Расследаванне справы аб карупцыі ў дзейнасці Ашмянскай мытні працягваецца. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску 15 верасня заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юры Сянько.

У сакавіку Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі праваахоўнымі органамі выявіў карупцыю ў Ашмянскай мытні. У злачынную дзейнасць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад мытнага паста “Каменны Лог”. Паведамлялася пра затрыманне 19 чалавек. У мытнікаў канфіскавалі больш за 2,2 мільёна долараў.

“Шэраг крымінальных спраў ужо накіравалі ў суд. Але Камітэт дзяржбяспекі і Следчы камітэт працягваюць расследаванне гэтай гучнай карупцыйнай справы. Усяго затрымалі каля 40 супрацоўнікаў”, – паведаміў Юры Сянько.