25 верасня грамадскасць Беларусі будзе адзначаць 250 год з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.
Адным з ініцыятараў і “рухавікоў” ідэі адраджэння і ўшанавання памяці Агінскага ў Беларусі стаў заслужаны дзеяч культуры, кавалер ордэна Францішка Скарыны, дырэктар Маладзечанскага музычнага каледжа Рыгор Сарока. Дзякуючы яго намаганням у 1995 годзе музычнаму каледжу прысвоілі імя кампазітара. У лістападзе 1995 года фасад каледжа ўпрыгожыла копія мемарыяльнай дошкі, прысвечанай Міхалу Клеафасу, а яе арыгінал у 1996 годзе ўсталявалі ў Фларэнцыі, на фасадзе дома, дзе кампазітар правёў свае апошнія гады.
1 верасня 2001 года дзякуючы намаганням Рыгора Сарокі і яго паплечнікаў на пляцоўцы перад уваходам у музкаледж усталявалі адзіны ў Беларусі помнік Агінскаму. Аўтарам абодвух твораў стаў скульптар Валяр’ян Янушкевіч.
Рыгор Сарока стаў ідэйным натхняльнікам стварэння першай нацыянальнай оперы, прысвечанай асобе Міхала Клеафаса. Дзякуючы зладжанай працы кампазітара Алега Залётнева, лібрэтыста Сяргея Макарэя, сімфанічнага аркестра каледжа і яго кіраўніка, салістаў і змешанага хору ў 2013 годзе на сцэне Палаца культуры адбылася прэм’ера оперы “М.К. Агінскі. Невядомы партрэт”.
Рыгор Сарока
Ад 2012 года ў Маладзечне працуе дабрачынны фонд “Спадчына М.К. Агінскага”. З удзелам членаў фонду стварылі дакументальны фільм “Рана ў сэрцы. М.К. Агінскі” (рэжысёр Анастасія Мірашнічэнка), паставілі оперу Алега Залётнева і выдалі яе партытуру, перавыдалі буклет “Вяртанне” (аўтары Вольга Корсак і Вольга Царык), зладзілі музычнае турнэ “Музыка княжага роду Агінскіх”.
У межах святкавання юбілею вялікая работа вядзецца ў вёсцы Аборак, дзе нарадзіўся асабісты сакратар Агінскага Леанард Ходзька. Сіламі прадстаўнікоў фонду і супрацоўнікаў музкаледжа вычысцілі тэрыторыю, дзе знаходзіўся касцёл святога Роха, адрэстаўравалі крыж, зрабілі падмурак для малення, прывялі ў належны выгляд фамільны склеп Ходзькаў-Дэдэркаў, знайшлі камяні з імёнамі роду.
Да кастрычніка завершаць частку рэстаўрацыі: адновяць браму, паставяць агароджу, усталююць памятную дошку і камень на месцы, дзе стаяў дом Ходзькі.
За апошнія гады адбылося сапраўднае вяртанне Агінскага на Радзіму.
Падчас святкавання юбілею ў музкаледжы пройдуць канцэрты, музычна-літаратурныя вечары, навуковыя канферэнцыі, мультымедыйныя прэзентацыі, мастацкія выставы.