Цяпер у зонах другой лігі каманды змагаюцца за тое, каб патрапіць у фінальны этап. Ведаем, што туды адправяцца па чатыры лепшыя з кожнай зоны.

Значная група камандаў знаходзіцца, што называецца, на мяжы.

Яны могуць стаць у зоне трэцімі-чацвертымі, а могуць і не выйсці на жаданыя пазіцыі, спыніцца на пятых-шостых радках. Такія каманды не могуць ставіць задачу па выхадзе ў першую лігу. Магчымасць патрапіць у фінальны этап для іх – гэта, перш за ўсё, магчымасць працягнуць актыўны сезон.

Адна справа – на працягу кастрычніка і лістапада згуляць восем сустрэч з моцнымі праціўнікамі, прадстаўнікамі іншай зоны ў фінальным этапе. Зусім іншая справа – на пачатку кастрычніка сумна правесці ўсяго дзве стыкавыя сустрэчы за “наццатыя” радкі і на гэтым завяршыць свой сезон.

Каманды, што займаюць у зоне першы-другі радкі, ставяць сабе задачы больш сур’ёзныя. Зараз яны практычна забяспечылі выхад у фінальны этап і ўжо занятыя іншымі праблемамі. Вельмі важнымі для іх становяцца так званыя “залатыя” ачкі, набраныя ў сустрэчах з суседзямі-лідарамі, з тымі праціўнікамі, якія таксама праб’юцца ў насычаную падзеямі познюю восень.

Хаця маладзечанцы лідзіруюць у сваёй паўночна-ўсходняй зоне, але не надта абагаціліся ачкамі, што могуць стаць “залатымі”. Наша каманда згуляла ўнічыю з мар’інагорцамі на выездзе і ўжо двойчы згуляла таксама ўнічыю з ашмянцамі. “Тарпе­да” з Магілёва мы саступілі дома і “Жлобіну” саступілі дома, праўда, на іх полі атрымалі перамогу.

Найлепшым жа варыянтам для нас стане прарыў “Асіповічаў”, над якімі ўзялі верх у абодвух матчах. Трэба будзе пахварэць за гэты калектыў у наступных турах.

Можна яшчэ і папоўніць сабе скарбонку ў дамашняй гульні з мар’інагорцамі і выязной гульні з магіляўчанамі.