Пра турыстычны паход расказала “Рэгіянальнай газеце” велатурыстка Ганна Шыманская. Яна вандруе з 14 год.
– Дарога не надакучвае ніколі. Таму што гэта кожны раз новыя маршруты, новыя сустрэчы, новыя прыгоды, – кажа Ганна.
Сёлета 15 жніўня ў велавандроўку накіраваліся 15 удзельнікаў. Самаму малодшаму з іх было 10 гадоў, самаму старэйшаму – 69.
– Кіраўнік нашага велападарожжа і па сумяшчальніцтве кіраўнік турклуба “Пілігрым” Сяргей Бялкоў так складае маршрут, што ён лёгка даецца малым і сталым, падрыхтаваным турыстам і навічкам.
За дзевяць дзён вандроўкі турысты наведалі Смаргонь, Жодзішкі, Вішнева, Паставы, Мядзел, Нарач.
– Кожнае месца, у якім нам давялося пабыць, пакінула столькі ўражанняў, што іх хопіць да наступнага лета.
Па-першае, удзельнікі велапаходу штодзень купаліся ў трох розных вадаёмах.
– Надвор’е нам спрыяла, за ўсе дзевяць дзён не выпала ні адной кроплі дажджу.
А па-другое, Сяргей Бялкоў прадумаў экскурсійную праграму на кожны прыпынак, дзе давялося спыняцца турыстам.
– Мы наведвалі музей рэтра-аўтамабіляў у Заброддзі, паглядзелі на рэканструкцыю ваенных падзей каля вёскі Пасынкі, што на Мядзельшчыне, завіталі да ганчара, які напаіў нас гарбатай з сапраўднага самавара, які раскачагарваецца ботам, паслухалі цудоўную экскурсію пра школу і сядзібу ў Камарове на Мядзельшчыне.
Але падчас паходу ёсць рэчы, якія застаюцца нязменнымі.
І гаворка зусім не пра праколы колаў, якія ў любым велапаходзе здараюцца.
– Ва ўдзельнікаў нашага паходу ёсць традыцыя. За час вандроўкі абавязкова сустрэць світанак у вадзе з кубкам гарачай кавы. Уявіце: раніцай паветра каля 10 градусаў, а вада ў вадаёме – 20 градусаў. Купаешся быццам у малацэ. Дзеля такіх момантаў і варта выбірацца ў падарожжы. Паверце, уражанні ад іх не забываюцца.