Як толькі ў дзяцінстве яе не называлі: сарві галава, вар’ятка, пацанка. Гэтая дзяўчына магла і па ілбе трэснуць, і ў нос даць пры патрэбе. Цяпер яна не такая гарэза, як раней. Вучыць дзяцей ва ўласнай студыі спяваць і выступаць на сцэне.

– Хаця б папераступай з нагі на нагу, а то дрыгаеш адной, быццам у цябе нервовы цік, – Алеся Кульша паказвае вучаніцы, як лепш рухацца на сцэне. – Будуць аб’яўляць: “А цяпер выступіць Надзея Дрыг-дрыг!” Ну што ты як камень? Усё ж выдатна: прыгожая, спяваеш добра. Заданне дадому: адпрацаваць перад люстэркам рухі.

Вучаніца ад такіх моцных метафар згінаецца ад смеху ледзь не напалову.

– Не ўсе разумеюць мой гумар. Часам досыць чорны. Некаторыя крыўдзяцца, тады прашу прабачэння, – тлумачыць Алеся.

Алеся Кульша спявае шасцю рознымі галасамі

Частка 1. Дзе Алеся расказвае, як памірала ў градах, як прыкінулася тхаром і як наелася суседскіх вішань

У дзяцінстве Алеся разам з малодшай сястрой Таняй часта праводзілі лета ў вёсцы Домантавічы на Капыльшчыне. Гасцілі ў бабулі і дзядулі.

– Ненавідзела палоць грады. То лягу і паміраю: “У мяне сонечны ўдар, ратуйце!” То ў мяне жывот забаліць, адпрашуся вады папіць, і да вечара мяне няма. Бабуля тады шукае: “Дзе дзелася гэная памочніца?” А я сплю сабе. Памятаю, бабуля штосьці не дазволіла зрабіць, і я “пайшла тапіцца” на рэчку. А сама – на вышкі з кацянятамі. Уся вёска мяне шукае, бабуля п’е валідол з валяр’янкай. А я закапася ў сена і сплю. Пад канец дня выпаўзла – есці захацела. Атрымала тады…, – крывіцца спявачка, мабыць, убачыўшы як зараз той наганяй.

Такіх гісторый у Алесі хоць адбаўляй. З фантазіяй і вынаходніцтвам у яе ніколі не было праблем.

– У дзяцінстве вельмі любіла піць сырыя яйкі. Яны ў той час былі ў дэфіцыце. Бабуля хоць і мела сваіх курэй, выдавала мне па адным у дзень, – распавядае Алеся. – У мяне думкі: “Блін, сквапная”. Вырашыла браць іх з-пад курыцы. Іголкай рабіла дзірачку і піла праз саломінку. Потым пустыя яйкі клала назад. Бабуля неяк увечары пайшла збіраць, вяртаецца і кажа дзеду: “Іванка, завёўся тхор, паеў яйкі”. “Валя, не можа быць”. “Палянь, пустыя”. Потым “тхор” залез туды, куды адназначна не мог: у каструлю, дзе хавалі яйкі. Тады дзядуля прасачыў за мной і, аднойчы ўбачыўшы ў куратніку, паклікаў бабулю: “Ідзі, Валя, палянь, які там тхор”. А я сяджу, смакчу сабе. Куры ўжо прывыклі, як сваю прымалі.

Галіна Іванаўна абдымае дачок: Таню (злева) і Алесю.

Галіна Іванаўна абдымае дачок: Таню (злева) і Алесю.

Часлаў Станіслававіч трымае дзвюх дачок: Алесю (злева) і Таню.

Часлаў Станіслававіч трымае дзвюх дачок: Алесю (злева) і Таню.

У такога кшталту фокусах нярэдка бралі ўдзел і іншыя дзеці. Побач з Алесяй і Таняй у вёсцы жылі Лена і Оля. Розніца ва ўзросце ў іх была тая ж самая: чатыры гады. Пакуль дзядуля з бабуляй былі на працы, дзяўчаты прыдумалі вось што.

