Кіроўцы кідаюць свае аўто проста перад варотамі садка №10, пад самім знакам “Рух забаронены”.

Абураная нядобрасумленнымі кіроўцамі загадчыца садка Ала Бабенка паскардзілася ў рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты”:

– Нашы пастаўшчыкі не могуць пад’­ехаць да харчблока, і работнікі садка самі цягаюць скрынкі! Ідзіце, пагля­дзіце, хіба ж так можна!

Работнікі садка вымушаныя некалькі разоў на тыдзень насіць ежу для дзяцей уручную за метраў сто, таму што нядобрасумленныя кіроўцы пакідаюць машыны так, што праехаць на тэрыторыю садка і разгрузіцца блізу немагчыма.

Проста перад варотамі, пад знакам “Уезд забаронены”, стаіць машына. Побач спыніліся дзяржаўтаінспектары. Усе чакаюць кіроўцу, якога няма 40 хвілін. Неўзабаве падыходзяць дзве жанчыны. Загадчыца садка і дзяржаўтаінспектар пачынаюць абурацца. З твару кіроўцы знікае ўсмешка, яна разгублена апраўдваецца:

– Тут да нас стаяла ўжо машына! І больш не было куды ставіць! Выбачайце, але не трэба на мяне лаяцца!

Каля ўезда ў садок №10 у Маладзечне

Каля ўезда ў садок №10 у Маладзечне

Пакуль дзяўчыне выпісваюць штраф на 270 тысяч рублёў, Ала Пятроўна дзеліцца няшчасцем:

– Панядзелак і аўторак мы адпачываем ад гэтых машын. Як толькі серада, чацвер і пятніца, базарныя дні, вакол агароджы другая агароджа – з машын.

Да размовы далучаецца кладаўшчыца Ірына Сідарэвіч:

– А як папросіш, каб прыбралі, абкладаюць матам! І мужчыны, і жанчыны. Таму толькі ДАІ і ратуе. Але ж мы праз гэта спазняемся: часам са спазненнем прыязджае пастаўшчык, мы пакуль перацягаем, яшчэ ж зварыць дзецям трэба. Я і цяпер памятаю, як зімой было цяжка 50 літраў малака цягнуць!

Грузаперавозчыкі звы­­­чайна не дапамагаюць работнікам садка: гэта не іх праца. А бывала, што пастаўшчык не мог пад’ехаць да харчблока, а пакуль яго разгрузілі б, то спазніўся б на наступны пункт. Мужчына з’ехаў, не разгрузіўшыся.

Кіроўца папрасіла прабачэння і з’ехала. А работнікі садка і інспектары ДАІ пачалі абмяркоўваць сітуацыю.

– Шлагбаўм не дапаможа: ставілі перад варотамі, будуць ставіць перад шлагбаўмам. Таблічкі пісаць? Дык дарожны знак стаіць. Застаецца толькі спадзявацца на тое, што, прачытаўшы у газеце, кіроўцы задумаюцца. А калі не, ДАІ выклікаць мы ўжо навучаныя, – падсумоўвае Ала Бабенка.