Маладзечанец Аляксей Аксёнаў сёлета паступіў у Акадэмію мастацтваў. Прафесію выбраў рэдкую – скульптар. Хлопец упэўнены, што яго скульптурамі яшчэ ўпрыгожаць вуліцы гарадоў і лепшыя выставачныя залы. А пакуль адпачывае ад уступных іспытаў і малюе па просьбе маці карціну на кухню – персікі.
– Чаму персікі, а не, як у Сярова, “Дзяўчына з персікамі”?
– Няма дзяўчыны. Толькі персікі, – смяецца будучы скульптар.
На матэматыцы маляваў графіці
Вучыўся таленавіты хлопец у 14 школе.
– Ну, не таленавіты, а ўмелы, – папраўляе суразмоўца.
Гаворачы пра сваю школу, закочвае вочы і ўскліквае:
– Вечары сустрэч там розныя дакладна не пра мяне. Не падабалася мне вучыцца. У мяне і адзнакі былі адны тройкі ды чацвёркі. Затое на ўроках матэматыкі сядзеў на апошняй парце і маляваў эскізы будучых графіці. Пасля ўрокаў купляў балоны і ехаў куды-небудзь, дзе шмат шэрых сцен і палёт творчасці.
Пасля 9 класа Аляксей паступіў у Маладзечанскі музычны каледж.
– Мяне шмат чаму навучылі ў каледжы. Я цяпер магу маляваць абсалютна ў рознай тэхніцы. Хочаце шарж – калі ласка. Рабі вочы вялікімі і вейкі больш пухнатымі. Пейзажы, нацюрморты, партрэты – толькі дайце памаляваць.
І чэргі ў паліклініку, і дарога ў электрычцы да Мінска – не праблема, абы ў заплечніку былі алоўкі і папера.
Сваю дыпломную работу рабіў амаль два тыдні – фігуру чароўнай незнаёмкі.
Натуршчык працаваў на мяне па 12 гадзін у дзень
– А пасля заканчэння каледжа размеркавалі мяне настаўнікам малявання ў Любань. Не тое, каб спужаўся, наадварот думаю, што выкладаць – гэта цікава, але вырашыў паспрабаваць сілы і паступаць у акадэмію. Ну, не ў армію ж ісці.
– А чаму не ў армію? Гавораць жа, што армія робіць з хлопчыка мужчыну.
– Пачакайце, я ж скульптар. Я сам з сябе вылеплю каго заўгодна.
Прыехаў у маі на прагляд у Акадэмію мастацтваў. Пахадзіў па майстэрнях, адчуў пах фарбы і палюбіў гэта назаўсёды.
Потым была падрыхтоўка да паступлення з рэпетытарам.
– Натуршчыка мне бацькі нанялі. Каб ляпіць фігуру чалавека, трэба ж анатомію дасканала ведаць.
– Навошта натуршчык? Што, сябры не пагадзіліся б папазіраваць?
– А вы б змаглі 12 гадзін сядзець нерухома ў той позе, у якой я ляплю? Не. Для гэтага і ёсць спецыяльна падрыхтаваныя людзі, пенсіянеры, напрыклад.
У Акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць “Скульптура” акрамя Аляксея паступілі яшчэ чатыры чалавекі. Усе – былыя аднагрупнікі, выпускнікі мінскай “глебаўкі”, вядомага мастацкага каледжа.
– Мяне экзамены проста выматалі. Не тое, каб было цяжка. А проста было многа ўсяго. І галаву антычную ляпілі, і фігуру чалавека. І на вольную тэму.
На вольную тэму Аляксей ляпіў скульптурную кампазіцыю, прысвечаную тэме вайны, галакосту. Шмат знясіленых постацяў перапляліся ў адзін клубок. На руцэ адной з такіх фігур – матылёк. І ўсе цягнуць рукі да гэтага матылька.
– Мяне натхніла работа адной маладой скульптаркі, але ўсю кампазіцыю прыдумаў сам. Інакш нецікава. А тое, што завяршэннем кампазіцыі будзе матылёк як сімвал жыцця, вызвалення, не ведаў і сам да апошняга.
А потым Аляксею абвясцілі, што ён паступіў. І стаў другі па рэйтынгу.
У нас дом нетыповы. Пакоі шасцівугольныя, затое з майстэрняй
– Адкуль здольнасці? Гэта сямейнае?
– Ну, як сказаць. Бацька, Леанід Міхайлавіч, малюе добра. Але калісьці ў акадэмію не паступіў. Яго напужалі: “Ну, куды ты сунешся, ведаеш, якія людзі сюды паступаюць”. Таму скончыў архітэктурна-будаўнічы факультэт. Вось свае веды дома і выкарыстоўвае.
Гэтага Атланта выразаў з дрэва бацька Аляксея Леанід. Фота Наталлі Тур.
Аляксей расказвае, што іх дом на Лясных – гэта сам па сабе твор мастацтва. Збудаваны цалкам па бацькавым праекце.
– У нас і пакоі нетыповыя – шасцівугольныя. Дом вялікі – шэсць пакояў.
Амаль у кожным пакоі ёсць нейкі элемент, які выразаў ці ляпіў бацька Аляксея. Атланты, карыятыды, анёлы.
– Цяпер з бацькам уладкоўваем трэнажорную залу. Але галоўнае – у мяне будзе свая майстэрня. З вялікімі вокнамі. Там святло кладзецца з захаду проста чароўна. Але пуста ў доме. Сястра старэйшая жыве ў Мінску, бацькі на рабоце. Я адзін у вялікім доме. А хочацца сям’і, дзяцей. Але каб жонка нават пэндзаль у руках не трымала. Творчыя дзяўчаты, яны ж такія, з прыветам. Бачыў я такіх у акадэміі, з фіялетавымі валасамі. Я сам не супраць эксперыментаў, але лічу, што выдзяляцца трэба нечым іншым.
– У вас свая майстэрня, вялікі дом, вы – пястун лёсу?
– Вядома, я ўдзячны бацькам, што мне не даводзілася думаць пра тое, як зарабіць грошы, што ў мяне ўсё ёсць. Але я працы не баюся. З задавальненнем прадаю на базары яблыкі. Мне нават падабаецца: “Белы наліў, дамашні белы наліў”.
Але па спецыяльнасці Аляксей працаваць не думае.
– Акадэмія мастацтваў для мяне – гэта, хутчэй, добрая школа. Тут мяне навучаць многаму. Але скульптарам быць не хачу. Не, вядома, хацелася б, каб мае працы ўпрыгожвалі гарады, але нешта я слаба веру ў такую запатрабаванасць. Таму буду рабіць партрэты на заказ, маляваць карціны, распісваць сцены ў кватэрах і дамах. Без працы не застануся. А ўвогуле, я павінны быў нарадзіцца ў Італіі, гадоў 200 таму.
Цмокаў Аляксей выляпіў ва ўласным пакоі. Фота Наталлі Тур.
На нямое пытанне Аляксей адказвае:
– Італія – краіна, якая мяне натхняе. Працы Мікеланджэла мяне натхняюць. Ну, назавіце мне знакамітага беларускага скульптара? Ды я магу рабіць скульптуры не горш за іх! Калізей – прыгожы і велічны. Замак Радзівілаў – не. І самы галоўны мінус краіны – у нас мала сонца.
На развітанне Аляксей вымаўляе фразу:
– Сустрэнемся яшчэ. На маёй персанальнай выставе, напрыклад, праз год.