Вераніка і Сяргей Якушыкі з вёскі Дубрава адсвяткавалі вяселле 8 жніўня.
Сяргею 25 гадоў, Вераніцы – 22. Да гэтага былі тры гады сустрэч, узаемнага кахання і рамантыкі.
І толькі неасцярожныя заўвагі сяброў Сяргея: “Ну куды ты лезеш? Гэта ж цяжар на ўсё жыццё!” псавалі настрой Вераніцы.
Але ненадоўга, бо гэтая маленькая кволая дзяўчо – зарад аптымізму і пазітыву. Яна цвёрда ведае, што свайго шчасця не саступіць нікому і яе інвалідны вазок тут зусім не пры чым…
– Мы пазнаёміліся з Сяргеем на сайце знаёмстваў, – пачынае расповед Вераніка, – і я адразу прызналася яму ў тым, што не магу хадзіць.
Сяргея гэта не засмуціла, і праз месяц перапіскі ён прапанаваў Вераніцы сустрэцца.
– Вераніка мне адразу спадабалася і знешнасцю, і характарам.
Тры гады Сяргей, а ён жыў у Пралесках, штодзень пяць кіламетраў хадзіў да Веранікі ў Дубрава, каб правесці разам час.
– А бывала і не раз. Зімой прыходзіў раніцай, каб прапаліць ёй у печы, потым ехаў на работу. Вечарам зноў да Веранікі, бо яна тэлефануе і кажа: “Мне сумна”. Мусіў выбірацца з-пад коўдры і ісці да яе.
– А аднойчы Сяргей доўга не здымаў трубку. Ну, я і вырашыла пайсці да яго. Усе пяць кіламетраў “ішла” адна.
Праз чыгуначны пераезд мне перайсці дапамаглі. Прыйшла да яго, грукаюся ў брамку акулярамі. Сяргей адчыняе, і я толькі па вуснах яго прачытала, што ён вылаяўся на мяне. Спужаўся моцна.
– Вядома, спужаўся. Ну, як можна было так зрабіць, нікога не папярэдзіць? Мама Веранікі наогул ледзьве прытомнасць не страціла, калі дачкі дома не знайшла. Я ж баюся за цябе, – звяртаецца Сяргей да Веранікі.
Са свекрывёй я да сёння незнаёмая
Пасля вяселля Сяргей перабраўся жыць у Дубрава, да Веранікі і сваёй цешчы. У Веранікі яшчэ ёсць малодшы 16-гадовы брат, але ён цяпер жыве ў Мінску, вучыцца ў каледжы.
– Як прыняла цешча?
– Добра. Яна не ўмешваецца ў наша жыццё. Адразу сказала, што галоўнае, каб вам было добра.
– А ў вас, Вераніка, як адносіны са свекрывёй?
– Я з ёй яшчэ незнаёмая. Мы запрашалі на вяселле, але яна паехала ў Італію да Сяргеевай сястры.
Вераніка прызнаецца, што сама зрабіла Сяргею прапанову рукі і сэрца. Сяргей тады адмаўчаўся. А праз некаторы час за вячэрай сказаў маці Веранікі: “ Мы вырашылі пярсцёнкі купіць”.
– А сварыліся з Веранікай?
– Бывала. Я тады моўчкі сыходжу курыць на двор. Але і мірыцца першым прыходжу.
Пра дзяцей маладыя яшчэ не думаюць.
– Мы яшчэ маладыя, пажывём для сябе, а потым, вядома, – кажа Вераніка.
– Але не больш за аднаго! – дадае Сяргей.
Вераніка марыць працаваць дыспетчарам таксі і кіраваць машынай
– Я адчуў, што штамп у пашпарце рэальна нешта мяняе ў адносінах. Цяпер адчуваю вялікую адказнасць, – кажа Сяргей.
