У Аляксея Бельскага на дамашнім камп’ютары ўжо амаль месяц стаіць новая аперацыйная сістэма Windows. Малады чалавек, які дзеліцца сваім досведам карыстання, працуе старшым інжынерам-праграмістам у кампаніі EPAM Systems. Кампанія з’яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком паслуг у галіне распрацоўкі праектнага праграмнага забеспячэння і рашэнняў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Плюсы Windows 10
1. Дызайн і хуткасць

Людзі патрацілі шмат чалавекагадзін, каб зрабіць карыстанне сістэмай максімальна хуткім, а інтэрфейс ­– прывабным.

2. Бяспека

Як правіла, вірусы пішуцца пад “дзюры” ў сістэме. Спачатку латы накладваюцца нязначнымі абнаўленнямі аперацыйнай сістэмы. З іх фарміруецца пэўнае ядро. Новая аперацыйная сістэма – гэта, па сутнасці, маштабнае абнаўленне ядра, якое ўжо ўключае папярэднія латкі.

Выкарыстанне новай сістэмы засцерагае ад старых вірусаў. Тым больш, у Windows ёсць свой унутраны ўбудаваны антывірус “Абаронца”. 

3. Кнопка “Пуск”

Як толькі выйшла Windows 8 без кнопкі “Пуск” – людзі пачалі абурацца: “Навошта мне Windows без кнопкі “Пуск”?” Гэтая кнопка за ўсю гісторыю сістэмы існавала амаль заўсёды. Яна стала ўніверсальным пачатковым месцам для запуска праграм. Кампанія Microsoft гэта ўбачыла, зразумела, што дапусціла жахлівую памылку, і інтэгравала кнопку “Пуск” на месца. У Windows 10 яе вярнулі.

4. Магазін дадаткаў

Фактычна, ён быў ужо ў восьмай версіі сістэмы, але ў тэставым стане.

Ад Windows 8 прыйшоў новы тып праграм, гэтак званы “Metro style”. Metro – пліткавы інтэрфейс Windows 8, арыентаваны на сэнсарнае ўзаемадзеянне з карыстальнікам. У магазіне дадаткаў распаўсюджваліся праграмы толькі гэтага новага стылю, аднак якасных прапаноў, сапраўды карысных рэчаў там было няшмат. Усё адно даводзілася шукаць стандартныя праграмы. У 10-й версіі Microsoft зможа прадаваць у магазіне дадаткаў любыя праграмы. Як старога фармату, пад звычайныя камп’ютары, так і новыя, універсальныя.

Гэта значыць, што распрацоўшчык піша адзін дадатак, які запускаецца як на мабільным тэлефоне, так і на планшэце і камп’ютары. Зручна як для распрацоўшчыка, так і для карыстальніка. Раней дадаткі адкрываліся альбо на ўвесь экран, альбо на палову. Цяпер яны могуць займаць любы памер на экране.

5. Новы браўзер Edge як замена Internet Explorer

Пэўны час кожны новы браўзер у сістэме Windows быў свайго роду інавацыяй. Так было да выхаду Internet Explorer 6, які ішоў у камплекце Windows XP. Нягледзячы на тое, што браўзер састарэў, ім працягвалі карыстацца мільёны людзей, паколькі ён быў прадусталяваны ў сістэму. Ад таго часу Microsoft не ўдавалася дагнаць канкурэнтаў у катэгорыі “браўзер на кожны дзень”. У новай аперацыйнай сістэме Microsoft прадставіла кардынальна новы браўзер Edge, які можа скласці канкурэнцыю Google Chrome і Mozilla Firefox.

Мінусы Windows 10
1. Сістэма можа заблакаваць карыстальніка за пірацкі кантэнт

Беларусы звычайна не чытаюць правілы карыстання і аўтаматычна пагаджаюцца з тым, што там напісана. У новай сістэме Microsoft дазваляе сабе многае ў плане атрымання інфармацыі з камп’ютара карыстальніка на свае серверы. У тым ліку спіс праграм і дадаткаў. Гэта камень спатыкнення, паколькі пасля ўсталявання неліцэнзійнай праграмы Microsoft  можа выдаліць акаўнт карыстальніка з сістэмы, які ён стварае пасля ўсталявання Windows.  Магчыма, можна будзе проста завесці новы акаўнт, аднак згубяцца дадзеныя, якія былі ў папярэднім.

На Windows 10 карыстальнік яшчэ больш залежыць ад акаўнта. Да яго прывязваецца кожны новы набыты дадатак. У выпадку выдалення акаўнта яны таксама знікнуць.

Па сутнасці, пры наяўнасці пірацкага кантэнта Microsoft можа прымаць рашучыя дзеянні ў адносінах да карыстальніка. Невядома, ці будзе кампанія так рабіць. Магчыма, яна проста хоча сябе такім чынам засцерагчы.

Калі не хочацца высвятляць гэта на сваім прыкладзе, то варта не спяшацца і пачакаць хаця б паўгода, пакуль не з’явяцца адпаведныя водгукі карыстальнікаў.

2. Няма магчымасці кантраляваць абнаўленні

Яны будуць усталёўвацца ў аўтаматычным рэжыме. Можна настроіць час абнаўлення, аднак адключыць іх у большасці карыстальнікаў не атрымаецца. Магчыма, гэта здолее зрабіць праграміст.

