– Цэгла – каралева будаўнічых матэрыялаў, – сцвярджае дырэктар Радашкавіцкай цагельні Алег Мішчанка. – Нездарма ж нават помнікі архітэктуры старажытнасці, якія дажылі да нашых дзён, пабудаваныя менавіта з цэглы.

Цэгла дазваляе ўвасабляць у жыццё самыя разнастайныя архітэктурныя задумы, а Радашкавіцкая цагельня садзейнічае гэтаму ад 1984 года.

Навінка завода – цёплая кераміка

Сёння гэта прадпрыемства, на якім працуюць 248 чалавек, 21% з іх – маладыя спе­цыялісты. Аб’ём вытворчасці – 67 мільёнаў цаглінак у год. Вытворчасць цалкам аўтаматызаваная.

Сярэдні заробак на заводзе складае 7 мільёнаў 450 тысяч рублёў.

Пасля нам пакажуць, як працуе завод, спачатку ж на ўсе пытанні, якія цікавілі “Рэгіянальную газету”, адказаў дырэктар прадпрыемства.

Працуе Алег Мішчанка на пасадзе дырэктара сёмы год. За час яго кіраўніцтва завод цалкам перайшоў на аўтаматызаваны рэжым.

Дырэктар завода Алег Мішчанка.

Дырэктар завода Алег Мішчанка.

– Раней тым, хто працаваў у цэху ўпакоўкі, даводзілася па дзевяць разоў абыходзіць паддон з цэглай, каб запакаваць яе ў плёнку. Цяпер гэта робяць машыны.

30% радашкавіцкай цэглы ідзе на экспарт.

На пытанне наконт навінак, Алег Сяргеевіч смяецца: “Ну якія навінкі ў нашай справе? Цэглу пакуль не робяць ні зялёнай, ні круглай”.

Але ўсё ж нават цэглу спрабуюць удасканаліць. Нядаўна запусцілі выпуск цёплай керамікі. Такія блокі больш дарагія, але ў выніку затраты акупляюцца. Пакуль іх выбіраюць для элітнай забудовы, 80% ідзе на экспарт. Адны з апошніх аб’ектаў, якія будаваліся з радашкавіцкай цеплакерамікі – элітныя жылыя комплексы “Вівальдзі” і “Маяк Мінска” ў Мінску.

Зрабіць цэглу – быццам спячы  пірог

Сыравіну для завода здабываюць за 15 кіламетраў ад завода, непадалёк ад вёскі Гайдукоўка.

Ад таго моманту, калі гліна трапляе на прадпрыемства, да таго, як стане цэглай, прахо­дзіць дзевяць дзён.

– Вырабляць цэглу, – кажа Алег Мішчанка, – гэта як пячы пірагі.

Спачатку робіцца “цеста”, якое на цаглянай вытворчасці называюць шыхта. Яна па канвееры паступае ў спе­цыяльную машыну, якая фармуе цагляныя блокі. Наступная машына рэжа блокі на асобныя цаглінкі. Яны накіроўваюцца ў цэх садкі – туды, дзе цэглу садзяць на спецыяльныя паддоны, каб яна прасохла.

Потым абпальваюць пры тэмпературы 1050 градусаў. Далей ідзе ўпакоўка і адгрузка на склады.

– Цэгла на складах у нас не залежваецца. Уся знаходзіць свайго пакупніка. Адзінае, што цяпер цяжкасці са спагнаннем даўгоў з нашых пакупнікоў.

У бліжэйшых планах цагельні адкрыць цэх па вытворчасці цэглы для аддзелкі фасадаў.

Сімвал газеты – карова!

Пазнаёміцца бліжэй з калектывам завода мы змаглі пасля экскурсіі па заводзе.

Галоўны рэдактар 'Рэгіянальнай газеты' Аляксандр Манцэвіч.

Галоўны рэдактар ‘Рэгіянальнай газеты’ Аляксандр Манцэвіч.

Гурт 'Гутатэлі'.

Гурт ‘Гутатэлі’.

“Рэгіянальная газета” зладзіла адмысловую сустрэчу з калектывам завода, з нашымі цяперашнімі і будучымі падпісчыкамі. Кожны атрымаў у падарунак новы нумар газеты.

Рэдактар газеты Аляксандр Манцэвіч расказаў пра гісторыю газеты. Пасля афіцыйнай часткі для ўсіх прысутных зайграў беларускі гурт “Гутатэлі”.

А аддзел інфармацыі правёў віктарыну.

Адным з пытанняў было: “Якая жывёліна з’яўляецца сімвалам газеты?” Убачыўшы, што на першай старонцы мінулага нумара газеты фота каровы, у зале ўпэўнена адказалі: “Карова!”

А вы ведаеце, хто сімвал “РГ”?