Каб зрабіць жытло больш утульным, кожная сям’я сутыкаецца з рамонтам. З чаго яго найлепш пачаць, паспрабуем разабрацца разам са спецыялістамі.

Найперш звярніце ўвагу на вокны. Калі яны выглядаюць непрыгожа і прадзімаюцца, час іх замяніць.

Стаўце энергашкло

Як рэкамендуе спе­цыяліст па маркетынгу кампаніі “Окноград” Руслан Пудакевіч, падчас выбару найперш звяртайце ўвагу на вытворцу, фурнітуру, профіль і выгляд шклопакета.

Найбольш вядомыя профілі буйных кампаній “Rehau”, “АРтек” і “КБЕ”.

– Профіль – аснова будучага акна, ад яго залежыць трываласць і даўгавечнасць канструкцыі, – расказвае спецыяліст. – Яны могуць быць трох- альбо пяцікамернымі. Гэта паветраныя падушкі, якія размяшчаюцца па перыметры рамы і забяспечваюць гука- і цеплаізаляцыю. Чым іх больш, тым акно цяплейшае.

Спецыяліст раіць ставіць вокны з энергазберагальнымі шклопакетамі. Энергашкло мае спе­цыяльнае пакрыццё з аксіду срэбра. Яно адбівае цеплыню з памяшкання. Тэрмін службы яго неабмежаваны. Каштуюць такія вокны ненашмат даражэй, але ад іх цяплей у два разы.   

Стаўце вокны з энергазберагальнымі шклопакетамі. Фота maxsolis.ru.

Стаўце вокны з энергазберагальнымі шклопакетамі. Фота maxsolis.ru.

Адразу з вокнамі можна паставіць і ўцепленыя пластыкавыя адкосы.

 Вокны ПВХ можна ўстанаўліваць, калі на дварэ да –10 градусаў.

 Руслан Пудакевіч не раіць устаўляць акно ПВХ у старую раму.

– Звычайна такі варыянт устаноўкі выбіраюць людзі, якія жывуць у прыватных дамах альбо ў вясковых. Вядома, за акно вы заплаціце менш, аднак цяплей ад гэтага ў доме не стане. Старая рама струхнела, пакля альбо мох праселі. Таму лепш выняць старую раму, уцяпліць акно па-сучаснаму – пенай.

Спецыяліст раіць не эканоміць на фурнітуры. Больш дарагая адрозніваецца большым тэрмінам службы, большай зручнасцю, мякчэй адкрываецца.

Для большага тэрміну службы фурнітуры і гумы трэба карыстацца спе­цыяльнымі сродкамі. Лепш рабіць гэта два разы на год – перад зімой і пасля яе.

Для падлогі часцей бяруць ламінат

Ён складае больш за 50% продажу.

– Ламінат – гэта зборна-разборная канструкцыя, – адзначае дырэктар кампаніі “Солас-плюс” Станіслаў Салаўёў. – Пры неабходнасці, напрыклад, калі вам трэба пераехаць у новую кватэру, можаце яго ра­забраць і сабраць занава.

Ламінат трэба выбіраць не па краіне-вытворцы, а па класе. Фота smarket32.ru.

Ламінат трэба выбіраць не па краіне-вытворцы, а па класе. Фота smarket32.ru.

Падчас выбару ламінату трэба звярнуць увагу на некалькі параметраў:

1. Клас зносаўстойлівасці. Самы нізкі – 31 клас.

Для жылля пады­дзе ламінат любога класа, але чым вышэйшы, тым большы тэрмін службы. Для самага нізкага класа ён пяць-сем гадоў. Самы вялікі тэрмін службы – 40 гадоў.

2. Таўшчыня. Самы тонкі ламінат – шэсць міліметраў, яго трэба класці на вельмі роўную паверхню. Найбольшым попытам карыстаецца ламінат васьмі міліметраў. Чым ён таўсцейшы, тым

большую нагрузку можа вытрымаць.

