Ад першых хвілін госці аддалі ініцыятыву “Іслачы”, самі сталі гуляць другім нумарам. Футбалісты з Мінскага раёна на 15-й хвіліне здолелі адкрыць лік у матчы, але не без дапамогі нашых футбалістаў. Халадзінскі атрымаў мяч на лініі штрафной нямоцна прабіў у бок варот, але абаронца перашкодзіў нашаму галкіперу адбіць гэты ўдар, і мяч па-здрадніцку закаціўся у пустыя вароты.

Пасля прапушчанага гола малюнак гульні не змяніўся. Гаспадары валодалі мячом, перыядычна стваралі моманты каля варот “чырвона-чорных”. На шчасце для нашых футбалістаў рэалізаваць гэтыя моманты футбалісты “Іслачы” так і не змаглі.

Але і наша каманда не бяздзейнічала. Яўген Калінін, Аляксандр Ануфрыеў і Ігар Крывабок у першым тайме, Сяргей Крот і Аляксандр Дзегцяроў, якія выйшлі на замену, раз за разам не давалі сумаваць галкіперу “Іслачы”.

На 64-хвіліне пасля навеса з фланга Аляксандра Дзегцярова, Яўген Калінін шыкоўным ударам злёту забіў мяч у сетку гаспадароў. Аднавіў тым самым раўнавагу ў ліку 1:1.

У апошнія 25 хвілін і гаспадары і госці мелі па адным стоадсоткавым моманце, але пасля ўдару нападніка “Іслачы” мяч трапіў ў перакладзіну і адскочыў у поле. А Сяргей Крот выйшаў адзін на адзін з Сяргеем Туранком. Але ўмудрыўся трапіць у апошняга, а не ў вароты.

Нічыйны вынік з лідэрам – і, на жаль, смаргонцы апусціліся на шосты радок.

У бліжэйшую нядзелю 30 жніўня каманда ФК “Смаргонь” правядзе чарговы матч чэмпіянату, у якім дома прыме “Бярозу-2010”. Пачатак сустрэчы – у 17 гадзін.

 Відэагляд матчу з сайта fc-smorgon.by