Багатымі на галы выдаліся для нашых камандаў дамашнія гульні 19 тура чэмпіянату Мінскай вобласці. Прайшлі яны 13 верасня. “ДЮСШ-4” з Маладзечна разграміла моцную каманду “Старыя Дарогі” 6:1.

Па два галы на рахунку Вышынскага і Чабрыцкага, яшчэ па адным забілі Лавор і Талстой.

“Забудова-Буд” з Чысці абыграла “Беразіно” 5:3. Хет-трыкам адзначыўся Аляксей Ляўковіч.

“Вілія” з Вілейкі разграміла аўтсайдара ФК “Нясвіж” 5:0. Два галы забіў Ярашэвіч, па адным разе вызначыліся Цырук, Ермакоў і Антановіч.

– Лік мог быць і двухзначны, каб іх варатар іх не так цягнуў усё і нам шчасціла. Тры разы нашы футбалісты траплялі ў перакладзіну і штангу, –  расказвае  заўзятар “Віліі” Артур Мінчук

На полі не было з першых хвілін Аляксандра Грыхуціка, не гулялі асноўныя гульцы – Кулеш, Сяліцкі.

– У другім тайме выпусцілі моладзь на поле. Але нічым яна не запомнілася, хоць бачна было, што старалася, – кажа Артур. – Рады за хатні дэбют свайго сябра Вадзіка Ярашонка на пазіцыі абаронцы. У нашага варатара працы практычна не было. Але, думаю, моцна радавацца гэтаму поспеху не варта. “Нясвіж” знаходзіцца на апошнім месцы, хоць і стараліся гульцы як маглі і хацелі распячатаць нашы вароты. Патрэбна рыхтавацца да наступных гульняў. Апроч матчаў на выездзе, будуць тры апошнія дамашнія гульні. Гэта з лідарам чэмпіянату “Коласам” з Чэрвеня, вельмі моцнай камандай з Дзяржынску “Фалько”, якімі мы былі бітыя 6-0. Трэба пастарацца ўзяць рэванш за крыўдныя паражэнні. Таксама дома сустрэнемся з аўтсайдарам “Капылём”.