“РГ” вырашыла высветліць, што было на абед у сераду, 23 верасня, у школах Маладзечна, Вілейкі і Гальшанаў.
Калі мы завіталі ў маладзечанскую гімназію №3, дырэктар яе Віталь Крупянькоў з парога адказаў:
– Вы выбралі правільную школу, каб расказаць пра абеды. Калектыў повараў у нас дружны, працуюць разам многія гады.
Гаспадарыць тут шэф-повар Часлава Валовік.
– Поварскі стаж у мяне каля 40 гадоў, 20 з іх я працую поварам у трэцяй школе.
Часлава Яўгенаўна кажа, што меню ў школьных сталовых мяняецца кожны навучальны год.
– Раней у школьныя меню былі ўключаныя субпрадукты – пячонка, сэрцы. Цяпер іх няма.
Штодзень у сталовай ядуць прыкладна 380 вучняў.
А яшчэ школьнікі могуць радавацца таму, што маннай кашы з ненавіснымі камячкамі таксама няма.
– Калі гаварыць пра любімыя стравы нашых школьнікаў, то на першым месцы, вядома, курыныя катлеты з бульбяным пюрэ.
А вось рыбу дзеці не любяць.
– Прама сэрца крывёй абліваецца, калі бачыш, як дзіця прыбірае са стала некранутую гарбушу.
У гімназіі, як і ў іншых школах, практыкуюцца рыбныя або іншыя дні.
– У пятніцу ў нас малочны дзень. Гэта значыць, на першае будзе малочны суп, на другое – сырнікі.
У панядзелак па нормах санстанцыі дзень кілбасы, бо захоўваць яе доўга нельга.
– А калі дзіця папросіць дабаўкі, дасце?
– Не, – строга адказвае Часлава Валовік. – У нас порцыі разлічаныя па колькасці дзяцей.
Але галоднымі дзеці не застаюцца.
Старшакласнікі, бывае, прыходзяць у сталовую ўжо на перапынках, калі ядуць малодшыя школьнікі. Там яны проста просяць у дзяцей не адносіць порцыі, калі раптам тыя не любяць рыбу ці не ядуць груцу.
А калі есці ў сталовай чарга саміх старшакласнікаў, то тут на дапамогу прыходзяць дзяўчаты. Яны, як жартуе повар, усе на дыетах. І проста адмаўляюцца ад свайго пюрэ і кормяць ім хлопцаў. Самі ж ядуць некаларыйныя салацікі з гародніны.
Абед, які складаецца з супу, гарачай стравы, гарніру, салаты і кампоту каштуе прыкладна 16 тысяч рублёў.
Акрамя школьнікаў, у трэцюю гімназію ходзяць абедаць “суседзі” – работнікі спартыўнай школы, ДТСААФа і лясніцтва.
У сераду на абед прапаноўвалі вараную капусту, гуляш, макарону, салату са свежай капусты і бярозавы сок.
У гальшанскай школе самы смачны боршч
У гальшанскай школе на абед сёння таксама быў гуляш з тушанай бульбай, вінегрэт і чай.
Пра абед распавяла вучаніца гэтай школы Вікторыя Янушкевіч:
– Я не ведаю, колькі каштуе абед, таму што мы ядзім у сталоўцы бясплатна.
Самыя любімыя стравы ў Вікі – гэта боршч і салата з памідораў.
– А расольнік не люблю, бо ён заўсёды кіслы. Яшчэ цярпець не магу тушаную бульбу!
Сакрэт смачнага харчавання – у параканвектамаце
Расказвае Дар’я Стоніс, дзесяцікласніца вілейскай гімназіі №1 “Логас”:
– Сёння на абед у нас былі курыныя тэфтэлі, рагу з гародніны, салата са свежай гародніны і сок. Абеды мне падабаюцца, пастаянна мяняюцца гарніры. Любімыя стравы: курыныя катлеты і тэфтэлі.
Каштуе абед ад шасці да 10 тысяч рублёў.
Дарэчы, у мінулым навучальным годзе ў гімназіі з’явіўся параканвектамат. Прыгатаваная на ім ежа атрымліваецца больш здаровай, сакавітай і смачнай.
Даведка “РГ”.
Параканвектамат – від пераважна прафесійнага кухоннага цеплавога абсталявання, які выкарыстоўвае розныя рэжымы спалучэння пары і прымусовай канвекцыі для прыгатавання ежы.