26 жніўня, у дзень нараджэння паэткі Таццяны Сапач, на яе радзіме, у вёсцы Маркава, прайшлі паэтычныя чытанні.

У іх узялі ўдзел Сяргей Дубавец, муж паэткі, Уладзімір Арлоў, Віктар Шніп, Міхась Казлоўскі, Зміцер Бартосік, Вальжына Цярэшчанка, Барыс Пятровіч, Кася Камоцкая, Усевалад Сцебурака і многія іншыя.

Сёлета паэтычныя чытанні прайшлі не ў школе, як мінулыя гады, а на ганку роднай хаты, якую цяпер даглядае брат Таццяны з жонкай.

Віктар Шніп расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што з Таццянай сябраваў амаль 30 год, але калі даведаўся, што яны землякі (Віктар Шніп нарадзіўся ў вёсцы Пугачы, што на Валожыншчыне), быў нечакана здзіўлены.

– Я чамусьці думаў, што яна нарадзілася ў Вільні.

Раніцай паэты і пісьменнікі прыехалі ў Маркава, на могілках, дзе пахаваная Таццяна, усклалі кветкі.

Вальжыня Цярэшчанка і Сяргей Дубавец ля помніка Таццяны Сапач

Вальжыня Цярэшчанка і Сяргей Дубавец ля помніка Таццяны Сапач

– Потым паехалі ў вёску, дзе на ганку нас ужо чакалі школьнікі, настаўнікі, людзі, якія ведалі Таццяну, – працягвае Віктар Шніп.

Такія імпрэзы, кажа Віктар, заўсёды праходзяць цёпла і душэўна.

– А калі мы ад’язджалі з Маркава, у небе кружылі сотні буслоў. Я ведаю, што у канцы жніўня яны адлятаюць у вырай, але менавіта ўчора мне падалося гэта вельмі сімвалічным.

Верш, які Віктар Шніп прысвяціў памяці паэткі.

БАЛАДА ТАЦЯНЫ САПАЧ
(26.08.1962—28.12.2010)

Па віленскіх вулках няспешна ідзеш
І час тут няспешна ідзе, як ішоў,
І ў небе глыбокім, нібыта ў вадзе,
Аблокі, як гурбы вандроўных снягоў,
Плывуць над табою, навек маладой,
Хаваючы сонца, што плача святлом
На кроплі крыві, што не стануць травой,
Бо зоркамі стануць, і будзе кругом
Журботна і светла ад велічы іх,
Бы ў Храме ад свечак, што ў памяць тваю
Пастаўлены ўчора на век і на міг, 
І я сёння ў Храме, як свечка стаю, 
Каб ты не спыняла па Вільні хаду
І ў вершах жыла, у якіх мы жывём
І разам з табою п’ём неба ваду,
Сябе саграваем тутэйшым агнём,
Што ў нашых садах незабыўна гарыць
І будзе гарэць каля нашых крыжоў,
І будзе з вятрамі пра нас гаварыць,
Калі ўсе мы прыйдзем няспешна дамоў,
Куды ты прыйшла не адна без пары,
І не дарабіла, што ўмела рабіць,
І не далюбіла, умеўшы любіць,
Сяброў і Радзіму, і Вільні муры…

 Таццяна Сапач нарадзілася 26 жніўня 1962 года ў  вёсцы Маркава Маладзечанскага раёна. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1987 годзе заснавала культуралагічную праграму “Альбаросіка” на Беларускім радыё. У 2000–2001 гадах супрацоўнічала з радыёстанцыяй “Балтыйскія хвалі”. Адна з аўтараў перадачы “Палітычная геаграфія” беларускай службы “Радыё Свабода”.

Ад 1991 года рэдактар і аўтар праграмы “Віленскі сшытак” на Літоўскім нацыянальным тэлебачанні. Аўтар літаратурных перакладаў з літоўскай і польскай моў.

У 1992 годзе ў Таццяны Сапач выйшаў зборнік паэзіі “Восень”, у 2008-м — “Няхай не пакіне нас восень”. 

Трагічна загінула ў аўтакастрофе 27 снежня 2010 года.

Пахаваная на радзіме ў Маркаве.

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў

Зміцер Бартосік

Зміцер Бартосік