3. Устойлівасць да вільгаці.

– Ёсць дзве ступені ўстойлівасці ламінату да вільгаці, – адзначае Станіслаў Салаўёў. –  Першая, калі падчас вытворчасці матэрыял насычаюць пэўным саставам. Другая, калі замкі дадаткова насычаюць сіліконам. У апошнім выпадку ламінат больш устойлівы да вільгаці.

Цяпер ламінат можна знайсці з фасачкай – гэта паглыбленне, якое дадае натуральнасць і засцеражэ ад разбурэння.

– Як правільна класці ламінат?

– Паверхня для яго павінна быць роўная. Галоў­нае, каб не было ямкі. Перавага гэтага матэрыялу ў тым, што яго можна пакласці фактычна без астаткаў.  А калі ў вас і засталося некалькі дошчачак, то ў нашым магазіне іх возьмуць назад,  а вам вернуць грошы.

З часам там, дзе ламінат сцёрся, яго можна замяніць новым, дадаўшы некалькі дошчачак. 

– Які ламінат лепш выбіраць – беларускі альбо імпартны?

– Варта выбіраць не па краіне-вытворцы, а па класе ламінату. Смела можна давяраць і расійскаму, і беларускаму, які вырабляюць у Смаргоні.

Экалагічнасць ламінату можна паглядзець на ўпакоўцы. А+ – гэта значыць, што ламінат адпавядае самым высокім патрабаванням. Смаргонскі ламінат мае гэту пазнаку.

Якасны лінолеум праслужыць да 15 гадоў

Па-ранейшаму актуальным матэрыялам для падлогі з’яўляецца лінолеум. Пры выбары найперш звярніце ўвагу на яго таўшчыню і таўшчыню ахоўнага слоя. Ён уплывае на тэрмін прыдатнасці.

 Памяшканне будзе прасторным з вялікай пліткай

– Цяпер з’явіўся разнастайны выбар керамічнай пліткі па колеры, памеры, тэкстуры. Аднак большасці пакупнікоў цяжка адысці ад класічных мадэляў, – расказвае галоўны бухгалтар гандлёвага дома “Бярозакераміка-Вілія” Ілона Гуд. –  Праўда, гэтыя мадэлі больш танныя.

Маладыя пары стараюцца камбінаваць класіку і сучаснасць, часам выбіраюць яркія дэкоры альбо яркія дэталі ў дызайне. Па колеры найбольшым попытам карыстаюцца мадэлі цёплых тонаў, асабліва бэжавыя.

 Не губляе актуальнасці і афармленне ванны ў чорна-белым варыянце.

– Пад плітку можна падабраць адпаведныя па колеры вітражы. Яны незаменныя, калі чалавек хоча прыцягнуць увагу да пэўнай часткі сцяны, – раіць спецыяліст.

Усё большую папулярнасць заваёўвае плітка вялікага памеру, на­прыклад, 20×50, 30×60. З ёй памяшканне візуальна становіцца большым.

Пад плітку можна падабраць адпаведныя па колеры вітражы. Фота profiplitka.ru.

Пад плітку можна падабраць адпаведныя па колеры вітражы. Фота profiplitka.ru.

Спецыяліст раіць звярнуць увагу на тэкстурную плітку. Многія баяцца, што яна дрэнна мыецца, але гэта не так. Тым больш, што такая плітка зрокава павялічвае пакой.

– Для падлогі вытворца пачаў рабіць новую па тэкстуры плітку – шурпатую, з матавай паверхняй, – адзначае Ілона Гуд. – Па якасці яна ідзе як мармурова-гранітная, якую выкарыстоўваюць для вуліцы, таму вельмі ўстойлівая і не слізкая.

 У невялікіх памяшканнях кла­дзіце плітку гарызантальна – гэта пашырае прастору, вертыкальная кладка – зрокава аддаляе столь.

