Непрыемная гісторыя здарылася з работнікам “Купала-Агра”. Аднак да адказнасці прыцягнуць кіраўніка.

Пра гэты выпадак, які стаў вядомы “хуткай дапамозе”, Следчаму камітэту і дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы, “Рэгіянальнай газеце”, расказаў начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Дзяніс Томашаў.

Мужчына, з якім здарыўся няшчасны выпадак, працуе на прадпрыемстве “Купала-Агра” кіроўцам малакавоза. А жыве ён за 4-5 кіламетраў ад месца працы.

У дзень, калі здарылася з ім непрыемнасць, ён позна скончыў работу. Пакуль памыў малакавоз, га­дзіннік паказваў час пасля 23:00. А на ранішнюю дойку трэба ў 4 га­дзіны.

Мужчына падумаў, што не варта ісці дадому, каб праз некалькі гадзін зноў вяртацца назад. Вырашыў заначаваць у кабіне свайго малакавоза.

Ноччу прачнуўся, каб схадзіць у прыбіральню, але аступіўся, вываліўся з кабіны машыны і ўдарыўся галавой.

На ранішнюю дойку ўсё ж схадзіў, потым адчуў, што блага сябе адчувае і прылёг адпачыць.

Хтосьці з работнікаў прадпрыемства ўбачыў, што кіроўца знахо­дзіцца ў непрытомным стане. Калегі даставілі мужчыну дадому.

Але ў двары дома проста кінулі яго на траву і з’ехалі.

Там мужчына праляжаў да абеду, пакуль з работы не прыйшла яго жонка. Яна і выклікала “хуткую дапамогу”.

Хутчэй за ўсё, гэты выпадак будзе лічыцца як невытворчая траўма, – падсумаваў Дзяніс Томашаў, – але кіраўніка прадпрыемства ўсё ж прыцягнуць да адказнасці за тое, што на прадпрыемстве парушаліся патрабаванні па ахове працы, што адсутнічаў кантроль з боку кіраўніцтва і за тое, што гэты выпадак на прадпрыемстве хацелі схаваць ад упраўлення па ахове працы.