Тэму пра тое, што гандлёвыя рады на Цэнтральнай плошчы будуць зносіць, узняла на мінулым тыдні Святлана Хрусталёва, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Маладзечанскага райвыканкама.

– На сайце выканкама ад 2013 года вісіць прапанова для інвестараў на будаўніцтва на Цэнтральнай плошчы будынка адміністрацыйнага прызначэння. Толькі пакуль ніхто не зацікавіўся прапановай.

Пакуль пытанне з будаўніцтвам не вырашанае, на плошчы будзе паркоўка для аўтатранспарту.

Маладзечанскі райвыканкам падаваў дакументы на дазвол будаўніцтва на гэтым месцы шматпавярховага жылога дома. Планавалася, што на першым паверсе гэтага дома будуць магазіны ці іншыя грамадскія ўстановы. Але ў камітэце архітэктуры і будаўніцтва Мінаблвыканкама адмовілі.

Што датычыцца магазінаў, якія гараджане называюць “сцякляшкамі”, то рашэнне на іх знос ёсць.

Уласнік падаваў у суд, каб аспрэчыць гэта рашэнне, але суд адмовіў яму ў праве падаўжэння карыстання гэтым зямельным участкам.

Начальнік землеўпарадкавальнай службы Маладзечанскага райваканкама Дзмітры Клопаў патлумачыў:

– Рашэнне суда яшчэ не ўступіла ў сілу. Ва ўласніка зямельнага ўчастка ёсць 10 дзён, каб аспрэчыць гэтае рашэнне ў судзе. Калі гэтага не будзе, праз 10 дзён можна будзе агучваць дату зноса крамаў на плошчы.

– Вядома, мы будзем аспрэчваць гэтае рашэнне ў судзе, – тлумачыць дырэктар ТАА “МІГ – 07” Іван Мятліцкі. – За нашых арандатараў я буду змагацца. Цяпер у магазінах і кавярні агулам працуе 21 чалавек. Людзі напалоханыя, што застануцца без працы. Я б яшчэ зразумеў, каб на гэтым месцы нешта планавалася будаваць. А так на мінулым паседжанні суда прадстаўнікі Маладзечанскага райвыканкама самі сказалі, што ў бюджэце няма грошай на будоўлю і інвестараў таксама няма. І што, знясуць магазіны, і будзе голае поле?

На гэтым месцы павінен з’явіцца будынак адміністрацыйнага прызначння. На пытанне пра тое, ці можа гэта быць новы ЗАГС, Святлана Хрусталёва адказала:

– Размовы пра тое, што гораду патрэбны новы ЗАГС, вяліся яшчэ перад “Дажынкамі”. Называлася месца як на плошчы, так і ў парку, на месцы былой танцпляцоўкі. Але зноў усё ўпіраецца ў грошы. Першапачатковая задача – пабудаваць садок-школу ў 14 мікрараёне