Змянілі патрабаванні да вагі некаторых падручнікаў, паведаміла загадчыца лабараторыяй гігіены дзяцей і падлеткаў навукова-практычнага цэнтра гігіены, кандыдат медыцынскіх навук Таццяна Проніна, паведамляе medvestnik.by.

Новыя палажэнні замацаваныя Гігіенічным нарматывам “Паказчыкі бяспекі падручнікавых вырабаў для агульнай сярэдняй адукацыі”, зацверджаным пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 9 сакавіка 2015 года.

Дапушчальная маса падручніка для першакласніка знізілася на 50 грамаў і цяпер не павінна перавышаць 250 грамаў. Вырабы для вучняў 8-10 класаў таксама палягчэлі на 50 грамаў. Для 11-класнікаў – на сто.

Па меркаванні Таццяны Пронінай, прыняцце дакумента – адна з мер, якая дазволіць зменьшыць груз школьнага заплечніка. Цяжкія заплечнікі – гэта рызыка фарміравання парушэнняў асанкі ў дзяцей. Вагу дабаўляюць не толькі кнігі, альбомы, сшыткі, але і пеналы, цацкі.

Калі набываеце рэчы для вучобы, арыентуйцеся самі і накіроўвайце дзяцей на выбар лягчэйшага тавара. Прывучайце дзіця сачыць за тым, што кладзе ў партфель. Калі складваеце заплечнік на заўтра, звярайцеся з раскладам урокаў, каб не насіць за плячыма лішняе.

Эксперт: на адаптацыю дзяцей да школы трэба два тыдні

Вашае дзіця ідзе ў школу? Не забудзьцеся псіхалагічна падтрымаць яго!