Ад 1 верасня ўступілі ў сілу больш жорсткія патрабаванні да сырога малака.

Ад другога гатунку Беларусь адмаўляецца. Цяпер усё малако падзяляецца на наступныя: экстра, вышэйшы і першы гатункі.

Як удакладняе БелТА, змяненні дзяржстандарту “Малако каровіна сырое. Тэхнічныя ўмовы” ініцыявала Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Іх зрабілі для павышэння якасці і канкурэнта­здольнасці малака і малочнай прадукцыі, якія вырабляюцца ў Беларусі.

У Дзяржстандарце ўпэўненыя, што забеспячэнне выпуску малака ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі будзе стымуляваць вытворцаў да павышэння санітарна-гігіенічнага ўзроўню вытворчасці.

Калі малако не здасі, можна паіць цялят

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі начальніка лабараторыі Маладзечанскага малочнага камбіната  Надзею Улізьку.

– Малако другога гатунку мы ўжо не прымаем увогуле. Гатункі падзяляюцца ў залежнасці ад таго, колькі саматычных клетак змяшчаецца ў адным кубічным сантыметры. Яшчэ адзін паказчык – утрыманне клетак бактэрый. Новы стандарт патрабуе, каб карова, ад якой узялі малако, была ідэальна здаровая.

Гатунак

Утрыманне саматычных клетак на кубічны сантыметр

Утрыманне клетак бактэрый на  кубічны сантыметр

Першы

не больш

за 500 тысяч

не больш

за 500 тысяч

Вышэйшы

не больш

за 400 тысяч

не больш

за 300 тысяч

“Экстра”

не больш

за 300 тысяч

не больш

за 100 тысяч

Правяраюць сыравіну спецыяльным аналізатарам малака, калі яно не адпавядае норме, вяртаюць назад.

Вяртаць малако даводзіцца не так часта, таму што на фермах ёсць свае спецыялісты: ветэрынарныя дактары, лабаранты, заатэхнікі. Яны там самі сочаць за якасцю свайго малака.

Калі малако не адпавядае норме, яго здаць на малочны камбінат нельга, затое ім можна паіць цялят.

Вялікая колькасць саматычных клетак, якія знаходзяцца ў тым ліку ў вымі, вядуць да зніжэння якасці малака. З малака з высокім утрыманнем саматычных клетак немагчыма вырабіць якасныя прадукты: сыр, масла, кефір і іншыя.