Прапануем вашай увазе спіс мерапрыемстваў, якія можна наведаць падчас выхадных. Вы можаце пайсці на футбол, на канцэрт, у кінатэатр альбо адпачыць дома пад музыку Міхала Клеафаса Агінскага. 

Для тых, хто пачне адпачываць адразу пасля працоўнага дня, прапануем схадзіць на канцэрт памяці Наталлі Салавай “Не для мяне прыйдзе вясна …”. Ён пройдзе ў Вілейскім Палацы культуры. У канцэрце прыме ўдзел Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Жыновіча. Яго мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – ураджэнец Вілейшчыны, народны артыст Беларусі прафесар Міхаіл Казінец, ансамбль казацкай песні “Бацька Атаман”. Канцэрт платны. Атрыманыя сродкі пералічаць у дапамогу Вілейскаму анкалагічнаму дыспансеру.

Сёння, 25 верасня, грамадскасць Беларусі будзе адзначаць 250 год з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Увечары вы можаце праслухаць яго фартэпіянныя п’есы: паланэзы, мазуркі, менуэты, вальсы, рамансы, а таксама адзін з найбольш вядомых паланэзаў “Развітанне з Радзімай”.

Кіно: ад прэм’ер можна зваліцца на падлогу ад смеху, расплакацца ад шкадавання ці замерці ад напружання

Традыцыйна восень шчодрая на прэм’еры. Кінатэатр “Радзіма” ў Маладзечне аператыўна рэагуе на сусветныя паказы. На гэтым тыдні гледачам прапануюць адразу некалькі прэм’ер вельмі рознага жанру.

Гісторыя, хірург, рэпрэсіі

Аматараў гісторыі зацікавіць драма “Вылечыць страх”. Сумесны ўкраінска-беларускі праект уразіць яркай карцінкай, дынамічным сюжэтам і шчымлівай гісторыяй. Рэжысёр распавядае пра лёс святара і таленавітага хірурга, які ратаваў людзей у час вайны, але не змог выратаваць самага дарагога чалавека. У выніку святар стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій.

Карцінка з фільма: Увага! Працягваць працу! – крычыць галоўны герой сваім калегам, якія дапамагаюць аперыраваць падчас бамбёжкі.

Экстрым

Што адчувае чалавек на вяршыні свету? Выпрабаванне галоўных герояў, балансаванне паміж жыццём і смерцю, абвостранае пачуццё рызыкі, і ўсё гэта заснаванае на рэальных падзеях. Такая карцінка чакае гледачоў драмы “Эверэст”.

Карцінка з фільма: Мы на такой вышыні, калі цела чалавека пачынае павольна паміраць. Мы павінны паспець дасягнуць вяршыні Эверэсту.

Пошук сябе

Стаць стажорам у 70 год? Стаць лепшым сябрам босу, у якой складанасці з працай? Мілую камедыю, галоўных герояў якой іграюць Эн Хэтуэй і Роберт дэ Ніра, прапануе амерыканская карціна “Стажор”

Рэлакс

Калі вам хочацца проста расслабіцца, не аналізуючы сябе ці персанажаў, і яшчэ не надакучыла глядзець на гераінь, якія знаходзяць мужчыну, які пераверне ўсё жыццё дагары нагамі, вам падыдзе французскі фільм “Прыкінься маім хлопцам”. Маладая сур’ёзная арганізаваная жанчына сустракае маладзёна, які цалкам яе антыпод. Што з гэтага атрымалася, глядзіце ў кінатэатры.

Зваліцца ад смеху

Калі вы хочаце добра пасмяяцца, і не важна, з чаго, парадзійная камедыя “Суперфарсаж” – сама тое.

Стралялкі

Калі восень навявае на вас дэпрэсію і жаданне каго-небудзь прыстукнуць, вашай аддушынай стане крымінальны баявік “Ганмэн”. Перастрэлкі, уцёкі ад смерці і напружанне – тое, што падорыць гэтая карціна.

У кінатэатры “Мір” у Вілейцы на выхадных фэнтэзі “Пасвячоны” і “Фантастычная чацвёрка”, трылер “Рука д’ябла”, анімацыя “Кінадзяцінства. Пры лысую прынцэсу”, камедыя “Стажор”, драма “Вылечыць страх”,  камедыя “Кунг-фу Трусік: Валадар агню”, баявік “Бягучы ў лабірынце: Выпрабаванне агнём”, жахі “Пікавая дама: Чорны абрад”.

Рэпертуары на тыдзень вы можаце паглядзець тут: https://rh.by/by/351/20/12614/ .

Аматарам футбола

Пройдзе матч “Тарпеда-Мінск. Ён адбудзецца на гарадскім стадыёне 26 верасня а чацвертай дня. Кошт дзіцячага білета – 5 тысяч рублёў, для дарослых – 10 тысяч рублёў.

Для дамашніх людзей прапануем яшчэ адзін варыянт адпачынку – у кампаніі “Рэгіянальнай газеты”. Свежы нумар ужо ёсць у продажы, у ім вы знойдзеце спартыўныя, культурныя, крымінальныя навіны, судоку, гараскоп, каляндар і шмат чаго іншага.

Дужыя хлопцы на турніках

Таксама ў суботу ў 14:30 у Вілейцы ў гарадскім парку адкрыюць пляцоўку для воркаўту. Выступяць каманды па воркаўце з Мінска і Вілейкі, гледачоў чакаюць конкурсы.

Аматарам гісторыі

Браму-капліцу ў гонар загінулых у Першай сусветнай адкрыюць у Вілейцы ў суботу, 26 верасня, у 11:45. Знаходзіцца яна на ўваходзе на гарадскія могілкі па вуліцы 1 Мая.

Рэканструктары з ваенна-гістарычных клубаў пройдуць ўрачыстым маршам.

У 13 гадзін у кінатэатры “Мір” пакажуць літаратурна-музычную кампазіцыю і дакументальны фільм. Пройдзе прэзентацыя кніг, прысвечаных Першай сусветнай. 

Эпізоды бою 1915 года пакажуць на ваенна-гістарычнай рэканструкцыі у вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна. Пачатак прызначаны на 15 гадзін.

Таксама вы можаце нам расказаць, дзе і якім чынам адпачываеце на выхадных.