ДАІ пачынае традыцыйную акцыю “Увага – дзеці!”.

У сувязі з заканчэннем летніх канікул і пачаткам навучальнага года, у мэтах прафілактыкі і папярэджання дарожных здарэнняў з удзелам дзяцей ад 25 жніўня па 5 верасня ў Беларусі пройдзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!”. У ім будуць задзейнічаны супрацоўнікі ўсіх падраздзяленняў міліцыі грамадскай бяспекі органаў унутраных спраў Беларусі. Прафілактычнае ўздзеянне будзе накіравана не толькі на дзяцей, але і на іх бацькоў і кіроўцаў транспартных сродкаў.

Як паведамляе ўпраўленне ДАІ МУС Беларусі, падчас правядзення спецыяльнага мерапрыемства (для прыцягнення ўвагі дзяцей і ўсіх удзельнікаў дарожнага руху) неабходна рухацца на транспартных сродках з уключаным блізкім святлом фар.

Як паказвае вопыт папярэдніх гадоў, самы высокі цяжар наступстваў ДТЗ з удзелам дзяцей адзначаецца менавіта ў жніўні-верасні. Падчас летніх канікул дзеці забываюць пра небяспеку, а вяртаючыся ў горад з інтэнсіўным рухам, не адразу аднаўляюць навыкі бяспечнага ўдзелу ў дарожным руху.

Акрамя таго, як адзначылі ў ДАІ, на гэтым тыдні пачнецца масавая перавозка дзяцей з месцаў адпачынку ў гарады, у сувязі з чым Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае кіроўцам аб няўхільным захаванні правілаў іх бяспечнай перавозкі. Дзіця ў аўтамабілі павінна знаходзіцца ў спецыяльным сядзенні, якое адпавядае яго вазе і росту.

 З дзевяці загінуўшых у гэтым годзе на дарогах краіны дзяцей шасцёра былі пасажырамі і перавозіліся з парушэннем правілаў, усяго пацярпелі каля 100 дзяцей-пасажыраў.