Чытачы “РГ” працягваюць пільна сачыць за высечкай лесу. Адзін з неабыякавых чытачоў паведаміў, што каля Асіпавіцкага вадаёма сякуць сосны. 

Чытач звярнуўся ў рэдакцыю з пытаннем: хіба можна секчы дрэвы адразу каля вадаёма?

Асіпавіцкі вадаём – папулярнае месца адпачынку не толькі для віляйчан. Чытач упэўнены, што яго выгляд павінны асабліва клапаціць і ўладу, і мясцовых жыхароў.

Старшыня Асіпавіцкага сельвыканкама Мікалай Гіль у курсе тэмы. Ён паведаміў, што высечка дрэў каля Асіпавіцкага вадаёма зробленая ў адпаведнасці з заканадаўствам, пры рабоце выканалі ўсе неабходныя нормы.

– 29 ліпеня прадалі тры ўчасткі пад будаўніцтва калі вадаёма, – удакладняе ён. – Іх набылі ў прыватную ўласнасць. Новыя гаспадары будуць будаваць там жыллё, а як пабудуеш, калі на ім дрэвы растуць? Таму сосны і высякалі. Калі дрэва ў межах прыватнай уласнасці, гаспадар мае поўнае права яго ссекчы. Усё зроблена з выкананнем нормаў, можаце прыехаць і памераць.

Яго словы пацвердзіў і начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Альшэўскі.

У прыбярэжнай паласе выдзяляць участкі пад будаўніцтва забаронена. А вось у зоне рашэннем райвыканкама можна выдзяляць участкі. Калі іх набываюць у прыватную ўласнасць, то могуць высякаць дрэвы.

Паводле рашэння Вілейскага райвыканкама ад 27 кастрычніка 2006 года, мінімальная шырыня водаахоўнай зоны сажалкі ў Асіпавічах – 200 метраў, а прыбярэжнай зоны – 20 метраў.