Аб неабходнасці такога кроку сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава.

“Хацелася б у будучыні прыйсці да таго, каб не задавалі дамашняга задання. Адмова ад дамашняга задання, мне здаецца, павінна быць першачарговай задачай. Асабліва ў старэйшых класах, калі дзеці займаюцца да 3-4 гадзін дня. У іх па нормах на дамашняе заданне ідзе дзесьці 2,5 гадзіны, гэта шмат. Атрымліваецца, што ў дзіцяці недастаткова часу для таго, каб заняцца фізічнай культурай і іншымі справамі па інтарэсах”, – адзначыла Ала Малахава.

На яе думку, каб дасягнуць гэтага, неабходна павысіць эфектыўнасць школьнай адукацыі.

“Мы лічым, што дзеці не павінны адседзець шэсць-сем гадзін у школе і нічога не атрымаць. Трэба распачаць такія меры па павышэнню эфектыўнасці, каб дзіця атрымала на ўроку ў школе максімальна з таго, што яму трэба, і такім чынам быў бы вольным дома”, – канстатавала спецыяліст.

 Таксама Ала Малахава адзначыла, што ў цяперашні час адукацыйная нагрузка апярэджвае псіхолага-фізіялагічныя магчымасці школьнікаў на год-паўтара. Паводле яе слоў, гэта звязана з тым, што праграмы былі разлічаныя на сямігадовых дзяцей, а ў школы пайшлі шасцігодкі. Акрамя таго, адбіўся пераход на пяцідзённы вучэбны тыдзень. “Хацелася б таксама, каб Міністэрства адукацыі хутчэй занялося праблемай складанага выкладу матэрыялу ў падручніках. Дзецям прыходзіцца разбірацца з дапамогай бацькоў. Думаю, што гэтая праблема будзе вырашана”, – сказала яна.

Экспрэс-апытанне ў Маладзечне: з якога ўзросту лепш адпраўляць у школу дзіця?