– У бабулі каля хлява, дзе свіней гадавалі, расла шыкоўная  суседская вішня. Доўгія месяцы я хадзіла вакол, чакала, калі ягады саспеюць. Аднойчы, калі нікога не было дома, мы палезлі на гэты дах. Малых, Олю і Таню, адправілі дзяжурыць на выпадак, калі бабуля раптам вернецца. Яны нам знізу: “Дайце і нам”. А мы: “Чакайце, зараз наядзімся, тады вам спусцім”. Раптам прыспічыла ў прыбіральню. Тут жа на даху ўсе справы парабіла. Ленцы захацелася. Кажу ёй: “Навошта спускацца і потым назад паднімацца, давай тут”. Ленка ўжо запраўлялася, калі паслізнулася і паляцела наўпрост на свінню. Ухапілася за яе. Тая па коле носіцца. Ленка з ёй у абдымку, пакуль свіння не скінула яе ў яму, куды ўвесь гной зграбалі. Там глыбіня – метра паўтара. Тады я атрымала наганяй за ўсіх. У мяне было два тыдні дамашняга арышту, а Ленку два тыдні адмывалі ад паху. Пасля таго нам больш ні вішань не хацелася, нічога. І вось цікава, што і свае ж былі, але не. Трэба быў адрэналін, гульня.

Частка 2. Як шантажавала сястру і як насунула дзёрзкім дзяўчатам сметніцу на галаву

Так ужо склалася, што Тані часта даставалася за няўседлівую сястру. Цяпер Алеся шкадуе, што так абыходзілася. А тады…

– Бывала, тата адпраўляў Таню паклікаць мяне дамоў. А як жа я пайду, калі ўсе гуляюць? Казала: “Так, малая, скажы тату, што ты мяне не знайшла”. “Алеся, атрымаю ад таты”. “Ну ты выбірай ад каго: ці ад таты, ці ад мяне”. Малая думала: “Якая мне розніца ад каго?” Прыходзіла дамоў і казала: “Тата, я яе не знайшла”. Хаця атрымаць павінна была я. Але калі прыходзіла, казала, што Таня мяне знайшла. І яна атрымлівала за тое, што схлусіла.

У школе Алеся магла пастаяць як за сябе, так і за іншых.

– Бандыцкі час, 90-я гады. У клас заходзілі “крутыя” дзяўчаты. Хто грошы збіраў, хто што. Спачатку паспрабавалі мяне крануць, але адна сышла са сметніцай на галаве, а другая – са скрыняй. Больш мяне не чапалі. Казалі: “Яна вар’ятка, яшчэ заб’е”. Заўсёды стаяла за сябе і за тых, хто не мог за сябе пастаяць.

Часам біцца даводзілася не толькі з дзяўчатамі, але і з хлопцамі.

– Любіла ставіць на месца “крутых” пацаноў. Чаму яны лічаць сябе вышэй за кагосьці? Мы ўсе на адным узроўні. Перад богам бомж і начальнік роўныя. Людзі самі сабе статусы прыдумляюць. Няма і не можа іх быць. Кожны чалавек павінен ісці з дабром. Для мяне чым прасцей, тым лепей.

Частка 3. Як замест баяна наярвала кругі вакол школы і як маці не карміла, калі дачка не стала працаваць на будоўлі

На баян Алесю ўзялі яшчэ ў чацвёртым класе. Для заняткаў бацька набыў дачцэ інструмент.

– Але хадзіла я не больш за два месяцы. Пасля ў час гэтых заняткаў наярвала кругі вакол школы. Напружвала сальфеджыа. Потым здарыўся бацькоўскі сход. Прыйшоў тата, а яму кажуць: “У вас настолькі таленавітае дзіця! Шкада, хварэе вельмі”. Тата: “Як хварэе? Кожны дзень ходзіць у школу! Я плачу, а яна “хварэе”!”. Ён тады ў мяне запытаўся, ці хачу я хадзіць. Ад баяна адмовілася.

Як кажа Алеся, яна нарадзілася ў цяжкі час. Бацькам было больш важна пракарміць дзіця, чым адшукаць ягоныя таленты.

– Я ніколі не думала, што неяк па-асабліваму спяваю. Калі мне было гадоў 16, мы з дзвюма сяброўкамі Ірамі на прыпынку пад гітару спявалі. Людзі не праходзілі міма, спыняліся, слухалі. Падыходзілі да мяне, казалі: “Вы так цудоўна спяваеце, у вас такі голас!”. Я здзіўлялася: “Што, сур’ёзна?”. Спявалі Уітні Х’юстан, Агату Крысці, “Ліцэй”, “Чиж и Ко”, “Чайф”. Напрыклад: “Бутылка кефира, пол батона”.

