“Паважаныя калегi, сёння вёз кліентку з раніцы ў бальніцу на аборт.
Дзяўчыне 18 год, усю дарогу ўгаворваў спыніцца, падумаць, не забіваць плод. Не змог. Яго больш няма…
Прашу вас, змясціце гэты ліст, нагадайце пра праблему ў сябе ў горадзе. Вельмі шкада моладзь, якая, можа, яшчэ не разумее, што жыццё – гэта падарунак, а падарыць жыццё – гэта шчасце”.
Такі ліст атрымалі работнікі адной са службаў таксі Вілейкі. Ён не стаў проста нагодай для абурэння ці абмеркавання, а прымусіў таксістаў да дзеянняў. Яны пачалі акцыю супраць абортаў “Захавай жыццё”.
– Пакуль акцыя ідзе ў сацсетках. Стварылі сваю групу “Укантакце”, распаўсюджваем інфармацыю, – расказвае каардынатар акцыі супраць абортаў Аляксандр Пузанкевіч. – Заклікалі ўсіх дасылаць фота з дзеткамі. Хочам стварыць вялікі калаж і паказаць, што дзеці – гэта вялікая радасць і шчасце. Ужо сабралася нямала здымкаў.
У планах арганізатараў – дамовіцца з калегамі і ўдзельнікамі інтэрнэт-акцыі, сабраць нейкі рэчы, цацкі, прысмакі і перадаць у радзільню, для адмоўнікаў і малазабяспечаных мам, у дзіцячае аддзяленне бальніцы.
– У бліжэйшы час займуся перамовамі з галоўным доктарам Вілейскай бальніцы, – кажа Аляксандр. – Але гэта толькі планы. Справа ў тым, што людзі, здаецца, і адгукнуліся, і цікава ім удзельнічаць, але калі тычыцца справы, мала хто прыходзіць. Ніводная грамадская арганізацыя горада пакуль не падтрымала пачынанне. Хоць рэзананс ў інтэрнэце, хай невялікі, але быў. Вядома, не расстройваюся і не завяршу на гэтым пачатае. Працяг у любым выпадку будзе. Але хочацца, каб акцыя стала не толькі пачынаннем групы людзей ці арганізацыі, а каб у горадзе ды раёне яе прынялі.
Таксама ў службе таксі збіраюцца ўнесці карэктывы ў афармленне машын і салонаў з улікам гэтай акцыі.
– У Вілейцы акцыя пачалася і будзе праходзіць далей. Хлопцы з таксі ў любым выпадку падтрымаюць акцыю і будуць удзельнічаюць, – даводзіць Аляксандр. – Калі ўсё атрымацца, гэта група стане пачаткам валанцёрскага руху. Запрашаю неабыякавых людзей стаць валанцёрам. Калі хтосьці захоча звярнуцца і падтрымаць акцыю з суседніх рэгіёнаў, напрыклад, Маладзечна, Смаргоні, з задавальненнем падтрымаю, складзём сумесны план.