Мужчыны вярталіся з палявання на птушку, калі іх аўтамабіль спынілі для праверкі супрацоўнікі Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. У салоне знайшлі тушку прыстрэленай птушкі, аднак не вадаплаўнай, а вушастай савы.

Кіроўца растлумачыў, што падстрэліў саву, нібыта, па памылцы, пераблытаўшы яе з качкай. Відавочна, страляў па незразумела бачнай цэлі, што ўжо з’яўляецца парушэннем.

Фота Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Фота Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

За рэдкую птушку, абвешчаную ў Беларусі птушкай года, яму прыйдзецца кампенсаваць 31,5 мільёна рублёў.

Акрамя сваёй зброі, у аўтамабілі паляўнічыя перавозілі стрэльбу, якая належыць іншай асобе. Большасць знойдзеных у іх патронаў было зараджана карцеччу і кулямі, хоць пры паляванні на птушыную дзічыну дазволена выключна шрот.

Яшчэ большыя падазрэнні выклікаў знешні выгляд аднаго з затрыманых: на руках мужчыны былі бачныя бурыя плямы – меркавана, кроў, а на вопратцы – шматкі воўны. Адзенне і нож паляўнічага, а таксама змывы з яго рук адпраўленыя на экспертызу.

У працэсе разбіральніцтва да месца прыпынку аўтамабіля наблізілася іншая машына. Як толькі дзяржінспектары накіраваліся ў яе бок, кіроўца зрабіў рэзкі разварот і схаваўся.

Вырашаецца пытанне аб узбуджэнні двух крымінальных спраў за незаконнае паляванне.

Фота Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Фота Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.