 – Калі выбіраеце сантэхніку, звярніце ўвагу на змяшальнікі кітайскай фірмы “FRAP”, дзе вытворчасць па нямецкіх тэхналогіях. Усё надзейнае, вытворца распрацаваў розныя варыянты дызайну, разнастайныя пераключальнікі, – дзеліцца досведам спецыяліст. – Раней мы закуплялі змяшальнікі германскай вытворчасці, але яны падыходзяць, калі вада фільтраваная. Змяшальнікі літоў­скай кампаніі “Рубінета”, якасныя, аднак цана пужае пакупнікоў.

“Людзям цяжка адысці ад чайнікаў на шпалерах”

Як адзначае дырэктар магазіна “Мол” Дзмітры Косцешаў, большасці пакупнікоў цяжка адысці ад стэрэатыпаў у выбары шпалераў. Многія прызвычаіліся да шаўкаграфіі, якая адыходзіць у мінулае, да таго, што для кухні падыходзяць шпалеры з чайнікамі, рамонкамі, квадрацікамі.

– Жыццё трансфармуе  выгляд нашага жылля, – расказвае Дзмітры. – Цяпер ужо няма ўстойлівых нормаў, напрыклад, што есці трэба толькі на кухні. Людзі могуць гэта рабіць у любым з пакояў. Кухня пачы­нае паступова трансфармавацца ў кухню-гасціную. Сюды пераехаў тэлевізар. Многія замест пліткі на падлогу кладуць ламінат, гэта робіць пакой больш утульным. Варта мяняць свае погляды і на выбар шпалераў.  

Добрым рашэннем могуць стаць вінілавыя шпалеры гарачага ціснення. Яны не баяцца драпін, вільгаці, дыхаюць. Іх яшчэ называюць антывандальнымі.

Каб паклеіць шпалеры на столі, спачатку варта праклеіць металічныя элементы скотчам. Тады не будзе выступаць іржа, і колер шпалераў даўжэй застанецца як новы.

Папулярнасць набываюць фоташпалеры. Каб яны выйгрышна глядзеліся ў пакоі, спецыялісты падбіраюць пад іх шпалеры.

– Жыхарам рэгіёна даспадобы выявы вялікіх гарадоў, прырода іншых краін, – дзеліцца досведам Дзмітры Косцешаў. 

У асартыменце магазін мае шпалеры замежных вытворцаў, шмат экзатычных мадэляў. 

Жыхарам рэгіёна падабаюцца фоташпалеры з выявамі вялікіх гарадоў, прыродай іншых краін. Фота diy.ru.

Жыхарам рэгіёна падабаюцца фоташпалеры з выявамі вялікіх гарадоў, прыродай іншых краін. Фота diy.ru.

Лепшыя газавыя пліты – беларускія

Адно з найбольш хвалюючых пытанняў падчас рамонту – устаноўка газавай пліты, а ў прыватным доме – ацяплення.

– Цяпер людзі ўстанаўліваюць навясныя газавыя катлы, – расказвае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела “Мала­дзечнагазу” Яўген Пацееў. – І яны маюць рацыю. Па-першае, гэтыя катлы маюць высокі КПД. Па-другое, у такіх катлоў мноства аўтаматыкі, што робіць выкарыстанне бяспечным. Напрыклад, сістэма сочыць, каб на дом не пайшоў чад, калі кнот патух – сістэма адключаецца аўтаматычна.

Лепшыя газавыя пліты – беларускія. Фота maxsolis.ru.

Лепшыя газавыя пліты – беларускія. Фота maxsolis.ru.

Пры выбары газавай пліты звярніце ўвагу на беларускага вытворцу, у прыватнасці, “Gefest”. Надзейныя пліты, ад якіх менш адмаўляюцца пакупнікі. За плітой павінна быць незагаральная паверхня, напрыклад, плітка, тынкоўка.

 Чытайце працяг і дасылайце пытанні па рамонце на пошту regionnews@rh.by ці на адрас: Ма­ла­­дзечна, Вялікі Гасцінец, 68-а.