З праблемай спазнення на электрычку звярнуўся ў рэдакцыю “РГ” маладзечанец Міхаіл.

Мужчына ездзіць на работу ў Мінск з прыпынку “Фестывальны”. Ён садзіцца на электрычку, якая адпраўляецца ў 06:52.

Штораніцу на пероне разам з ім стаіць таксама нямала тых, каму трэба на Мінск. Чарга за білетамі выстройваецца вялікая. Але працуе толькі адна каса, і касір прадаць білеты ўсім не паспявае. Паводле слоў маладзечанца, калі прыязджае электрычка, некаторыя не могуць сесці на рэйс толькі таму, што ім не паспелі прадаць білет.

У першы дзень Міхаілу прабачылі на рабоце спазненне. Такая ж сітуацыя адбылася на наступны дзень. Міхаіл рызыкнуў і сеў на электрычку без білета.

– Няўжо так цяжка хаця б на такія папулярныя рэйсы адкрываць адразу дзве касы? – пытаецца чытач “РГ”.

Чыгунка: купіце білет загадзя

Вы дакладна не спозніцеся, калі скарыстаецеся паслугай Беларускай чыгункі, якая дазваляе купляць білеты на электрычку за дзесяць дзён да паездкі.

Начальнік маладзечанскага чыгуначнага вакзала Аляксандр Савачкін тлумачыць, што ў выпадках, калі не паспелі прадаць білет, пасажырам варта скласці калектыўны зварот да кіраўніцтва чыгункі.

Гэта неабходная мера, каб адміністрацыя бачыла, што мае справу не з адзінкавай праблемай аднаго пасажыра. Калі пытанне набывае масавы характар, то праца абодвух кас у гэты час можа быць эканамічна абгрунтаванай.

Аляксандр Савачкін прапануе падумаць пра іншыя спосабы рашэння сітуацыі: купіць білет загадзя ці набыць абаненцкі білет на месяц. Цяпер Беларуская чыгунка распрацоўвае магчымасць купляць білеты на электрычкі праз інтэрнэт.