Клапаціцца пра ўласную кватэру Аксана пачала некалькі год таму. Сабрала неабходныя дакументы, стала ў чаргу. За гэты час у сям’і нарадзілася яшчэ трое дзяцей і стала відавочна, што далей так жыць нельга.

– У райвыканкаме нам прапанавалі зямельны ўчастак, – расказвае Аксана, – абяцалі, што дом на ім пабудуюць хутка. Участак той паміж Чысцю і Мазалямі. Прыехалі мы туды, а там гразь па калена. Вядома, адмовіліся. Тут жа з выканкама прыйшла папера, што мы самі адмовіліся ад участка. Я кажу: “Як шматдзетная сям’я мы ў чарзе на паляпшэнне ўмоў 242-я. Чаму ж папярэдняя 241 сям’я адмовілася ад вашага ўчастка?”

Аксана Шымель не першы год збірае ўсе адказы ад уладаў у асобную тэчку. Фота Наталлі Тур.

Аксана Шымель не першы год збірае ўсе адказы ад уладаў у асобную тэчку. Фота Наталлі Тур.

Як патлумачылі “Рэгіянальнай газеце” ў Чысцінскім савеце дэпутатаў, існуе дзве чаргі. Калі ў агульным спісе сям’я Шымель 242-я, то ў спісе на выдзяленне зямельных участкаў яны першыя. А ўсяго ў спісе дзевяць сямей. 

Якое вы маеце права патрабаваць заробак мужа?

Летась Аксана запісалася на прыём да старшыні Мінскага абл­выканкама Сямёна Шапіры.

– Пакуль я недзе з паў­года чакала прыёму, у мужа пачаліся праблемы з працай. Ён тады працаваў на “Забудове”. Заробак быў паўтара мільёна, і тое яго дзялілі на чатыры часткі. Хадзіла, сварылася, патрабавала грошы. Мне тады дзяўчаты з бухгалтэрыі адказвалі: “А якое вы маеце права патрабаваць заробак мужа? Афармляйце аліменты, тады і хадзіце сюды”.

Аксана патрабавала ў мужа звольніцца і шукаць іншую працу. На што на рабоце мужу адказалі: “Звальняйцеся, але тады і інтэрнат вызваляйце”.

У красавіку Аксану выклікалі на прыём да Сямёна Шапіры.

Старэйшая дачка Надзя даўно ўзяла частку абавязкаў па выхаванні малодшых сясцёр на сябе. Фота Наталлі Тур.

Старэйшая дачка Надзя даўно ўзяла частку абавязкаў па выхаванні малодшых сясцёр на сябе. Фота Наталлі Тур.

– Я яму расказала ўсю сваю сітуацыю. Ён спытаўся, дзе працуе муж. На той момант з “Забудовы” муж усё ж звольніўся. Шапіра даручыў уладкаваць на працу мужа. І за гэта я яму ўдзячная. Мужа прынялі ў “Камунальнік” электрагазазваршчыкам.

Але пытанне з жыллём так і засталося адкрытым.

– Я кажу: чаму сем’ям, у якіх выхоўваюцца прыёмныя дзеці, адразу даюць катэджы, а нам не могуць даць нават кватэру? На што Сямён Шапіра сказаў: “А вы гатовыя ўзяць некалькі прыёмных дзяцей? Будзе тады і вам катэдж”. Я сама расла ў вялікай сям’і, магла б і ўзяць дзетак. Толькі на той момант малодшай дачцэ, Каці, чатыры месяцы было. Сказала, што трэба меньшых дзяцей падгадаваць.

Згодна з указам №563, прэтэндаваць на паляпшэнне жыллёвых умоў могуць тыя, чыя жылая плошча на чалавека меней за 15 квадратных метраў.

Сямён Шапіра ўзяў пытанне пад асабісты кантроль. Сям’і Шымель прапанавалі трохпакаёвую кватэру па вуліцы Віленскай, у доме, які яшчэ не здалі.

– Хочацца верыць, што мы ўсё ж трапім у гэту кватэру. Але як мне тлумачылі, выканкам гатовы аплаціць яе па сабекошце. А кватэры ў доме ўжо выстаўленыя на продаж па рыначнай цане.

“Сачыць за дзецьмі трэба лепей”

Пакуль жа сям’я жыве на пятым, апошнім, паверсе ў інтэрнаце.

– Я выпісала спіс жыхароў, што жывуць на першых паверхах, прапаноўвала памяняцца, але ніхто не захацеў.

У Аксаны прыроджаны парок сэрца, ёй цяжка падымацца і адной на пяты паверх, а калі з дзецьмі, яшчэ цяжэй.

