Мастакі пакідаюць нас, але застаюцца іх творы, вучні і ўспаміны. Мой даўні сябра Васіль Міхайлавіч Лазоўскі вельмі шмат дапамог мне як педагог. Яго педагагічны талент высока цаніў мастак Юры Герасіменка-Жызнеўскі.

Калі мне давялося пісаць жывапісны твор “Вязынка. У хаце паэта”, Васіль Міхайлавіч не браў у рукі мой пэн­дзаль, а толькі раіў, як зрабіць так, каб было лепш.

Ён параіў напісаць пыл, што высвечваўся сонечнымі промнямі з акна. На маё здзіўленне, маэстра казаў: “Рабіце. У вас ўсё атрымаецца”. Гэтыя тонкія педагагічныя словы засталіся ў маёй памяці на ўсё жыццё.

Акрамя гэтага Васіль Міхайлавіч параіў зрабіць з кардону макет пакоя і звонку даць падсветку, каб бачыць, як кладзецца асвятленне на столь, падлогу, прадметы інтэр’ера з двух акон. Адразу ўсё стала на сваё месца.

У свой час, амаль 50 год таму, мне давялося вучыцца ў студыі выяўленчага і дэкаратыў­на-прыкладнога мастацтва пры Маладзечанскім абласным Доме народнай творчасці. Выяўленчае мастацтва было, ёсць і будзе  маёй крыніцай натхнення, хоць усё жыццё і выкладаў цымбалы.

У мяне вучыўся сын Васіля Міхайлавіча Янка Лазоўскі. Васіль Міхайлавіч заўсёды марыў, каб Янка іграў на цымбалах. Янка запомніўся, як тонкі, далікатны і не без здольнасцяў, адзіны на той час у класе хлопчык.

У сваім жыцці Васілю Міхайлавічу пашчасціла спаткацца з вядомым беларускім мастаком Альгердам Адамавічам Малішэўскім (1922-1989), заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.

Калі ў Альгерда Малішэўскага запыталі, што для яго жывапіс, ён адказаў:

– Для мяне жывапіс – гэта яго Вялікасць, гэта тое, што дадзена Богам, гэта ўсё маё жыццё.

Вось у каго вучыўся жывапісу наш Васіль Лазоўскі.

Вельмі прыгожае спалучэнне фарбаў, каларыт і высокая культура жывапісу заўсёды вылучалі творы Васіля Міхайлавіча на любой выставе, і ён быў вельмі ўдзячны свайму настаўніку.

Пасля заканчэння навучальных устаноў большасць мастакоў размяркоўвалася на працу ў афарміцельскі цэх Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Выконвалі рознага роду заказы для прадпрыемстваў, калгасаў, бібліятэк, Дамоў культуры.

Такая майстэрня была і ў Маладзечне ў падвале аднаго з жылых дамоў каля калгаснага рынку. Там працавалі нашы мастакі.

Ішоў час. Інфармацыйныя шчыты на тэмы, колькі ў краіне будзе сталі, нафты, вугалю, збожжа, мяса і малака на душу насельніцтва, аказаліся непатрэбнымі.

Заказаў не стала, і майстэрні закрылі.

Мастакі засталіся без працы і былі вымушаныя падацца ў педагагічную дзейнасць, што дазвалялі іх дыпломы.

Рэспубліканскія выставы станавіліся невялічкімі. Палац мастацтваў у Мінску па вуліцы Казлова страціў сваё прызначэнне. Зімой у ім быў такі холад, што экспазіцыі дазвалялі гля­дзець у верхняй вопратцы. Шыльдачка з прабачэннем вісела ў гардэробе. Каб неяк выжыць, памяшканне сталі здаваць у арэнду пад гандлёвыя пункты. Творы ў мастакоў не закуплялі, бо не ведалі, што рабіць з ужо набытымі.

Знятыя з падрамнікаў, у рулонах, яны сталі марнавацца. Кіраўнікі ўстаноў самі вырашалі, які твор няхай пакуль павісіць, а які аднесці ў гараж.

У такі складаны час нашы мала­дзечанскія мастакі не пайшлі на кірмашы гандляваць сваімі творамі. Яны і па сённяшні дзень застаюцца мастакамі, выкладчыкамі і творцамі.

30 гадоў адпрацаваў у Маладзечанскай дзіцячай мастацкай школе выкладчык малюнка, жывапісу і кампазіцыі Васіль Лазоўскі. Кожны год па 4-5 выпускнікоў Васіля Лазоўскага паступалі вучыцца ў мастацкія навучальныя ўстановы Беларусі.

У гэтым годзе вучням будзе цяжка ўявіць, што Васіль Міхайлавіч больш не прыйдзе да іх на заняткі. Ён назаўсёды пакінуў школу, вучняў, сям’ю і сяброў па творчасці.

Не можа змірыцца з такой стратай у беларускім мастацтве і педагогіцы дырэктар Маладзечанскай дзіцячай мастацкай школы Алена Кучко. Шмат у чым Алена Валер’еўна лічыць яго і сваім педагогам.

Цяпер Алена Кучко заклапочаная тым, каб прысвоіць школе імя Ядвігі Раздзялоўскай. Вырашае юрыдычныя пытанні, сама шукае радню Ядвігі Раздзялоўскай у Польшчы, каб атрымаць іх згоду.

Калі не стала нашай дарагой мастачкі, мы з Юрыем Герасіменкам-Жызнеўскім вырашылі зрабіць ёй мемарыяльную дошку і сціплы надмагільны помнік з мікашэвіцкага каменя.

На адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доме №5 па вуліцы Віленскай прыязджалі пасол Польшчы ў Беларусі і вядомы беларускі мастак, блізкі сябра Ядвігі Раздзялоўскай Пётр Дурчын.

Не скажу, што нашым мясцовым мастакам надавалася вялікая ўвага да іх жыцця, наяўнасці майстэрні і ўмоў для працы і творчасці.

Да сёння няма мемарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў Юры Герасіменка-Жызнеўскі па пешаходнай вуліцы Прытыцкага.

Да гэтага часу не маем гарадской выставачнай залы. Творы мастакі выстаўляюць у розных калідорах і фае.

Не маем мы, як калісьці дамаўляліся, набору паштовак з гістарычнымі мясцінамі і паэтычнымі куточкамі Маладзечна ў замалёўках мясцовых мастакоў. Не маем і альбома з мастацкімі фота горада.

Нас ужо пакінула вялікая колькасць мала­дзечанскіх мастакоў. Гэта Ядвіга Раздзялоў­ская, Кастусь Харашэвіч, Юрась Герасіменка-Жызнеўскі, Сямён Кісель, Пётра Лазоў­скі, Рыгор Нарчук, Яўген Шчарбіцкі, Эмір Асановіч, Свялана Багрыцэвіч, Вікторыя Чырвонцава, Васіль Лазоўскі.

А мы так і не маем магчымасці пагартаць старонкі іх творчасці.

Мастакі пішуць гісторыю роднага краю, і адносіны да іх павінны быць святымі. Гэта наш абавязак перад імі.