Галоўны трэнер ХК “Дынама-Маладзечна” Дзмітры Краўчанка распавядае пра новы сезон, карпаратывы і пра тое, як адпачыць летам ад каманды і дзяцей.

Сустрэча з Дзмітрыем Краўчанкам адбылася ў яго кабінеце ў Лядовым палацы. На сцяне – магнітная дошка, на якую быццам шахматныя фігуры прымацаваныя таблічкі з імёнамі гульцоў.

– Я люблю шахматы, – скажа потым хакейны трэнер, не адзін раз зірнуўшы на гэтую дошку, – і сам добра гуляю.

На стале – сшытак, у якім, акрамя раскладу гульняў і трэніровак, трэнер запісвае афарызмы, цытаты. На палях – малюнкі.

– Я пагаджуся хутчэй грошы згубіць, чым гэты сшытак, –  прызнаецца пазней трэнер.

У камандзе хлопцы да гульні галодныя. І гэта добра

Напярэдадні новага хакейнага года Дзмітры Краўчанка падсумаваў вынікі першага сезона маладзечанскай каманды.

–  Па-першае, калі я год таму ўзначаліў каманду, было цікава, ці зможам мы стварыць калектыў. Зорак хакейных у камандзе няма. Узрост гульцоў ніжэй за сярэдні. Магу сказаць, што задача – даць магчымасць спартсменам быць у добрай гульнявой форме – выкананая, хаця вынікам сезона я не вельмі задаволены. Але хакеісты былі галодныя да гульні. Я гэта адчуваў.

У пацвярджэнне сваіх слоў Дзмітры падняў галаву на магнітную дошку і сказаў:

– Шмат ратацый адбылося за гэты год. Я нават дакладна цяпер не скажу, колькі гульцоў прыйшлі і сышлі з каманды. Вось цяпер  дзевяць маладзечанцаў у складзе мінскага “Дынама” едуць у Рыгу на кубак Латвійскіх чыгунак. Гэта Віталь Бялінскі, Дзмітры Знахаранка, Аляксей Бадун, Артур Абмётка, Станіслаў Лапачук, Мікіта Прышывалка, Аляксей Аўтаеў, Аляксандр Сёмачкін, Мікіта Феакцістаў.

– А як жа маладзечанская каманда без вядучых гульцоў?

– Будзе складана, вядома. Але гэта ўмова нашага фарм-клуба. Мы цесна супрацоўнічаем з Любамірам Покавічам, галоўным трэнерам мінскага “Дынама”, і я на яго месцы рабіў бы тое самае.

Склад каманды на сезон 2015-2016 года значна аднавіўся.

– Але і мінулагодніх гульцоў губляць не хацелася б. Трэніроўкі ідуць ужо дзевяць тыдняў, я бачу, што ў хлопцаў ёсць жаданне, ёсць мэты. Хацелася б, каб яны захавалі такі азарт і на чэмпіянат.

Без траўмаў, вядома, у хакеі не абыходзіцца. Пашкодзіў ключыцу і на месяц выпаў з трэніровак Ігар Варывончык. Траўмы атрымалі Сяргей Голубеў і Андрэй Філічкін.

– Падабаецца мне Андрэй. Моцная асоба і талковы хлопец, – кажа Дзмітры пра капітана сваёй каманды.

– А бывала, што памыляліся ў людзях?

– Канешне, здаралася. Я наогул заўсёды веру людзям. Крыўдна, калі яны падводзяць.

Нядаўна запісаў адну індыйскую мудрасць, – працягвае Дзмітры, шукаючы запісаныя словы ў сваім запаветным сшытку. –

 Чалавек – гэта сасуд. Піхні яго – чым запоўнены, тое з яго і выльецца. Правяраў, так і ёсць.

– Усе свае думкі запісваеце?

– Мне адна багатая дама калісьці сказала: “Дзіма, хочаш быць паспяховым, запісвай усе ідэі”. Карыстаюся парадай да сёння.

Не дарую людзям спазнення

– А адпачываеце вы разам з камандай?

– У пачатку мінулага сезона толькі адзін раз выбраліся на прыроду, падсмажылі мяса. Гэта ў офісах пасля карпарытаваў можна застацца на ноч, а нам жа назаўтра давядзецца бегаць. Затое сёлета ўпершыню ад 1997 года з жонкай з’ездзіў адпачыць у Егіпет. Без дзяцей. Хаця дзяцей люблю, у мяне іх нямала.

– Колькі?

– Пакуль чацвёра. Але на руцэ пяць пальцаў. Вельмі хачу дачку.

– Дзеці таксама займаюцца хакеем?

– Сярэдні сын займаецца. Вось гулялі ў Маладзечне супраць мясцовай каманды, дапамагаў яму, назіраў, раіў. Я не прымушаў сына ісці ў хакей, сам выбраў. Але я на 100% упэўнены, што хлопчык павінны займацца спортам. Любым, але займацца. А хакей… Ну гэта, на мой погляд, самы складаны від спорту. Тут мала быць хакеістам. Ты і штангіст, і атлет. Трэба ў галаве заўсёды трымаць некалькі рашэнняў і прымаць іх за нейкія долі секунды. І пры гэтым катацца на двухміліметровым лязе.

– Таму вы выбралі хакей?

– А ў мяне іншага варыянту не было. Я ж з Сібіры. Там усе дарогі замерзлыя, надзеў з раніцы валёнкі – і на лёд. Трэніроўкі пачыналіся ў 7 раніцы. А паспрабуй спазніцца. Нашто тады наогул прыходзіць? З таго часу ў мяне звычка ўставаць рана і не дараваць лю­дзям спазнення. Я чалавек абавязковы і патрабую таго ж ад іншых. Мне жонка бывае кажа: “Ты чаму яшчэ не сабраўся? Я ўжо апранулася”. На што я ёй кажу: “Ты спачатку свае абцасы надзень, Тараса (малодшы сын) апрані, тады я толькі пачну збірацца, бо гэта ўсё адно будзе хутчэй”.

– Дома вы таксама трэнер?

– Не, дома я іншы. Мяккі, спакойны, вясёлы. І я вельмі рады, што ў маім жыцці ёсць жанчына, якая заўсёды мяне падтрымае.  

Ад дабрачынных акцый павінна акрыляцца душа

Хакеісты “Дынама-Маладзечна” акрамя гульняў актыўна прымалі ўдзел у дабрачынных акцыях, супрацоў­нічалі з інтэрнатам №2 для дзяцей з дрэнным зрокам.

– Дзмітры, а чаму вы не ўдзельнічалі ў тых сустрэчах?

– Я проста быў у Мінску. Ні ў якім разе я не ігнарую такія мерапрыемствы. Наадварот, лічу, што яны патрэбныя, пасля такіх сустрэч акрыляецца душа. Памятаю выпадак яшчэ ў Гродне, у 2009 годзе, пайшлі мы ў інтэрнат, прынеслі прысмакі, ся­дзім частуемся. Тут маленькая дзяўчынка залазіць да мяне на калені і кажа: “Тата, а ты чаму не ясі?” Я не перабольшваю, у мяне сапраўды з’явіліся слёзы.

Развітваючыся з Дзмітрыем, пытанне наконт задач на гэты сезон усё ж задала:

– Я чытаў у прэсе, што нам ставяць задачу 8 месца ў чэмпіянаце. Гэта смешна. Нашто тады выходзіць на лёд, калі не змагацца за верхнія радкі турнірнай табліцы. Мы пазмагаемся.