Усе заўвагі пазначаюць у журнале. Дзяржаўная экспертыза праекта будзе яго дасканала вывучаць і вынесе станоўчае ці адмоўнае заключэнне па праекце.

Від з парку на царкву райвыканкам хацеў бы зрабіць больш расчышчаным. Фота Зоі Хруцкай.

Від з парку на царкву райвыканкам хацеў бы зрабіць больш расчышчаным. Фота Зоі Хруцкай.

МНС: печ можна пакінуць

Наколькі востра стаіць пытанне пажарнай бяспекі, мы запыталіся ў МНС. Першага намесніка начальніка Вілейскага райаддзела надзвычайных сітуацый Анатоля Стрэжа хвалюе не толькі прасцейшы спосаб вырашыць пытанне, але і эстэтыка:

– Сама печ у царкве ў даволі някепскім стане. А вось металічны комін з пункту гледжання бяспекі лепш замяніць на цагляны. Але ўявіце, як бы цагляны глядзеўся з боку плошчы, абсалютна недарэчна выбіваўся б. Печ патрабуе пільнага нагляду. Таму прыбудаваная кацельня вельмі спросціць ацяпленне.

Аднак ніхто пры гэтым не перашкаджае пакінуць печ некранутай як помнік, каб яна выконвала толькі гістарычную і дэкаратыўную функцыю.

Краязнаўцы: змагаемся, каб царкву не чапалі

Самая актыўная ў рэгіёне суполка Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры не магла застацца ў баку ад праблемы перабудовы 150-гадовага помніка ў сваім раёне. Старшыня суполкі Дзяніс Канецкі адразу ж, як даведаўся пра планы перабудовы, абмеркаваў далейшыя дзеянні з кіраўніком таварыства Антонам Астаповічам.

На думку краязнаўцаў, уносіць змяненні ў помнік 150-гадовай даўніны недапушчальна.

Царква адпавядае ўсім крытэрыям гісторыка-культурнай каштоўнасці, мела статус помніка архітэктуры. Гэта зафіксавана ў Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі па Мінскай вобласці.

У 2007 годзе аб’ект страціў гэты статус падчас перагляду спіса. А ён забараніў бы перабудоўваць аб’ект, каб захаваць аўтэнтычнасць.

Каля вілейскай царквы ў 1918 годзе. Фота з Вікіпедыі.

Каля вілейскай царквы ў 1918 годзе. Фота з Вікіпедыі.

Менавіта гэтым і займаюцца краязнаўцы – рыхтуюць дакументы, каб на наступным тыдні падаць заяву на наданне статусу вілейскай царкве. Калі прапанова бу­дзе прынятая Міністэрствам культуры, праз некаторы час яе разгле­дзіць навукова-метадычная рада, якая прыме рашэнне рэкамендаваць ці не рэкамендаваць уключаць царкву ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

З моманту рэгістрацыі прапановы аб’ект патрапіць пад ахову дзяржавы да разгляду на пася­джэнні рады. Калі яна прыме рашэнне, што царква не адпавядае крытэрыям гісторыка-культурнай каштоўнасці, перабудову зможа спыніць толькі добрая воля ініцыятараў будаўнічых работ.

Архітэктар Капцюг: прыгажосць і зручнасць могуць знішчыць помнік

Анатоль Капцюг – аўтарытэтны архітэктар з Вілейшчыны. Менавіта ён зрабіў эскіз дома духоўнай асветы, будынка злева ад царквы (калі стаяць тварам да царквы). І не разумее, чаму кацельню немагчыма зрабіць каля ці ўнутры яго.

Намаляваны гадзіннік на вежы, унікальная дэталь вілейскай царквы. Фота Зоі Хруцкай.

Намаляваны гадзіннік на вежы, унікальная дэталь вілейскай царквы. Фота Зоі Хруцкай.

Злева ад царквы дом духоўнай асветы, пабудаваны па эскізах Анатоля Капцюга. Фота Зоі Хруцкай.

Злева ад царквы дом духоўнай асветы, пабудаваны па эскізах Анатоля Капцюга. Фота Зоі Хруцкай.

– Царква пабудаваная з індывідуальнымі асаблівасцямі. Гэта не звычайная мураўёўка, хаця і яны сёння – помнікі.

Другой такой царквы, як вілейская, няма. Напрыклад, на вежы намаляваны гадзіннік, а не сапраўдны механізм. Дзе яшчэ такое вы бачылі? У цэлым гэта робіць царкву ўнікальным помнікам.

Што тычыцца замены ацяплення – нашто было будаваць прыходскі дом, каб прыбудоўваць яшчэ нешта. Прадумаць, як падвесці ў царкву ацяпленне, не чапаючы 150-гадовыя сцены, магчыма. А што тычыцца таго, што царква з прыбудовамі будзе больш зручнай і прыгожай… Можа быць, але яна ўжо не будзе 150-гадовым помнікам.

Даведка “РГ”. Вілейская царква Марыі Егіпецкай – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю ў Вілейцы. Пабудаваная ў 1865 годзе з цэглы.