Канцэрт “Не для мяне прыйдзе вясна …” пройдзе ў Вілейскім Палацы культуры 25 верасня. Прысвечаны ён памяці віляйчанкі Наталлі Салавай.

Яна памерла летась 12 жніўня: было Наталлі толькі 29 год.

Яна доўгі час была салісткай узорнай эстраднай студыі “Экспромт” у Вілейцы. У 2004 годзе заваявала Гран-пры фестывалю “Адна зямля”. Скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра  Беларусі імя Жыновіча, ансамбля казацкай песні “Бацька Атаман” з Мінска.

– Канцэрт чакаецца як душэўны вечар памяці Наталлі, – кажа дырэктар Вілейскага палаца культуры Алеся Высоцкая. – Мяркую, людзі прыйдуць на канцэрт аддаць часцінку душы, удзяліць увагу родным Наталлі, пакажуць, што горад яе памятае.

Наталля была неардынарным чалавекам, прыгадвае Алеся Высоцкая:

– Яна мела ўнікальны голас, які складна з чымсьці параўнаць. Наталля была і эстраднай спявачкай, і цудоўна валодала народнай манерай выканання. Калегі ўспамінаюць, што яна была сапраўдным упрыгожваннем ансамбля “Бацька Атаман” – бы тая кветка.

У канцэрце прыме ўдзел Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Жыновіча. Яго мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – ураджэнец Вілейшчыны, народны артыст Беларусі прафесар Міхаіл Казінец. Таксама выступіць ансамбль казацкай песні “Бацька Атаман”.

Магчыма, прыедуць яшчэ іншыя артысты. Пачуўшы, што ў Вілейцы пройдзе канцэрт памяці Наталлі, яны пачалі тэлефанаваць: хочуць спець на канцэрце і тым самым аддаць даніну павагі Наталлі.

Пачатак – у 18 гадзін. Канцэрт платны. Атрыманыя сродкі пералічаць у дапамогу Вілейскаму анкалагічнаму дыспансеру.

Памерла віляйчанка Наталля Салава, уладальніца Гран-пры фестывалю “Адна зямля-2004”