3. Карыстальніка прадаюць

У інтэрнэце даўно існуе паняцце “ўнікальны ідэнтыфікатар карыстальніка”. Падчас выхаду ў інтэрнэт розныя рэкламныя сістэмы падсоўваюць карыстальніку свой унікальны ідэнтыфікатар. Ён убудоўваецца ў браўзер, у нейкае лакальнае сховішча дадзеных. Кожны раз, калі карыстальнік вандруе па сайтах, гэты ключ выцягваецца. Ён фактычна з’яўляецца паролем да гісторыі наведванняў.

Ён не запамінае абсалютна ўсё, а фіксуе ключавыя моманты. У асноўным, тое, што карыстальнік уводзіць у пошукавых сістэмах і якія сайты наведвае. Гэта значыць, калі карыстальнік зайшоў на сайт перфаратараў, то не трэба здзіўляцца, што на наступным наведаным сайце, прысвечаным сіямскім блізнятам, выпаўзе рэклама перфаратараў са скідкай, без рэгістрацыі і смс.

Гэта даўняя практыка. На Windows 10 такі ключ таксама прысутнічае. Аднак тут распрацоўшчыкі пайшлі далей, таму што карыстальнік, як правіла, мае адзін акаўнт. І пакуль ён карыстаецца ім, інфармацыя збіраецца.

Кампанія Microsoft заявіла, што Windows 10 ­–  апошняя версія Windows. Кампанія не будзе распрацоўваць новую аперацыйную сістэму, таму ключык да гісторыі карыстальніка можа захоўвацца вельмі доўга. Кампанія мае права прадаваць інфармацыю пра карыстальніка карпарацыям, кампаніям, якія змогуць паказваць рэкламу, што адпавядае запытам юзера.

Ключ можна адключыць. У наладках ёсць опцыя “не захоўваць мой унікальны ідэнтыфікатар”. Такім чынам, кожны раз будзе з’яўляцца новая рэклама, якую прапаноўваюць выпадкова, без адсочвання інтарэсаў карыстальніка.

4. Яшчэ шмат недапрацовак

Новую сістэму распрацавалі досыць хутка, таму недапрацовак у ёй яшчэ шмат. З гэтай прычыны варта пачакаць хаця б да новага года, пакуль кампанія не выправіць недапрацоўкі, як правіла, візуальныя, якія адразу пасля запуску першыя карыстальнікі  знаходзяць нон-стоп. Цяпер, калі сістэма выйшла і ёй пачалі карыстацца мільёны людзей, ідзе праверка на трываласць.

Ходзіць жарт у інтэрнэце, што кампанія распрацоўвае добрую сістэму праз раз.

1. Сістэма Windows 98. У свой час была вельмі папулярнай.

2. Windows 2000. Ніякая з пункту гледжання прадукцыйнасці.

3. Windows XP. Дагэтуль некаторыя ёй карыстаюцца і не хочуць мяняць.

4. Windows Vista. З’ядала ўсе мазгі камп’ютара і вельмі тармазіла работу.

5. Windows 7. Яе дагэтуль працягваюць хваліць.

6. Windows 8, якая выглядае супярэчліва, таму што першая адаптыўная сістэма. Праз гэта цалкам новы інтэрфейс, які з сёмай версіяй мае мала агульнага.

7. Windows 10. Да вышэйшай заканамернасці юзеры прывыклі, магчыма, таму і хваляць.

Карыстальнікі ліцэнзійных версій Windows 7 і Windows 8 цягам года могуць абнавіцца бясплатна. Калі стаіць пірацкая версія Windows, камп’ютар можа прапанаваць перайсці на ліцэнзійную, але могуць узнікнуць праблемы з ключамі.

Як атрымаць Windows 10 бясплатна

У кампаніі ёсць праграма Windows Insider. Пасля рэгістрацыі ў гэтай сістэме свайго акаўнту можна бясплатна карыстацца Windows 10. Аднак у абмен на бясплатную аперацыйную сістэму карыстальніка робяць тэстэрам розных новых дадаткаў, неадпрацаваных на шырокім коле карыстальнікаў.

Альтэрнатыва Windows: Linux і Mac OS
Linux

Цалкам бясплатная аперацыйная сістэма. Не будзе мучыць сумленне, што не заплаціў грошы.

Аднак могуць узнікнуць складанасці праз недахоп патрэбных драйвераў. Гэта можа адбіцца на патрабавальных карыстальніках, якія хочуць глядзець новыя фільмы, асвойваць новыя праграмы.

Mac OS

Ставіцца толькі на камп’ютары ад Apple. Пры ўсталяванні, трэба быць гатовым да дадатковых выдаткаў на праграмы, якія давядзецца набываць у App Store. Аднак акрамя вялікай колькасці платных праграм ёсць шмат бясплатных.

Сістэма лічыцца звышбяспечнай. Карыстальнікі Mac OS, па сутнасці, не ведаюць, што такое антывірус.

Даведка “РГ”. Аляксей Бельскі. Нарадзіўся ў Маладзечне. Скончыў гімназію-каледж мастацтваў. Выпускнік факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Працуе старшым інжынерам-праграмістам у кампаніі EPAM Systems.