Выстава праходзіць у краязнаўчым музеі.

Яна  – працяг шырокамаштабнага выставачнага праекта “Дзве вайны – памяць адна”. Першая частка прысвячаецца 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта ж – 100-годдзю вызвалення Вілейкі ў верасні 1915 года.

Галоўны акцэнт ў выставе зроблены на бой за Вілейку. Асобны блок прысвечаны генералу ад інфантэрыі Дзмітрыю Баланіну, які апісаў гэты бой.

– Ён не толькі палкаводзец, але і пісьменнік. Вельмі часта друкаваўся ў “Ваенным зборніку”. У  нумары 10 за 1916 год надрукавалі яго артыкул “Вілейка. Бой 10 верасня 1915 года”, – расказвае старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава.

У экспазіцыі ўдзялілі ўвагу не толькі салдатам і афіцэрам, якія вызвалялі Вілейку, а і ваявалі па ўсёй Вілейшчыне. Змешчаныя іх фотаздымкі, прыводзіцца апісанне подзвігаў воінаў, якія сталі георгіеўскімі кавалерамі.

Ёсць фотаздымкі землякоў-удзельнікаў Першай сусветнай. Напрыклад, маці віляйчаніна Барыса Манцэвіча. У вайну на Пастаўшчыне немцы падпалілі мост праз раку. Жанчына разам са святаром мост патушыла, за што яе ўзнагародзілі георгіеўскім медалём “За храбрасць”. На фотаздымку яна якраз з гэтым медалём.  

Прыцягваюць увагу арыгінальныя вырабы, што майстравалі салдаты ў вольную хвіліну. Гэта рамка для партрэта з гільзаў, кубачак, зроблены з гільзы з-пад снарада. Рускі салдат пакінуў на кубку аўтограф і надпісы “Въ дни Революціи”, “Земля и Воля”, “Въ память Войны 1914-15-16-17 гг”. 

Дзяцей больш за ўсё цікавяць манекены, апранутыя ў рэканструяваную  форму салдата і строй сястры міласэрнасці. А на адным з манекенаў –  башлык і гімнасцёрка, якія засталіся з той войны. Іх захоўвалі родныя Варфаламея Дубягі ў вёсцы Ляда Іжанскага сельсавета і перадалі ў музей.  

Да паходнай царквы

 

Фота забяспечана Андрэем Каркоткам

Фота забяспечана Андрэем Каркоткам

Напрыканцы экспазіцыі наведнікаў чакае рэканструкцыя паходнай царквы. За аснову ўзятая царква, якая была ў месцы базіравання рускіх часцей каля вёскі Мішуты. Наведнікаў сустракае вялікі банер з фотаздымкам 1916 года, рыза святара, абраз св.Георгія Перамаганосца, лампада.

– Заўсёды там, дзе салдаты, была паходная царква. Роля святара была вельмі важная, – кажа Вольга Коласава. – Як успамінаюць, выстройваліся цэлыя чэргі святароў, каб трапіць на фронт. Туды бралі не ўсіх, а самых дужых і каб ведалі медыцыну. Каб маглі не толькі адпяваць, але калі што, аказаць першую медыцынскую дапамогу.

Расказваецца пра протаіерэя Паўла Сасноўскага. Ён служыў у Нароцкай царкве больш за 40 год. І ў летапісе Свята-Ільінскай царквы ў Нарочы падрабязна апісаў падзеі Першай сусветнай вайны.

 Калі тэма Вялікай Айчыннай вайны больш вядомая і вывучаная, то Першая сусветная доўгі час была забытая. Прадстаўленыя на выставе фотаздымкі і дакументы, звесткі, што расказваем на экскурсіях – для многіх гэта ўсё новае, – кажа Вольга Коласава. – Многіх гэта тэма ўзрушыла. Людзі пачалі задумвацца: “А мо прадзед быў удзельнікам Першай сусветнай?”. Шукаюць фатаграфіі у сямейных архівах, распытваюць.

У выніку ў музей перадаюць дакументы і здымкі. Праўнук ураджэнца Рускага Сяла даслаў з Гродна фатаграфію самалёта маркі “Лебедзь”. Базіраваўся авіяцыйны атрад у раёне Рускага Сяла і Любані. Яго прадзед быў мабілізаваны і абслугоўваў самалёты. Таксама даслаў яшчэ фота аднаго прадзеда-ўдзельніка вайны. 

Экспазіцыя будзе папаўняцца. І калі хто яшчэ захоча падзяліцца цікавымі экспанатамі Першай сусветнай, у музеі будуць толькі ўдзячныя.

 

Фота забяспечана Андрэем Каркоткам

Фота забяспечана Андрэем Каркоткам