Сталі вядомыя падрабязнасці аварыі, што здарылася ўчора ў 16:40 на Вялікім Гасцінцы, ля павароту да гандлёвага цэнтра “Тройка”.

Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” распавёў дзяржаўтаінспектар Маладзечанскай ДАІ Сяргей Бартош.

43-гадовы кіроўца аўтамабіля “Фольксваген” ехаў па Вялікім Гасцінцы з боку Мінска. На павароце да гандлёвага цэнтра на дазваляючы сігнал святлафора не саступіў дарогу аўтамабілю “Вольва”, што рухаўся з боку Смаргоні. За рулём “Вольвы” была 26-гадовая жанчына.

У выніку сутыкнення 4-гадовая пасажырка машыны “Вольва”, дачка кіроўцы, атрымала пералом ключыцы. Дзяўчынка знаходзілася ў спецыяльным крэсле на заднім сядзенні справа.

Акрамя гэтай дзяўчынкі, у салоне яшчэ знаходзілася 2-гадовая дзяўчынка, аднак невядома, ці спатрэбілася ёй дапамога медыкаў.

ДАІ праводзіць праверку, на абаіх кіроўцаў складзеныя пратаколы.