Прысудам суда Вілейскага раёна ад 10 жніўня прызнана вінаватай і асуджаная жанчына, якая ў Вілейцы абліла аўтамабіль фарбай.

У выніку пашкоджаны і знішчаны элементы і дэталі аўтамабіля на суму больш за сем з паловай мільёнаў рублёў. Пацярпеламу з улікам аднаўленчых прац нанесеная шкода амаль на 10 мільёнаў рублёў – у значным памеры.

Грамадзянку асудзілі да пакарання ў выглядзе штрафу ў 50 базавых велічынь (дзевяць мільёнаў рублёў). Прысуд уступіў у законную сілу.

Аж да пазбаўлення волі

Суд Вілейскага раёна сёлета за мінулы перыяд разгледзеў дзве крымінальныя справы па фактах знішчэння або пашкоджання маёмасці, за 2014 год – тры.

Летась аднаго асуджанага пакаралі абмежаваннем волі на тэрмін чатыры гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – за падпал аўтамабіля і прычыненне шкоды ў буйным памеры. За аналагічнае злачынства яшчэ аднаго пакаралі абмежаваннем волі на тры гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. А аднаго пазбавілі волі на чатыры гады за падпал дома і прычыненне шкоды ў буйным памеры.

Нішчаць і шкодзяць маёмасць часцей за ўсё нападпітку

Адказнасць за знішчэнне або пашкоджанне маёмасці прадугледжана артыкулам 218 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Крымінальная адказнасць за ўчыненне гэтага злачынства, прадугледжанага часткай першай, надыходзіць з 16 гадоў, па частках другой і трэцяй – з 14-гадовага ўзросту.

Вялікі працэнт такіх злачынстваў здзяйсняецца людзьмі ў нецвярозым стане. Палова асоб, якiя ўчынілі падобныя злачынствы, маюць псіхічныя недахопы, а ў 90% выпадкаў – хранічныя алкаголікі. Гэта кажа пра недастатковую прафілактычную работу і кантроль за імі дзяржаўных органаў, абавязаных ажыццяўляць такую дзейнасць.

Даведка “РГ”. Шкодай у значным памеры прызнаецца шкода, якая ў 40 і больш разоў перавышае памер базавай велічыні на дзень здзяйснення злачынства. Шкодай у буйным памеры – у 250 і больш разоў. Адказнасць за знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ў меншых памерах прадугледжана артыкулам 10.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі.