Дзесяць галоў на дваіх. “Смаргонь” перамагла ў звышвыніковым матчы

Дзесяць галоў забілі ў матчы першай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе ў Лідзе 20 верасня. Мясцовы клуб прымаў “Смаргонь” і прайграў 4:6. Каманды пачалі забіваць галы з восьмай хвіліны і спынілася толькі на 80-й.

Хет-трык у смаргонцаў зрабіў Аляксандр Ануфрыеў. Ігар Крывабок забіў адзін гол і зрабіў тры галявыя перадачы.

– Гульня атрымалася звышвыніковая, гледачам на трыбунах не давялося сумаваць, – прыводзіць словы галоўнага трэнера “Смаргоні” Мікалая Рындзюка афіцыйны сайт клуба. – Можна сказаць, што нам сёння адплацілася за ўсё тое, што мы не забілі ў папярэдніх гульнях. Рады, што вызначыліся шэсць разоў, але засмучае, што па-ранейшаму прапускаем.

 Відэагляд матча з сайта fc-smorgon.by

 

 “ДЮСШ-4” з Маладзечна згуляла ўнічыю з лідарам

 “ДЮСШ-4” з Маладзечна  20 верасня згуляла ў гасцях ўнічыю з лідарам,“Коласам” з Чэрвеня, 1:1. Па-ранейшаму маладзечанцы займаюць другое месца і адстаюць ад “Коласа” на чатыры ачкі.

“Забудова-Буд” дамагліся дамашняй перамогі 6:2 над ”Капылём”.

Прайграла 20 верасня з нашых камандаў толькі “Вілія”. У гасцях віляйчане саступілі 1:2 “Беразіно”.

Каманда з Чысці ідзе на шостым месцы, “Вілія” – на сёмым.

Каманда з Мядзела пазмагаецца ў аматарскай валейбольнай лізе

Каманда “Мядзел ФАЦ” прыме ўдзел у чэмпіянаце адкрытай аматарскай валейбольнай лігі  Мінска. Будзе яна змагацца ў другім дывізіёне. Першая гульня намечаная на 27 верасня.

Гулялі ў футбол і дзяўчаты, і юнакі

У Мядзельскім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры ў рамках адзінага тыдня масавага футбола УЕФА 11 верасня прайшоў турнір сярод дзяўчат. Першае месца заняла каманда Мядзельскай СШ №1.

А назаўтра гулялі юнакі. Перамагла каманда Мядзельскага ясляў-сада-сярэдняй школы, паведаміў дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Андрэй Русак.