Беларуская чыгунка пачала працы па электрыфікацыі ўчастка Маладзечна – Гудагай – дзяржаўная мяжа з Літвой. Калі тут можна будзе пусціць электрычку, час у шляху паміж Мінскам і Вільняй скароціцца да дзвюх гадзін, абяцаюць чыгуначнікі.

“Пасля завяршэння электрыфікацыі стануць яшчэ бліжэй адно да аднаго жыхары дзвюх еўрапейскіх сталіц – Мінска і Вільні, а час у шляху паміж імі скароціцца да дзвюх гадзін”, – заявіў начальнік БЧ Уладзімір Марозаў, паведамляе tut.by са спасылкай на прэс-службу БЧ.

Працягласць участка ад Маладзечна да мяжы з Літвой – 84 кіламетры. Цалкам электрыфікаваць яго плануюць да канца 2016 года.

Літоўскія чыгункі цяпер ажыццяўляюць падобны праект са свайго боку: вядуць электрыфікацыю ўчастка ў 30 кіламетраў ад станцыі Новая Вільня да мяжы з Беларуссю.

Чыгуначнікі адзначаюць, што новаўвядзенні прынясуць карысць не толькі пасажырам, якія змогуць хутчэй дабірацца ў Вільню. Электрыфікацыя ўчастка дазволіць стварыць “магутны і тэхналагічны транспартна-лагістычны комплекс для транзіту грузапатокаў з Поўначы на Поўдзень, Усходу на Захад. У перспектыве ён стане важным складнікам стваранага Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, павысіць транзітную прывабнасць міжнародных транспартных калідораў, якія праходзяць праз тэрыторыю нашай краіны”.

У апошнія пяць гадоў БЧ электрыфікавала ўчастак Жлобін – Асіповічы (107,2 км), набліжаецца да завяршэння электрыфікацыя ўчастка Гомель – Жлобін (86 км).

Наша Ніва“.