– Ага, – дадае Вераніка, – і разам са штампам знікла рамантыка. Раней мы з Сяргеем маглі гуляць некалькі гадзін. Ён сам прапаноўваў схадзіць на мясцовае возера, а цяпер кажа: “Ай, навошта куды хадзіць, давай дома пабудзем”.
Калі заляцаўся да Веранікі, аднойчы прынёс цэлую жменю завушніц:
– Мяне прадавачка ў магазіне пытаецца: “Якія паказаць?” А я ёй: “Давайце ўсе, хай нявеста сама выбірае”.
Сяргей працуе мантажнікам ў Мінску на заводзе, але і па доме ўсе абавязкі ўзяў на сябе.
– А я гатую ежу, – кажа Вераніка. – Толькі пакуль пірагі не ўмею, я ж маладая жонка. Сяргей у мяне працаголік. Ён і па доме з усім упраўляецца, і каля ўвахода ў дом вяргіні пасадзіў.
А Вераніка пакуль толькі марыць атрымаць прафесію, каб прыносіць карысць людзям. Пасля школы Вераніка нікуды вучыцца не паступала. Думала быць псіхолагам.
– Не так даўно вырашыла ўладкавацца дыспетчарам у таксі. Адразу сказала, што не хаджу, а так у мяне ўсё ў парадку. І манеры, і голас, і гаворка правільная. І мне каторы час ужо кажуць: ператэлефануйце праз два тыдні. І быццам не адмаўляюць, але і на работу браць не хочуць.
– Мяне крыўдзіць гэта, – працягвае Вераніка. – Бывае, рукі апускаюцца. (Вераніка закочвае вочы, каб не заплакаць). Але як успомню, што некалькі разоў маё жыццё было на нітачцы, цаню кожнае імгненне.
А не так даўно Вераніка даведалася, што ў Мінску з’явілася аўташкола для інвалідаў.
– Вельмі хачу сама кіраваць, каб не залежаць ні ад каго. Без машыны ў Дубраве нельга. Аўтобус ходзіць двойчы на дзень. А зімой, бывае, не прыходзіць увогуле. Я па натуры авантурыстка. Вось на вяселлі сама папрасіла сваяка Сяргея скрасці мяне. Ён спытаўся: сама ў машыну сядзеш? Я села.
Сяргей заўважыў толькі тады, калі машына ад’язджала ад школы, дзе было вяселле. На хаду заскочыў у машыну і закрычаў: “Нікому не аддам!”
А на 9 Мая папрасілі сяброў Сяргея адвезці нас у Мінск на парад. За дзве гадзіны сабраліся, яны за намі заехалі.
– Аднаго Сяргея адпускаеце гуляць з сябрамі?
– Ён не просіцца. Мы з Сяргеем знайшлі адзін аднаго. Ён адзіночка, я таксама. У дзяцінстве былі яшчэ сяброўкі, а як сталі падлеткамі, пачалі на дыскатэкі ў Мінск ездзіць, нашто ім я? Таму вельмі шчаслівая, што ў мяне ёсць Сяргей. Ён мне і муж, і лепшы сябар.
У бліжэйшых планах маладой сям’і разам выбрацца на адпачынак.
– Вельмі хочацца ў Італію, але мне на самалёце лятаць нельга, – кажа Вераніка. – Сяргей запэўнівае, што можна знайсці спосабы туды з’ездзіць. Каб вы ведалі, як хочацца самастойнасці!
Але я разумею, што хадзіць не буду ніколі. Магчыма, каб раней хадзіла, а потым не змагла, гэта было б яшчэ больш балюча. А так я іншага жыцця не ведаю. Прывыкла.
Вераніка робіць паўзу і глыбока ўздыхае:
– Ды і нашто мне тая Італія! Я ведаю, што рай мне Сяргей створыць і ў Дубраве.
– Сяргей у літаральным сэнсе носіць на руках?
– Так. Але я многае аддала б за тое, каб не насіў…