Пасля дзевяці класаў школы Алеся паступіла ў тагачасную Маладзечанскую прафесійна-тэхнічную вучэльню №21 на тынкоўшчыцу.

– Мама сказала: “Ідзі!” Алеся сказала: “Так!” Ніхто не ўяўляў, што я магу спяваць. Вечная сарвігалава. Казалі: “Ты як хлопча”. Так што калі я заспявала, усе былі ў шоку.

У час вучобы спявачка трапіла ў хор да Іосіфа Сушко, дзе напачатку яе здольнасці асабліва ніхто не заўважыў. Але праз нейкі час яна стала салісткай.

Наступным крокам у кар’еры было праслухоўванне на вакальным  конкурсе паміж ПТВ. Алеся была ўжо на трэцім курсе.

З Дзімам Абідам падчас навучання ў Маладзечанскай прафесійна-тэхнічнай вучэльні №21.

З Дзімам Абідам падчас навучання ў Маладзечанскай прафесійна-тэхнічнай вучэльні №21.

– Так атрымалася, што ў гэты час каля актавай залы праходзілі Тамара Дудзіч і Гена Пшэнік. Я якраз з Эдзікам Абрамовічам займалася, маім першым выкладчыкам вакалу. Пачулі, пытаюцца: “Што там за музыка?”. “Дзяўчына адна спявае”. “Дзяўчына?!” Яны думалі, што магнітафон уключаны. Заходзяць, слухаюць і вырашаюць, што трэба мяне на конкурсы адпраўляць. Эдзік мяне рыхтаваў. Першую мінусоўку мне запісалі Лёнька Пілецкі і Сярожа Янушкевіч.

Пасля заканчэння вучэльні спявачку размеркавалі на будоўлю.

– Я і месяца не пратрымалася, сышла. Пайшла дыскі прадаваць. Калі  загадчык аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Рамановіч дазнаўся, схапіўся за галаву: “Якая будоўля, Алеся? Што за прыдумкі? Паступаць!” Так што спачатку мяне перавялі ў Радашкавіцкі клуб працаваць, а потым я паехала паступаць. Маці, як дазналася, што я звольнілася з будоўлі і збіраюся паступаць, доўгі час не карміла. У мяне дома аб’явілі байкот. Але я не парылася, усё роўна ела, пакуль бацькі на працы былі.

Частка 4. Як выкладчыкі пакідалі цыгарэты і прыбеглі слухаць Алесю

Паступаць спявачка вырашыла ў Гродна. На праслухоўванне разам з ёй прыйшло 60 чалавек, так што Алеся, яшчэ без досведу, забілася ў кут і вырашыла ў першых шэрагах не ісці. Так і даседзела да 59 чалавека.

– У галаве: куды я прыехала? Навошта? Усе так добра спяваюць, каму я тут патрэбная? Выходзяць выкладчыкі. Зоя Іванаўна кажа: “Саня! Пойдзем папалім”. Галава, мабыць, распухла: столькі людзей праслухаць! Са спадзяваннем пытаецца: “Там ужо нікога няма?”. “Не, яшчэ адна дзяўчынка”. Яна да мяне: “Ідзі стаў касету, спявай”. Я пачала спяваць, яны пакідалі свае цыгарэты, забягаюць. Сашка да магнітафона кінуўся. Зоя Іванаўна вочы расплюшчыла: “О! Саш, ты чуеш?” А я думаю ўсё, капец. Даспявала, пытаюся: “Што, не так штосьці?”. Яна: “Ідзі сюды. Што ты заўтра робіш?” Я кажу: “З раніцы ў мяне курсы…”. “А ўвечары?”. “Нічога”. “Так, заўтра вечарам на канцэрт з намі едзеш”.

І да мяне дайшло, што з 60 чалавек мяне адну на канцэрт узялі.

Якраз пасля гэтага канцэрта ў артысткі пачаўся час знаёмства з самымі рознымі талентамі.

– Я тады пазнаёмілася з Сашам Звяровічам зямля яму пухам. Неверагодны вакаліст! Светачкай Сколыш, цяпер кіруе студыяй. Ачумелая вакалістка. Светкай Калошай, якая цяпер Святлана Стракалава, вакалістка. Яна выкладае ў каледжы мастацтваў у Гродне. Сашкам Яфімікам (Немо), Сярожам Квашніным. Яны мяне неяк прынялі ў сваю “сям’ю”.

