Праўда, зараз вялікія рэчы да прыпынкаў людзі вазіць перасталі.
– Прыток смецця да аўтадарог скараціўся ў сувязі з праграмай уладкавання у кожным населеным пункце кантэйнерных пляцовак, – расказвае начальнік ДЭУ №63 “Мінскаўтадарцэнтра” Андрэй Квяткевіч. – Ужо па гэтай вясне бачна, што на нашых прыпынках і пляцоўках старыя канапы, тэлевізары, халадзільнікі, хатні рыштунак проста зніклі. А калі не было кантэйнераў у вёсках, то прывозілі і паўсюдна пакідалі.
Ад красавіка ў Мінскай вобласці сталі ўстанаўліваць фотопасткі, што фіксуюць дзеянні парушальнікаў. Напрыклад, такія з’явіліся ў Вілейскім доследным лясгасе.
– Мы пакуль не ставілі фотапастак. Але калі сітуацыя будзе ўскладняцца, будзем прапрацоўваць гэта пытанне, – кажа Андрэй Квяткевіч. – Цяпер мы пайшлі іншым шляхам. Там, дзе вялікі прыток смецця на аўтобусны прыпынак, дадаткова паставілі кантэйнер. У прынцыпе, такой карціны, што сметніца абкладзена гарой пакетаў, няма. Сумлення ўсё ж хапае ў людзей, каб адкрыць кантэйнер і кінуць смецце туды.
Спякотай прыбіралі смецце два-тры разы на дзень
Больш клопатаў у дарожнікаў было ў спякотныя дні, калі на берагі вадасховішча прыязджала багата адпачывальнікаў.
– Пасля адпачынку некультурныя людзі, напэўна, пакідалі смецце ў лесе, а больш культурныя везлі кантэйнеры да нашых прыпынкаў і стаянак, – заўважае Андрэй Квяткевіч.
У спякотныя дні кантэйнер напаўняўся прыкладна за тры гадзіны. Спякотай даводзілася адпраўляць транспарт на ўборку два-тры разы на дзень.
Зараз больш актуальнае пытанне – смецце па абочынах уздоўж дарог. Выкідваюць з машын пачкі ад чыпсаў і цыгарэт, бутэлькі ад колы і гарэлкі. Знаходзіць дарожнікі мабільнікі, грошы – ды не толькі беларускія, а і долары трапляліся.
Колькі выпадкаў было, што лавілі і штрафавалі тых, хто не доўга думаючы адкрывае фортачку машыны і выкідвае смецце. Адна менш яго на абочынах не становіцца.
Прычэп смецця з дарог
Графік уборкі дарог узгадняецца з Міністэрствам транспарту, мясцовай уладай і інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Для звычайных умоў смецце на асноўных дарогах убіраюць пра дзень. Гэта тычыцца дарог з большай інтэнсіўнасцю руху: з Мінска на Нарач (Р28), Мінск-Калачы-Мядзел (Р58). Там, дзе меншая інтэнсіўнасць, напрыклад, Барысаў-Вілейка-Ашмяны (Р63), Ушачы-Вілейка (Р29), смецце ўбіраюць праз двое сутак.
У сярэднестатыстычны дзень па патруляванні дарог Вілейскага раёна набіраецца трактарны прычэп смецця – роўна з бартамі. Гэта смецце і з аўтобусных прыпынкаў, і вялікія прадметы з абочыны.
Самы складаны перыяд для дарожнікаў – час, калі сходзіць снег. Даводзіцца выдаткаваць два-тры тыдні, каб прыбраць смецце з усіх дарог.
Вядзіце сябе на дарогах як дома
Ад кіроўцаў і пасажыраў Андрэй Квяткевіч нічога звышнатуральнага не патрабуе: такіх жа адносін да дарог, як і да свайго дома:
– Дома перад тэлевізарам вы з’ясце тую ж шакаладку ці марожанае. Чамусьці сіл і сумлення хапае, каб падняцца, данесці да сметніцы і выкінуць абгортку. Зразумела, бо гэта ў сябе дома. Там жа мы не кідаем абгортку на пол перад сабой і не чакаем пакуль смецце назапасіцца, каб нехта ўбраў. Хочацца сказаць людзям, каб вялі сябе на дарогах як дома. Калі там выкідваеце паперку ў сметніцу, то і на дарогах не выкідвайце яе ў фортку машыны. Давязіце дадому ці да бліжэйшага кантэйнера і сметніцы.
Даведка “РГ” За парушэнне часткі першай артыкула 18.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “выкіданне смецця ці іншых прадметаў з транспартнага сродку” можна атрымаць штраф ад адной да дзвюх базавых велічынь.