Ісландыя – гэта востраў вулканічнага паходжання.
Удумайцеся – людзі жывуць на вулкане. І больш за тое, ён акружаны спячымі вулканамі з усіх бакоў.
Безліч вадаспадаў, гейзераў, ледавікоў… Вельмі прыгожа і вельмі небяспечна.
Гэты кантраст і прыцягвае тысячы турыстаў з усяго свету. Саміх жа ісландцаў (насельніцтва ўсёй краіны) няшмат – усяго 328 тысяч чалавек. Гэта па колькасці амаль супадае з нашым Гроднам (338 тысяч чалавек).
Першае, на што звяртаеш увагу ў гэтай краіне вулканаў: разнастайнасць і неймаверная энергетыка краіны.
У кастрычніку 2014 года я ўжо дакладна ведала, што траплю ў гэту краіну. Пачала праз знаёмых турыстаў пытацца, ці збіраецца хто падарожнічаць па Ісландыі. Даволі хутка знайшла чалавека, які з Беларусі водзіць у паходы, у тым ліку ў Ісландыю. Спісалася з ім. Дамовілася. І ўсё б “ок” – сядзі і чакай паходу.
Але не! Нейкая сіла падняла мяне на тое, каб адмовіцца ад групавога паходу і паехаць адной ці максімум у пары аўтаспынам па Ісландыі. Гэта пры тым, што англійскай мовай валодаю дрэнна.
Цяпер я разумею, што ніякі паход не даў бы мне той досвед, які атрымала ў самастойным падарожжы. А на той час трывога напаўняла мяне да краёў.
Але спадарожніца знайшлася. Маша з Апатытаў Мурманскай вобласці. Мінулым летам я была ў гэтым паўночным горадзе падчас не менш цікавага паходу па Хібінах.
Маша чатыры гады недаядала: збірала грошы на Ісландыю.
Мне здаецца, што гісторыя з Ісландыяй – гэта гісторыя пра тое, як нашы жаданні нас выпрабоўваюць. Хацела ў Ісландыю – атрымай! Але ў прыдачу: хмары камароў, дождж “па вушы”, вецер, што хіліць цябе да зямлі. Але, калі жаданне сапраўднае, то ўсё вышэйпералічанае ўспрымаецца, як прыступка да сваёй мары.
Наш з Машай маршрут гучаў так: вакол Ісландыі, па дарозе №1 разам паўтара тыдня, затым я вандрую па заходніх ф’ёрдах самастойна, маўляў, буду ўжо ў тэме.
Я рэальна адчувала сябе ў большай бяспецы, чым дома. Гэта праўда. Тут людзі давяраюць адзін аднаму. “У нас мінімум паліцыі. На гэта няма патрэбы” – распавядаў кіроўца-ісландзец.
Ісландыя лічыцца адной з самых бяспечных краін свету. Напрыклад, ровары ісландцы пакідаюць ля сваіх дамоў без замкоў. Абутак пакідаюць на ганку, нават калі ганак выходзіць на аўтамабільную трасу.
Асабістыя рэчы можна пакінуць у грамадскім месцы, прыйсці праз пяць гадзін і знайсці ўсё на сваіх месцах.
Ісландыя – вельмі дарагая краіна. З гэтым згодныя ўсе: і турысты, і самі ісландцы, хаця зарплаты ў іх высокія.
“У нас няма бедных ці багатых, з большага ўсе роўныя. Калі ж нехта атрымоўвае шмат грошай, то плаціць і большы падатак”. Менавіта ў Ісландыі ўзнік першы ў Еўропе парламент – альтынг. Да прыкладу: праезд у грамадскім транспарце ў сталіцы Ісландыі Рэйк’явіку каштуе 400 ісландскіх крон. Гэта каля 50.000 на нашы грошы.
Давялося падумаць пра эканомію яшчэ дома, з сабой набралі кашы. У аэрапорце купілі кемпінг-карту, якая дазваляла начаваць у 42 кемпінгах па ўсё Ісландыі.
