У чэмпіянаце Мінскай вобласці 6 верасня адбылася большасць матчаў 18 тура. Усе каманды з нашага рэгіёна згулялі ў гасцях, але з розным вынікам.
“Вілія” у гасцях сустракалася з “Лівадыяй-Юні” з Дзяржынска. Хоць віляйчане забілі шмат для сябе – тры галы, але гэта не дапамагло набраць ачкоў. “Вілія” саступіла 3:4.
Аднак віляйчане паказалі зайздросную волю да перамогі.
– Прайгравалі 0:3 і адыграліся. На 82-й хвіліне была ўжо нічыя 3:3 ды ініцыятывай завалодалі, – расказвае прадстаўнік “Віліі” Алег Гулевіч. – Але праз лічаныя хвіліны пашчасціла “Лівадыі-Юні”: ад нагі нашага абаронцы мяч уляцеў у вароты віляйчан. Часу адыграцца ўжо не хапіла.
У “Віліі” галы забілі Аляксандр Грыхуцік, Віктар Сяліцкі, Арцём Ермакоў.
У іншых мачтах “Забудова-Буд” з Чысці абыграла аўтcайдара ФК “Нясвіж” 3:1, “ДЮСШ-4” з Маладзечна перамагла ФК “Капыль” 2:1.
Два галы ў маладзечанцаў на рахунку Сяргея Лавора. Ён узняўся на трэцяе месца ў спісе бамбардзіраў чэмпіянату.
Пасля гэтага тура “ДЮСШ-4” займае другое месца. Каманда наблізілася да лідара – “Коласа”: падзяляе іх чатыры ачкі. “Забудова-Буд” па набраных ачках дагнала “Вілію”. Але віляйчане пакуль на сёмым месцы, каманда з Чысці – на восьмым.