Пакуль старэйшыя дочкі Надзя і Віка ў школе, Аксана выходзіць на вуліцу з трыма малодшымі. Юлі чатыры го­дзікі, Тані – два, Каці цяпер восем месяцаў. Аднойчы прагулка магла скончыцца трагедыяй.

Аксана малодшую дачку панесла дамоў, Юля таксама закапрызіла. Аксана папрасіла двухгадовую Таню пасядзець на дзіцячым роварчыку ў двары.

Пакуль несла дваіх дзяцей на пяты паверх, пачула ўнізе крык. Таня плакала на ўвесь двор.

Аксана кінула дзвюх дзяўчынак у пакоі і пабегла ўніз.

Аказалася, што суседскі хлопчык хацеў зачапіць вяроўкай роварчык, а зачапіў Таню за шыю.

У двары плач, крык. Хлопчык сам спалохаўся і плача, мама яго просіць прабачэння, Таня крычыць.

На лавачцы побач з месцам, дзе гулялі дзеці, сядзіць жанчына і кажа:

– Сачыць за дзецьмі трэба лепей, не пакідаць адных у двары.

– У мяне ад такой заў­вагі аж слёзы на вачах навярнуліся, – кажа Аксана. – Зрэшты, не толькі ад гэтага.

Нядаўна пасёлак Чысць адзначыў сваё 60-годдзе. Калі на сцэне пачалі ўзнагароджваць шматдзетныя сем’і, сям’ю Аксаны на сцэну так і не выклікалі.

– Я потым запыталася, чаму так. А мне адказалі: такі спіс далі ў сельсавеце. А як патлумачыць маім дзецям, што яны засталіся без нічога, калі іншыя дзеці з такіх жа сямей хваліліся падарункамі перад маімі дзяўчаткамі?  Ды не ў падарунках справа, справа ў адносінах. Муж цяпер дастаткова зарабляе. Мы можам сабе дазволіць многае. Але куды гэта ўсё ставіць? Тыдзень таму нарэшце набылі пральную машыну. І стаіць яна пасярод кухні, адной на тры сям’і, побач са сталом, таму што іншага месца няма.

  Пральная машына стаіць пасярод кухні. Фота Наталлі Тур.

Пральная машына стаіць пасярод кухні. Фота Наталлі Тур.

У Чысцінскім сельсавеце 87 шматдзетных сямей

Пракаментаваў сітуацыю старшыня Чысцінскага савета дэпутатаў Анатоль Пяцюшык:

– На тэрыторыі Чысцінскага сельсавета 87 шматдзетных сямей. Дзве яшчэ на падыходзе. Ну, не можам мы віншаваць або адзначаць іх усіх адначасова.

Што датычыцца сітуацыі са святам пасёлка, там, насамрэч, трэба было выбраць тры шматдзетныя сям’і.

– Мы выбралі сем’і, у якіх выхоўваюцца больш за шэсць дзяцей, у якіх маці ўзнагароджаныя ордэнам Маці. Паверце, мы сям’ю Шымель заўсёды трымаем на кантролі.

Анатоль Міхайлавіч расказаў, што сям’і двойчы прапаноўвалі зямельныя ўчасткі. Ад першай прапановы яны адмовіліся, на другую прапанову пакуль рашэння няма.

– Ім прапанавалі звярнуцца ў “Забудову-будкомплекс” наконт пытання па долеваму будаўніцтву, але яны пакуль туды не звярталіся.

Было непаразуменне у сям’і Шымель і мясцовых уладаў напярэдадні Новага года.

– На дабрачынную ёлку мы запрашаем шматдзетныя сем’і, сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. І, праверце, сям’я Шымель заўсёды наперадзе гэтага спісу.

А Аксана Шымель скардзіцца на тое, што ў двух пакойчыках, дзе яны жывуць, месца няма нават для шафы.

– Калі мяняецца сезон, даводзіцца ездзіць да маёй маці ў Вілейскі раён. Адвозіць туды мяхі летняга адзення і прывозіць у Чысць цёплую вопратку на восень, – кажа Аксана. 

А дзеці мараць пра двух’ярусны ложак.

У Вікі любімы ўрок у школе - фізкультура. Фота Наталлі Тур.

У Вікі любімы ўрок у школе – фізкультура. Фота Наталлі Тур.

Адзенне ў сям'і Шымель вісіць на цвіках наўпрост на сценах. Фота Наталлі Тур.

Адзенне ў сям’і Шымель вісіць на цвіках наўпрост на сценах. Фота Наталлі Тур.