Рыцарска-ваярскі клуб “Воіны ВКЛ” запрашае на прэзентацыю свайго клуба ў дзіцячы цэнтр культуры “Расток” у суботу, 12 верасня.

Кіраўнік клуба Аляксандр Шоць расказаў, што ўсе ахвотныя могуць паглядзець выступленне шатландскіх пяхотнікаў, татараў.

– Наш клуб адрозніваецца ад іншых тым, што мы запрашаем не толькі паглядзець, як валодаем сярэднявечнай зброяй мы. Пасля паказальных выступленняў кожны зможа сам прымераць рыцарскія даспехі, паспрабаваць свае сілы ў валоданні мячом.

Аляксандр Шоць падкрэсліў, што ў іх клубе будзе цікава ўсім.

– Да мяне на мінулых фестывалях падыходзілі дзяўчаты, пыталіся, чаму такая несправядлівасць. Усё для мужчын, а яны застаюцца ў баку. Таму я вырашыў зрабіць некалькі жаночых касцюмаў, калі не для бою, то для танцаў пад сярэднявечную музыку. У іх таксама можна патанцаваць у суботу.

У планах Аляксандра зрабіць яшчэ дзіцячыя касцюмы, каб хлопчыкі з дзяцінства адчувалі сябе сапраўднымі абаронцамі.

Метадыст цэнтра Анжаліка Каралевіч падкрэсліла, што ў суботу пройдзе толькі прэзентацыя, а сам клуб ад 1 верасня ўжо працуе ў іх цэнтры:

– Вельмі хочацца, каб суботняе мерапрыемства зацікавіла больш падлеткаў, каб яны прыйшлі потым на заняткі. Як кажуць арганізатары, ім нецікава працаваць з тымі, хто прыходзіць толькі адзін раз. Хочацца, каб у моладзі была цікавасць да гісторыі.

У перспектыве ў планах кіраўнікоў клуба і цэнтра “Расток” стварэнне музея сярэднявечча.

– У нас вельмі шмат рэчаў, якія вартыя таго, каб іх убачылі ўсе, засталося толькі знайсці ім памяшканне, – адказаў Аляксандр Шоць.

Пачатак мерапрыемства а 15 гадзіне. Дзіцячы цэнтр “Расток” знаходзіцца на вуліцы К. Буйло, 1.