У гэты ж час пачаўся шэраг конкурсаў. З “Зорнай ростанню” ў спявачкі звязаная асобная гісторыя. На конкурс Алеся прыехала ў Мінск.

– Здымкі былі першага красавіка. Спявала “Па-над белым пухам вішні”. І штосьці мне клін увайшоў, словы забывала. Праспявала раз, мне: “Давай спявай па-новай”. А я не магу, забываюся. Давай выдумляць свае словы. А-ля “тэкст Максіма Багдановіча і Алесі Кульшы”. Карацей, насачыняла. Гляджу, не спыняе ніхто. Думаю: значыць, пойдзе. А так хацелася трапіць дамоў да мамы на боршч яе смачны! Якраз на апошнюю электрычку да Маладзечна паспявала. Сумкі сабрала, шапку начапіла, шубу апранула. І тут Сашка Яфімік залятае: “Кульшуння! Куды ты сабралася? Там цябе ўсе шукаюць. Ідзі пераспявай, што ты там насачыняла на здымках?” А я яму: “Яфім, адвалі. Я знаю, што ты зноў жартуеш, не пайду. Я ўжо сабралася на электрычку. Нармальна і так”. Тут залятае Зоя Іванаўна: “Так, Кульша, я не зразумела! Цябе ўсе шукаюць!” Кажу: “Ё-маё, Яфімік, даруй! Я думала, што першае красавіка”. Мы ж увесь час “хі-хі, ха-ха”. Паскідала рэчы, спела. Крыху пераблытала словы, але ва ўсялякім разе не свае, а Багдановіча. Але выгляд мой на запісе… Прычоска, не папраўленая пасля сцягвання шапкі, жахлівая. У галаве ж толькі адно пульсавала: “З’едзе апошняя электрычка, і ты паедзеш назад у Гродна”. Калі потым праглядалі запіс, мне казалі: “Ты ці то на Лаліту падобная, ці то на Сцепаненку, жонку Петрасяна”.

Адпачынак у парку ў Германіі.

Адпачынак у парку ў Германіі.

Вечарынка падчас навучання ў Гродзенскім каледжы. Алеся зверху справа.

Вечарынка падчас навучання ў Гродзенскім каледжы. Алеся зверху справа.

Частка 5. Пераломны перыяд, калі Алеся разумее, дзе белае, а дзе чорнае

Алеся гаворыць пра Гродна, а на вачах у яе – слёзы.

– Гэта таму, што было класна. Усіх людзей памятаю з таго часу ў маім жыцці. Аднакласнікаў – не ўсіх. З вучылішча – таксама не ўсіх. А перыяд Гродна… Да яго было адно жыццё, калі я паводзіла сябе няправільна. Пасля – іншая прыступка. Пачалося самаразвіццё. Калі разумееш, што мацюкацца, лаяцца не трэба, так не павінна быць у жыцці. Нагрубіяніць, таму што проста не падабаецца чалавек… Да гэтага я магла так зрабіць. Паводзіла сябе як іншыя – стадны інстынкт.

– Гродна шмат чаму навучыла, – працягвае артыстка. – Што кожны чалавек – гэта свой свет. Кожны па-свойму цікавы. Кожны апранаецца так, як ён хоча альбо як можа. І што па вопратцы судзіць нельга. Можна быць багатым, але багацейшы той, хто напоўнены духоўна. З разумным чалавекам хочацца гутарыць. А што з таго, што хтосьці кідаецца грашыма? Забяры ў яго грошы, што тады? Без іх ён нецікавы, ніхто.

– Алеся, якую б адну памылку выправіла ў жыцці?

– Я б вярнулася ў той час, калі паступала ў Гродна. З таго моманту ўсё пайшло б па-іншаму. Гэта быў класны час, і мая вялікая памылка ў тым, што з’ехала адтуль. Мяне запрасілі на заробкі ў Германію. Кроў маладая, іграе, бурліць, таму пагадзілася. Для гэтага і вярнулася ў Маладзечна, але далей так і не склалася. На грошы збіралася ехаць, на славу. А ў выніку што? Я не скажу, што нешчаслівая, наадварот – вельмі шчаслівая. Проста магло быць інакш. Ну і, вядома, дзеці мае. Я не бачу сэнсу ў жыцці без іх. Яны цяпер на лецішчы адпачываюць – сумую жудасна. Не ўяўляю жыццё без Яны і Міраслава. Гэта самае лепшае, што ёсць у мяне.