Тыповы кемпінг меў кухню, на якой можна было прыгатаваць ежу, магчымасць падзарадзіць дэвайсы, душ, туалет, месцы для ўсталяванне намётаў. За дадатковы кошт: сушылка, пральная машына, інтэрнэт (не заўсёды). І асобна палічка – free: тыя турысты, які з’язджалі дамоў і не паспявалі з’есці, пакідалі свае харчы на такой палічцы.
Чым бліжэй кемпінг знаходзіўся да гор, тым колькасць выгод у ім змяншалася. Але самыя прыгожыя кемпінгі былі менавіта ў гарах.
Цікава, што кемпінг-карту амаль нідзе не правяралі. Ісландцы вераць у добрасумленнасць чалавека.
Крама “Bonus”
Сетка самых танных гіпермаркетаў па ўсёй краіне. Таму было за шчасце на сваім шляху сустрэць гэту краму. І набыць там ёгурт са смакам кавы. Ісландцы ведаюць толк у “малочцы”. Малако коз, авечак, якіх вельмі шмат па ўсёй краіне.
Абутак
Калі накіроўваецеся ў гэту краіну, не спрабуйце эканоміць грошы на абутку. Я маю на ўвазе трэкінгавыя боты. Хадзіць давядзецца многа, ды па камянях, на далёкія трэкі.
У Ісландыі ёсць прымаўка: “Калі вам не падабаецца надвор’е – пачакайце яшчэ 5 хвілін, і яно будзе яшчэ горшае!” Надвор’е ў Ісландыі вельмі хутка змяняецца: ты ў майцы, а праз 15 хвілін на табе цёплы світар і дажджавік. Калі дождж, то надоўга. Калі вецер, то на ўсю катушку.
Ісландскі аўтаспын
Працуе вельмі добра. Наша першая машына спынілася пасля трох кіламетраў няспешнага шпацыру ад аэрапорта. Я проста істэрыла ад радасці. Маша супакойвала мяне і казала ісландцу, што маўляў вось як дзейнічае Ісландыя на чалавека.
Хто толькі нас не падвозіў: ісландцы, тайландка, французы, немцы, паляк, італьянцы, іспанцы, аўстрыйцы, амерыканцы – ню-ёрскі хлопец, які працуе ў Фэйсбуку, сям’я з Каліфорніі. Было і такое: доўга выходзілі з горада (гэта самае складанае ў аўтаспыне – выйсці на патрэбную трасу з вялікага горада). Вечарэла. Аўтамабілі праносіліся міма.
Ехаць да стаянкі нанач было дастаткова доўга. Праносіцца пазадарожнік. Бачым, машына збаўляе хуткасць, разварочваецца і пад’язджае да нас. З пазадарожніка выходзіць вікінг. Калі коратка, то вікінг у сучасным паняцці, гэта статны ісландзец, які ведае, што па чым у гэтым свеце. Кажа: “Садзіцеся, падкіну”.
Ці вось: калі я ўжо вандравала адна, чалавек, які мяне падвозіў, патэлефанаваў сваёй знаёмай, якая якраз рухалася у патрэбнае мне месца, і “перасадзіў” мяне да яе.
Да прыкладу: адна паездка ў адзін бок у нацыянальны парк каштуе каля 60 еўра. Вось і што б я паглядзела ў Ісландыі, каб не аўтаспын?
МAPS.ME
Праграма офлайн дэталёвых карт краін усяго свету. Дазваляе адсочваць сваё месцазнаходжанне, падлічваць кіламетраж, пракладваць маршрут.
Раю перад самастойным падарожжам абавязкова запампаваць яе сабе.
Калі я прыляцела з Рэйк’явіка ў Вільню пасля 23:00, я сутыкнулася з тым, што цягнікі, якія курсуюць ад аэрапорта да чыгункі ў Вільні, ужо не ходзяць. Таксі не разглядаю. Дастаю МAPS.ME, і праз гадзіну я на месцы.
Галоўнае мець дадатковую сілкавальную прыладу для батарэі.
Такім чынам, галоўнае даляцець да Ісландыі, а краіна прыме, як трэба.
P. S. Мяне часта ісландцы прымалі за сваю. А можа, мае карані менавіта ў гэтай краіне?