Маладая мама Маргарыта Зотава любіць гуляць з чатырохмесячным Ванем у калясцы па пешаходнай вуліцы Прытыцкага.

Ціха, спакойна, няма машын. Адно, што хвалюе, – паводзіны асобных раварыстаў:

– Тут і ў парку носяцца жудасна, немагчыма прайсці. Навушнікі ў вушы ўторкнутыя, акуляры на нос – і не чуюць, і не бачаць нікога. А ты ідзі і думай, куды яму стукне павярнуць. Неяк мужчына год 35-ці на хуткасці паварочваў на ровары так, што збіў маладую мамачку – яна з каляскай пераходзіла да Беларусбанка. Таксама на роліках моладзь хутка рассякае.

Ды звычайнай, хоць і хуткай, яздой раварысты ўжо не абмяжоўваюцца:

–       Ехалі да вакзала два раварысты на горніках. Прычым, адзін з іх сядзеў на перакладзіне, трымаўся за руль другога. А той трымаўся за плечы сябра, – прыгадвае Маргарыта. – Калі б яны ў каго ўрэзаліся, то пераляцелі б праз сябе і гэтыя двое, і тыя, хто трапіўся ім на шляху. Тут ім добра ездзіць, няма машын. А пра людзей не думаюць. За парушэнне ім што? Штраф, можа, заплацяць, і далей так ездзіць будуць. А ты хадзі і торгайся ад кожнага шуму ззаду. Бо калі горнік сутыкнецца з чалавекам, сінякамі не абыдзецца …

Аж да пералому ключыцы

Чым можа закончыцца падобная манера язды, Маргарыта адчула на прыкладзе сваёй сям’і.

Увечары 11 жніўня ля ўвахода ў парк сутыкнуліся два раварысты: юнак і яе бацька. У выніку бацька зламаў ключыцу і ўдарыў галаву. Цяпер лячэнне і рэабілітацыя зойме доўгі час.

–  Юнак пакінуў свой нумар тэлефона. Неўзабаве патэлефанаваў, папрасіў прабачэння. Бацька яму дараваў. Бо ад таго, што хлопец будзе пакараны, у таты ключыца хутчэй не зажыве, – кажа Маргарыта. – Спадзяёмся, што хлопцу будзе ўрок на будучыню, што трэба быць абачлівым, не насіцца на хуткасці на ровары. А вось іншыя ці хутка зразумеюць гэта?

Перш за ўсё – падвучыце правілы

Удзельнік маладзечанскага веларуху Аляксандр Кісель і сам хутка ездзіць на ровары:

– Але вялікі стаж кіравання аўто дапамагае прадугледзець небяспечныя моманты. Бачу маму з дзіцем, які ў любы момант можа пабегчы мне пад колы, або еду каля прыпынкаў, з-за якіх можа нечакана хтосьці выйсці. У такіх сітуацыях выбіраю хуткасць, пры якой змагу спыніцца імгненна. Пажылых людзей і дзяцей, якія могуць напалохацца, аб’язджаю падалей. Непрадбачліва носяцца толькі падлеткі. Я часта езджу з людзьмі свайго ўзросту, ніхто не рызыкуе і калі нясуцца, то прадбачліва.

Велааматар Аляксандр Блазняк ведае, чаму некаторыя раварысты носяцца па пешаходных дарожках і вуліцы:

– Ровар – не толькі транспарт, гэта яшчэ і сродак для адпачынку, а для многіх – актыўнага адпачынку. А дзе насіцца, калі ў горадзе для гэтага няма ні выдзеленых пляцовак, ні веладарожак  – ніякай інфраструктуры, – лічыць ён. – З кожным годам ровараў усё больш на вуліцах, таму і здарэнні з іх удзелам усё часцей. Трэба прывучаць са школы да правілаў дарожнага руху, праводзіць з удзелам ДАІ конкурсы на веданне гэтых правілаў: як для раварыстаў, так і для іншых таксама.  

Парады раварыстам ад Аляксандра такія:

–  Перш за ўсё –  падвучыце правілы. А як сябе весці, павінны вучыць бацькі, інакш давядзецца вучыцца на ўласных памылках.

Якая адказнасць

–       Ездзіць на роварах па пешаходных дарожках не забаронена, і хуткасць жа іх не памераеш. Адзінае: раварыст павінны ехаць так, каб не перашкаджаць руху пешаходаў і не здзейсніць на іх наезд, – тлумачыць дзяржаўтаінспектар Маладзечанскага ДАІ Сяргей Бартош. – Іншая справа, што калі раварыст здзяйсняе наезд на пешахода або іншага раварыста. Можна прыцягнуць яго да адказнасці па артыкуле 18.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Усё гэта вырашаецца ў залежнасці ад сітуацыі. 

А ў прэсе паведамлялі пра выпадкі ў Беларусі, што ў адносінах да раварыстаў нават узбуджалі крымінальныя справы за прычыненне пешаходам цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці.

Правілы хуткай і адносна бяспечнай язды побач з пешаходамі ад Аляксандра Кісяля:

1. Ні ў якім разе нельга хутка ехаць, калі:

а) ёсць дзеці, якія гуляюць на адлегласці менш за дзесяць метраў ад вашай меркаванай траекторыі руху. Альбо зніжаем хуткасць, альбо мяняем сваю траекторыю падалей ад дзяцей. У першым выпадку, чым бліжэй дзеці, тым меншай павінна быць хуткасць і трэба быць гатовым да экстраннага тармажэння абодвума тармазамі.

б) калі вы едзеце блізка ад аўтобуснага прыпынку. З-за прыпынку ў любы момант можа выйсці чалавек. Чым далей можна праехаць ад прыпынку, тым вышэй можа быць хуткасць.

в) бліжэй за пяць метраў да вашай траекторыі руху ідзе п’яны чалавек ці некалькі. Траекторыя іх руху можа быць хаатычнай і непрадказальнай.

г) бліжэй за тры метры ад вашай траекторыі руху ідзе пажылы чалавек. Сардэчны прыступ ад хуткага праезду вельмі блізка можа быць на вашым сумленні.

в) ідзе група людзей і месца для іх аб’езду менш за тры метры. Майце на ўвазе, што людзі ў групе могуць рэзка змяняць сваю траекторыю руху, і чалавек можа апынуцца на вашым шляху якраз тады, калі вы захочаце гэтую групу аб’ехаць.

2. Чым бліжэй праязджаем міма пешахода, тым ніжэй павінна быць наша хуткасць, каб не спалохаць чалавека і не закрануць рулём, калі ён раптам вырашыць абысці ямку ці люк. Хутка можна ехаць, толькі калі пешаходы ідуць на другім канцы тратуара.

3. Пры яздзе па парку, плошчы і ў месцах, дзе людзі ходзяць хаатычна, трэба ўлічваць траекторыю руху тых, хто меркавана перасякае вашу траекторыю. Пры гэтым адлегласць да іх павінна быць не менш за пяць метраў у момант праезду каля іх. Наогул, падобная сітуацыя максімальна небяспечная з прычыны хаатычнага руху пешаходаў, якія могуць рэзка пайсці і нават пабегчы куды заўгодна. Таму: чым больш людзей, тым ніжэй павінна быць хуткасць.