Частка 6. Пра сына і дачку, якая не проста “сарвігалава”, а разумная “сарвігалава”

Старэйшай Яне цяпер сем гадоў, Міраславу – чатыры.

– Малая на скрыпку пойдзе. Вучыцца ў гімназіі-каледжы мастацтваў. Сама вырашыла. Сказала: “Які прыгожы інструмент! Як добра іграе!” Падобна, буду дома вар’яцець.

Але спявачкай яна быць не хоча. Пакуль што прагне стаць мадэльерам-дызайнерам.

– Яна вельмі разумная дзяўчынка, мэтанакіраваная і ўпартая. Не такая, як я. Яна хітрэйшая за мяне. Таксама сарві галава, але разумная. Робіць учынкі вельмі прадумана. Але ж я пралічваю ўсё на некалькі крокаў наперад. Я, калі малая была, думала, адкуль дарослыя могуць ведаць? Цяпер  разумею: самі былі такія самыя. Вось і дачка пытаецца: “Мама, адкуль ты ведаеш?” “Ведаю”. То яна цяпер кажа: “Мама ў мяне варажбітка: усё ведае, усё бачыць, варожыць”. Я ківаю галавой: “Варажу, усё бачу”. Ну а малы ў мяне спявае. Я рэпецірую што-небудзь дома, ён за мной паўтарае.

Алеся Кульша. Фота Настассі Роўды.

Алеся Кульша. Фота Настассі Роўды.

Дадатак. Рознае

Пра алкаголь

– Ніяк не ўспрымаю тых, хто зацята п’е. П’юць не таму, што прымушаюць, а таму, што слабакі. Алкаголь – непатрэбнае ў жыцці. Можна выпіць крыху каньячку, піва ў добрай кампаніі – “для весялухі”.

Пра зорнасць

– Хто прыдумаў гэтыя “зоркі”? Зоркі на небе. А мы людзі. Проста ў кожнага свая прафесія. Бывае, робіш чалавеку шмат добрага, а ён не бачыць. Калі адмаўляеш наўпрост, кажа: “Кульша памянялася, зорка ў ілбе”. Я не бачу сэнсу кантактаваць з такімі. Навошта? А так люблю ўсіх людзей.

Пра адпачынак

– Люблю вёску. З задавальненнем там бы і жыла. Раней для мяне гэта было далёкае, незразумелае. Цяпер наадварот цягне. Прачынаешся ў вёсцы, а там такое паветра! Лісцікі, траўка. Нават калі дождж. Ідзеш і атрымліваеш асалоду ад таго, што так цудоўна.

Пра жыццё

– Бог даў нам жыццё, і мы жывём. Не важна, якое яно. Мы абавязаныя яго прайсці, як бы складана не было. Не бывае бязвыхадных сітуацый, калі ты не пад вечкам труны.

Пра кнігі

– Мне хацелася б шмат чытаць, але цяпер не атрымліваецца. У дзяцінстве любіла бібліятэку ў вёсцы. Прыходзіла, каб падыхаць кнігамі і набраць кіпу казак. Чытала, як ела. І цяпер так чытаю. Толькі амаль не ем – няма калі.

Пра маляванне

– Малюю. Раблю рамонт у кватэры. На днях першы раз шпаклявала, грунтоўку наносіла. Збіраюся эскіз намаляваць на сценах. На лецішчы з сястрой дом размалявалі. Калі б хадзіла ў мастацкую школу, можа і ў мяне штосьці атрымалася б.

Пра гатаванне

– Гатаваць люблю, асабліва мяса і булкі. Толькі не цеста мяшаць – доўга.

Даведка “РГ”. Алеся Кульша. Нарадзілася ў Маладзечне 25 студзеня 1980 года. Вучылася ў СШ №11. Пазней – у Гродзенскім каледжы мастацтваў імя Алаізы Пашкевіч. Працавала ў Гродне салісткай джазавага аркестра.

Маці Галіна Іванаўна, бацька Часлаў Станіслававіч працавалі ў будоўлі.

Дыпломы. Лаўрэат конкурсу “Белазаўскі акорд”, заваявала Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна-2007”, Гран-пры рэгіянальнага фестывалю-конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля” і іншыя.

Хто ён, дзядуля на роліках: шчымлівая гісторыя самага пазітыўнага чалавека ў Маладзечне (Фота)