19 верасня

110 гадоў (1905) з дня нараджэння Янкі Туміловіча (в. Сяліба ці в. Жалін, цяпер Бярэзінскі р-н), настаўніка, паэта.

1991 год. Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову аб змене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. Дзяржаўным гербам была зацверджана “Пагоня”, а дзяржаўным сцягам – бела-чырвона-белы сцяг.

20 верасня

70 гадоў таму назад (1945) у Мінску адкрыўся літаратурны музей Янкі Купалы.

21 верасня

1610 год. Уваход у Маскву войска Рэчы Паспалітай на чале з Гансеўскім пасля абвяшчэння баярамі маскоўскім царом каралевіча Уладзіслава Вазы.

40 гадоў з дня смерці (1975) Міхася Лынькова, празаіка, літаратуразнаўца, акадэміка. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

100 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Папова (1915 – 1984), беларускага рэжысёра, педагога, народнага артыста Беларусі.

95 гадоў з дня нараджэння Сяргея Мусінскага (1920 – 2008), заслужанага архітэктара Беларусі. Таленавіты архітэктар і мастак, кіраўнік і настаўнік вялікіх калектываў з досведам, бескампрамісны барацьбіт за Архітэктуру, майстар, чыя творчасць жыве і ўпрыгожвае аблічча беларускай сталіцы.

22 верасня

100 гадоў назад (1915) пачалася аперацыя па вызваленні Вілейкі, а праз дзень рускія войскі вызвалілі Вілейку ад нямецкіх акупантаў.

165 гадоў назад (1850) памёр Францішак Дзеружынскі, рэлігійны дзеяч, адзін з пачынальнікаў вышэйшай адукацыйнай сістэмы ў ЗША.

135 гадоў назад (1880) памёр Уладзіслаў Сымановіч, доктар, удзельнік паўстання 1863-1864 гг. Нарадзіўся ў Вільні каля1831 г.

23 верасня

Партрэт Юльяна Сергіевіча, які напісаў Аляксандр Грышкевіч.

Партрэт Юльяна Сергіевіча, які напісаў Аляксандр Грышкевіч.

105 гадоў назад (1910) нарадзіўся Юльян Сергіевіч (в. Юраўшчына, цяпер Маладзечанскі раён), паэт, мастак.

Імя яго доўгі час было пад замком забыцця.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай школе, а далей займаўся самаадукацыяй. Пасля службы ў польскай арміі (1932–1933) скончыў сельскагаспадарчыя курсы. У сярэдзіне 1920-х быў актывістам БСРГ і ТБШ. З нападам Германіі на Польшчу ў верасні 1939 мабілізаваны ў польскую армію.

Трапіў у нямецкі палон. Знаходзіўся ў лагерах для ваеннапалонных (разам з Янкам Брылём), на рабоце ў нямецкага баўэра, дзе яго выкупілі і перавезлі ў Берлін. Там працаваў у Камітэце беларускай самапомачы, якога галоўнай мэтай была апека над беларусамі, былымі жаўнерамі польскага войска, што трапілі ў нямецкі палон. А такіх было 70 тысяч. Узначальваў камітэт Мікола Абрамчык, былы настаўнік Сергіевіча. Вярнуўшыся на Радзіму пасля вайны, настаўнічаў у вёсках Ленкаўшчына і Манішчыцы Маладзечанскага раёна. Арыштаваны ў 1946-м. Да 1956 года знаходзіўся ў лагерах Поўначы, Сібіры, Казахстана. Потым працаваў у калгасе імя Леніна Маладзечанскага раёна.

Друкаваўся ў перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, найперш у часопісе “Маланка” і газеце “Шлях моладзі”; у калектыўным зборніку заходнебеларускіх пісьменнікаў “Рунь веснаходу” (Вільня, 1928). Пісаў сцэнарыі для самадзейных калектываў. Пасля вайны і лагераў друкаваўся мала, пераважна ў маладзечанскай раённай газеце. Некаторыя творы былі апублікаваны ўжо пасля яго смерці.

Асобныя творы ўключаныя ў зборнік “Ростані волі” (1990). Як мастак размалёўваў насценныя кілімы, пісаў тэматычныя карціны з жыцця вёскі. Мастацкія творы Сергіевіча экспанаваліся на рэспубліканскай выставе ў 1978. Яго вобраз стаў прататыпам аднаго з герояў рамана Янкі Брыля “Птушкі і гнёзды”, таксама вобраз Сергіевіча як настаўніка створаны ў кнізе польскага празаіка Збігнева Жакевіча “Воўчыя лугі”. Сергіевічу прысвяціў частку ўспамінаў краязнаўца Генадзь Каханоўскі, які актыўна ліставаўся з ім.

80 гадоў назад (1935) у савецкай турме ва Уфе памёр Лявон Заяц, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, мемуарыст. Нарадзіўся ў вёсцы Даўгінава, цяпер Вілейскі раён (сакавік1890 г.).

24 верасня

200 гадоў назад (1815) нарадзілася Габрыэля Альбіна Пузына (г. Вільня), польская паэтэса, мемуарыстка. Жыла ў Дзевятні (цяпер Смаргонскі раён).

1893 год. Нарадзілася Паўліна Мядзёлка (мястэчка Будслаў, цяпер Мядзельскі раён), актрыса, мемуарыстка, дзеяч культуры.