Пра тое, як рыхтуюцца да новага навучальнага года школьнікі, мы распыталі Вікторыю Янушкевіч з Гальшанаў.
Вікторыя вядомая нашым чытачам тым, што летась яна разам з Паўлам Сянкевічам выратавала мужчыну і жанчыну ад патаплення. Тады пара заснула на вадзяным матрацы, які далёка аднесла ад берага, а ён яшчэ пачаў спускаць паветра. Школьнікі выратавалі абаіх.
Сапраўды геройскі ўчынак не застаўся безуважным. Віка і Паша сталі аднымі з асноўных прэтэндэнтаў на званне “Асоба года” па версіі чытачоў “РГ”.
Павел сёлета не змог паступіць у Ваенную акадэмію: вельмі вялікі конкурс. Падаў дакументы ў політэхнічны каледж у Гродне, 28 жніўня засяляўся ў інтэрнат.
А Вікторыя цяпер таксама жыве звычайнымі школьнымі клопатамі. Дзяўчына збіраецца ў 9 “Б” Гальшанскай школы.
– Вельмі хачу ўбачыць аднакласнікаў, але вучыцца не вельмі хочацца, – шчыра прызнаецца Віка. – Адзенне і канцылярыю куплялі ў Ашмянах, большасць на рынку. Аддалі каля пяці мільёнаў рублёў. Яшчэ набылі планшэт, таксама за пяць мільёнаў.
Усё выбіралі доўга і складана, бо якасць адзення часта падводзіла. Летам добра адпачыла – якраз вярнулася з гісторыка-археалагічнага летніка “Кентаўры”. Больш нікуды не ездзіла, дапамагала маме.
Пра паступленне ўжо думаю. Хацела б стаць юрыстам ці перакладчыцай. Сёлета ў мяне адказны год, напрыканцы экзамены. Таму пастараюся паглыбіць веды, даведацца як мага больш. Мне вельмі падабаецца гісторыя Беларусі, гісторыя свайго краю.