Віляйчанін вярнуўся з лесу і знайшоў на целе кляшча. Выцягнуў яго сам, у бальніцу не звяртаўся.

Ужо і забыўся пра гэты выпадак, калі праз нейкі час  давялося ісці да доктара са скаргамі на болі ў суставах і мышцах і слабасць. Аказалася, з-за укусу кляшча захварэў на хваробу Лайма.

Амаль па такім сцэнарыі разгортваліся падзеі ў Вілейскім раёне, дзе сёлета зафіксавалі тры выпадкі хваробы Лайма. Летась быў толькі адзін.

За восем месяцаў на Вілейшчыне да медыкаў звярнуліся 77 чалавек з укусам кляшчоў. Гэта значна больш, чым летась, расказвае доктар-эпідэміёлаг Вілейскага РЦГЭ Кацярына Матошка.

Сезон актыўнасці кляшчоў яшчэ не скончыўся. Заканчваецца ён звычайна ў кастрычніку.

 Спецыяліст раіць асаблівую увагу звярнуць на дзяцей. Сёлета да медыкаў з укусамі звярнуліся 40 дзяцей і падлеткаў да 17 гадоў. 

– Варыянтаў абароны па вялікім рахунку два: правільнае адзенне – штаны, высокія шкарпэткі, кофта з доўгімі рукавамі, галаўны ўбор. І добры рэпелент: спрэі, крэмы, мазі, – тлумачыць Кацярына Матошка. – Другі важны момант – пільны агляд дома. Распраніце дзіця і ўважліва агледзьце з ног да галавы, асаблівую ўвагу надайце валасам. Таксама важна агледзець вопратку – клешч можа схавацца там і прысмактацца, калі дзіця зноў яе надзене.

Нават калі вы вынялі кляшча самі, усё роўна трэба паказаць дзіця доктару. Клешч можа заразіць чалавека многімі вірусамі і бактэрыямі. Яны выклікаюць клешчавы энцэфаліт, барэліёз, гемарагічную ліхаманку і іншыя небяспечныя захворванні.

 Даведка “РГ”. Хвароба Лайма,  ці клешчавы барэліёз – бактэрыяльнае захворванне, якое перадаецца кляшчамі. У месцы прысмоктвання кляшча звычайна праз адзін-два тыдні (часам гэты тэрмін павялічваецца да двух месяцаў) з’яўляецца чырвоная пляма з прасветленай сярэдзінай, якая расце ў памерах. Без своечасовага лячэння хвароба набывае хранічнае цячэнне з цяжкімі паражэннямі сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм, печані і апорна-рухальнага апарата.

Вядомая канадская спявачка Аўрыл Лавін пяць месяцаў была прыкаваная да ложка з-за хваробы Лайма. Падчас адпачынку на прыродзе спявачку ўкусіў клешч. Хвароба ледзь не зрабіла яе інвалідам. 

Аўрыл не магла нармальна дыхаць, ледзь гаварыла і рухалася. Дактары пераблыталі хваробу Лайма са звычайнай стомленасцю. Спявачка паставіла сабе дыягназ сама, перачытаўшы мноства інфармацыі ў інтэрнэце, а пасля яго пацвердзіў доктар.

Парады ад доктара

Што рабіць, калі клешч усё ж такі ўкусіў?

Лепш не спрабаваць выцягнуць кляшча самастойна, а як мага хутчэй звярнуцца да доктара. Калі па нейкай прычыне не можаце патрапіць у паліклініку, прытрымлівайцеся такіх рэкамендацый.

1. Магчыма, вы чулі параду, што на кляшча трэба капнуць некалькі кропель алею, каб перакрыць доступ да кіслароду. Аднак гэты спосаб спрацоўвае не заўсёды. Часам клешч памірае, не выпаўзаючы. Таму лепш паспрабаваць выдаліць яго пінцэтам.

2. Прыцісніце кляшча ватным тампонам, добра прамочаным спіртам. Акуратна прыхапіце яго пінцэтам і пачынайце як бы “выкручваць” супраць стрэлкі гадзінніка, трымаючы пінцэт строга перпендыкулярна. Рабіце гэта павольна, каб у целе не засталася галоўка кляшча.

3. Выдаліўшы кляшча з цела, старанна прадэзінфікуйце месца ўкусу спіртам, ёдам, адэкалонам. Вымыйце рукі.

4. Калі ў целе засталася галоўка кляшча, неадкладна звярніцеся да доктара.

5. Калі ўсё прайшло добра, не спяшайцеся пазбаўляцца ад кляшча. Змясціце яго ў невялікі шкляны слоічак з вільготным кавалкам ваты або папяровай сурвэткі, а затым занясіце ў лабараторыю Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Тут пасля аналізу скажуць, ці з’яўляецца клешч пераносчыкам небяспечных для чалавека захворванняў. У лабараторыю мае сэнс несці толькі цэлага і жывога кляшча.

Калі вы не лічыце патрэбным правяраць кляшча ў лабараторыі, тады спаліце. Гэта самы надзейны спосаб пазбавіцца не толькі ад самога кляшча, але і ад яек, якія могуць знаходзіцца ўнутры насякомага.