У першую чаргу бацькам неабходна звярнуць увагу на фізічнае здароўе дзіцяці. Калі яно хварэла альбо нарадзілася неданошаным, то наўрад ці трэба аддаваць дзіця ў школу ў шэсць гадоў. Бывае, што дзіця выдатна спраўляецца з нагрузкай у пачатковых класах, але рэальныя праблемы наступаюць у пятым класе. Калі дзіця не гатовае ўспрымаць і апрацоўваць сур’ёзны матэрыял, а сілы на зыходзе.

Другі фактар – псіхічнае здароўе. Неабходна зразумець, ці ўседлівае дзіця, ці ўмее ўважліва слухаць.

Трэці фактар – сацыяльны. Трэба заўважаць, як дзіця будуе адносіны ў калектыве, ці трывожнае, наколькі стрэсаўстойлівае.

Каляндарны ўзрост – не паказчык псіхалагічнай падрыхтаванасці да школы.

Шасцігодкі

“+” Дзеці адрозніваюцца жывым розумам, дапытлівыя, таму да школы адносяцца як да прыгоды.

“+” Хутчэй наладжваюць стасункі з аднагодкамі.

“+” Дзеці раней атрымліваюць атэстат, а значыць, будуць мець больш магчымасцяў паспрабаваць свае сілы на ўступных экзаменах у ВНУ.

“–” Няўседлівасць дзіцяці, няўважлівасць. Гэта можа зрабіць больш цяжкай адаптацыю дзіцяці ў калектыве. Дзецям цяжэй успрымаць матэрыял.

Сямігодкі

“+” Дзеці лепш падрыхтаваныя да школы, больш уседлівыя.

“+” Лепш развітая дробная маторыка.

“+” Нервовая сістэма больш развітая, чым у шэсць гадоў.

“–” Дзіця можа “перагарэць”: яно даўно ўмее чытаць, пісаць, лічыць, разважаць, таму яму можа быць сумна і нецікава на ўроках.

“–” Дзіця развітваецца са сваімі сябрамі, якія пайшлі ў першы клас у шэсць гадоў, а значыць, яму трэба будзе зноў адаптавацца ў новым калектыве, знайсці сяброў.