Сапраўднымі заканадаўцамі мод у паштовай справе лічацца англічане. Менавіта ў Англіі з’явіліся першыя канверт і марка.

 Раней лісты пісаліся на паперы рознага фармату. І вось стала вельмі модна выкарыстоўваць для перапіскі паперу фармату візітнай карткі. Але “візіткі” былі не зусім зручныя, таму што “ліст” патрэбна было яшчэ і складаць у выглядзе пакеціка, на чыстай старонцы якога пісаўся адрасат.

 Як “пакеты містэра Брэвера” сталі канвертамі

 У 1820 годзе ўладальнік крамы, дзе прадавалася папера, у англійскім горадзе Брайтане містэр Брэвер прыдумаў спецыяльныя пакеты. Спачатку ён зрабіў невялікую партыю такіх пакетаў і раздаваў іх у выглядзе бясплатнага дадатку пры набыцці паперы. Навінка прыйшлася даспадобы, і ўсе хацелі адпраўляць свае лісты ў “пакетах містэра Брэвера”. Містэр Брэвер даручыў вырабляць паштовыя пакеты дванаццаці спецыяльным прадпрыемствам. Ён нават вынайшаў машыну для вырабу канвертаў. А крыху пазней “пакеты містэра Брэвера” сталі называцца “канвертамі” ад англійскага слова “to cover” – закрываць. Праз некаторы час ідэя першапачаткова праклейваць канверт прыйшла да француза Пуар’е.

 У канцы 19 стагоддзя англічане ўвялі ў моду рознакаляровую паштовую паперу, афарбоўка якой павінна адпавядаць дню тыдня.

 Прыкладна ў той жа час ў Парыжы становіцца распаўсюджаным каляровая папера з маленькай манаграмай. Надзвычай модным лічыцца запячатваць лісты белым сургучом. У кошт канверта ўключаўся і кошт паштовай дастаўкі. Так з’яўляюцца канверты са штэмпелямі.

 На тэрыторыі Расіі першыя канверты са штэмпелямі з’явіліся ў 1845 годзе. У 1848 годзе ў Маскве і Санкт-Пецярбургу з’яўляюцца паштовыя скрыні. Цяпер для таго каб адправіць ліст, не трэба ісці на паштамт або звяртацца да лавачніка.

 На змену штэмпеля – знака паштовай аплаты прыходзяць маляўнічыя паштовыя мініяцюры – маркі. У 1840 годзе парламент Англіі прыняў прапанову Роулена Хіла аб увядзенні ў паштовую практыку спецыяльных марак.

 “Філатэлія” замест “маркаманіі”

 Практычна адначасова з з’яўленнем паштовых марак з’явіліся людзі, якія сталі іх калекцыянаваць. Першапачаткова схільнасць да калекцыянавання паштовых марак называлі “тэмбрафіліяй”, або “тэмбралогіяй”, а крыху пазней – “маркаманіяй”. У лістападзе 1864 года з’явіўся артыкул вядомага калекцыянера Жоржа Эрпена. Ён прапанаваў новы тэрмін – “філатэлія”. Пад гэтым словам Эрпен меў на ўвазе любоў да вывучэння ўсяго, што адносіцца да паштовых марак: марак, канвертаў, штэмпеляў, паштовых дакументаў.

 Усіх, хто цікавіцца філатэліяй, чакаем на нашай выставе. Праходзіць яна ў зале выстаў імя Сілівановіча.

Даведка “РГ”

Філатэлія – калекцыянаванне знакаў паштовай аплаты: марак, этыкетак, цэтлікаў, каляндарных і спецыяльнае гашэнне (штэмпеляў), штампаў і іншых, а таксама канвертаў і паштовак-картак з гэтымі знакамі – надрукаванымі або налепленымі.