Гімназіі №6 і №10 у Маладзечне апрабуюць навінку. 

Якія перавагі дае новаўвядзенне, распавяла дырэктар гімназіі №10 Таццяна Камкова.

Самафінансаванне дае больш магчымасцяў фарміраваць штатны расклад і бюджэт. Установа адукацыі ведае, якую суму мае, і адпаведна размяркоўвае, колькі выдаткаваць на аплату паслуг, а што можа выдзеліць на пакупкі і іншыя патрэбныя артыкулы расходаў.

Сярод асноўных пераваг для гімназіі – павышэнне пазабюджэтных сродкаў, якія застануцца ў гімназіі, а кіраўніцтва зможа іх выдаткоўваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццё ўстановы адукацыі.

Сістэма дазваляе больш самастойна распараджацца даходамі ад пазабюджэтнай дзейнасці. Сярод іх апякунскія сродкі, добраахвотныя ўзносы бацькоў, спонсарская дапамога, прыбытак ад платных паслуг. Гімназія арганізуе заняткі на платнай аснове па асобных прадметах, па падрыхтоўцы да паступлення ў першы клас, да здачы ўступных іспытаў у пяты, камп’ютарныя курсы для дарослых, спартыўна-аздараўленчыя заняткі. Збор металалому і макулатуры таксама ідзе ў скарбонку гімназіі.

Пераход на фінансавую самастойнасць стымулюе самім эканоміць электра- і цеплаэнергію. Члены калектыву пра гэта думаюць усё больш, таму што ў пэўнай ступені ад эканоміі залежыць зарплата.

Дырэктар гімназіі Таццяна Камкова.

Дырэктар гімназіі Таццяна Камкова.

Да пераходу на фінансавую самастойнасць рыхтаваліся загадзя. Яшчэ поўны круг, поўны фінансавы год гімназія не прайшла ў новых умовах і цалкам не адчула ўсю эфектыўнасць сістэмы. Але ўжо ёсць вынікі.

Бухгалтэрыя цяпер месціцца ў гімназіі як асобнае структурнае падраздзяленне. У ёй два бухгалтары і галоўны бухгалтар. Гэта нашмат больш зручна для ўсяго калектыву. Не трэба ісці ў аддзел адукацыі, напрыклад, калі згубілі картку, ці вырашыць іншыя пытанні па выплатах.

– Гэта яшчэ не ўсе перавагі, – дадае Таццяна Камкова. – Мы можам больш проста і хутка прымаць кіраўнічыя рашэнні, пашыраем кола дзелавых зносін з калегамі. Чым у большым коле спраў ты ўдзельнічаеш, тым больш развіваешся. Вядома, самафінансаванне не адмаўляе бюджэтныя сродкі. І нам, і гімназіі №6 аддзел адукацыі, спорту і турызму выдзеліў пэўны бюджэт. А мы цяпер падрыхтавалі бюджэтны каштарыс на 2016 год. Ужо самі ўпершыню паспрабавалі сфарміраваць. Залажылі зарплату, што плануем набыць, усе іншыя артыкулы.

Эканомія дазволіць больш зарабляць

Перамены з прэміямі і надбаўкамі настаўнікаў пакуль не чакаюць – іх налічваюць у адпаведнасці з дадаткам да калектыўнай дамовы пра матэрыяльнае стымуляванне. Аднак будзе фарміравацца фонд эканоміі. І з яго можа атрымацца выдаткоўваць сродкі на павышэнне зарплаты. 

Гімназія плануе павялічыць прыбытак – пашыраць спектр прадметаў, па якіх аказваюць платныя паслугі. Магчыма, адкрыюць новыя курсы. Досвед у гэтай справе маюць: раней праводзілі курсы польскай мовы.

– За ўсю педагагічную дзейнасць у мяне яшчэ не было такога пазітыўнага настрою, як сёлета, – падсумоўвае Таццяна Камкова. – Мы працуем як адна каманда, імкнёмся да аднаго выніку – развіцця гімназіі, камфортных умоў. І для вучняў, і для бацькоў, і для педагогаў самае галоўнае – пазітыўны настрой, унутраны спакой і ўпэўненасць у сабе.

Гімназія №10 стымулюе і вучняў добра вучыцца і ўдзельнічаць у даследчай рабоце і алімпіядах. Для заахвочвання выплачваюць аднаразовую стыпендыю апякунскага савета, якую ўручаюць на гімназічных лінейках. Уручэнне вельмі ўрачыстае, а стыпендыя прэстыжная. Вучань атрымлівае сертыфікат, які можна размясціць у кутку дасягненняў, а за грошы зрабіць сабе сюрпрыз.

– Вельмі важна, што вучні бачаць: зарабіць можна і інтэлектуальнай працай, – падкрэслівае дырэктар гімназіі. – Самы вялікі памер стыпендыі дасягаў 400 тысяч рублёў. Для школьнікаў гэта прыстойныя грошы.

“Толькі так і павінна быць”

Досвед працы па прынцыпе самафінансавання ўжо маюць гімназія-каледж мастацтваў і Радашкавіцкая школа-інтэрнат. Сваю ацэнку сістэме мы папрасілі даць дырэктара школы-інтэрната Ігара Дзятлоўскага:

– Мы заўсёды так працавалі. Лічу, што толькі так і павінна быць. Мы самі пралічваем, як размеркаваць бюджэт, а таксама пазабюджэтныя сродкі. І якія мэты першачарговыя, нам нашмат больш зразумела, чым чалавеку з аддзела адукацыі, адарванаму ад нашай установы.

Мінскі аблвыканкам мае на мэце перавесці на самафінансаванне і іншыя школы вобласці.

Як святкуюць 1 верасня ў маладзечанскай гімназіі №10 (Фотарэпартаж)

Дзве школы ў Маладзечне плануюць перавесці на самафінансаванне