У канцы жніўня – пачатку верасня пачынаецца “фітнес па-беларуску” – на дачах, у вёсках, на агародах людзі пачынаюць капаць бульбу. Кожны спрабуе як мага хутчэй выбраць ураджай. 

Выкладчыца лячэбнай фізкультуры санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальных тканак Алена Жызнеўская патлумачыла, чаму пасля таго, як пакапалі бульбу, баліць спіна і ногі, якая пастава найбольш падыходзіць для гэтай фізічнай працы, як пераадолець стомленасць.

Вядзіце актыўны лад жыцця – будзе прасцей

 – Канешне, людзям, якія займаюцца фізкультурай, вядуць актыўны лад жыцця, значна лягчэй пераносіць такую нагрузку, – адзначае выкладчыца лячэбнай фізкультуры. – Таму за некаторы час, як збіраецеся капаць бульбу, больш рухайцеся, вядзіце актыўны лад жыцця – вам будзе прасцей.

Спецыяліст тлумачыць, што спіна, рукі і ногі пачынаюць балець пасля гэтай фізічнай работы, бо чалавек доўгі час знаходзіцца ў нязвыклым становішчы – сагнуўшыся, мышцы расцягваюцца.

Разбяромся ў тым, як пастава падчас працы ўплывае на мышцы чалавека. Капаеце бульбу сагнуўшыся – найбольш церпіць спіна і ногі, бо мышцы знаходзяцца ў найбольшым напружанні. Пачынаеце высыпаць кошык з бульбай у мяшок, нагрузка ідзе на мышцы прэса і рукі.

 Каб высыпаць кошык з бульбай у мех, згінайце крышачку ногі ў каленях, нагрузка будзе меншая.

 – Калі капаеце бульбу на кукішках, то нагрузка на арганізм чалавека меншая, чым стоячы, – тлумачыць Алена Жызнеўская. – Гэта звязана з тым, што становішча тулава блізкае да гарызантальнага, у якім чалавек увесь час знахо­дзіцца. Лепш, каб у гэтай паставе ногі былі больш разведзеныя ў бакі, на шырыні плячэй. Так чалавек будзе захоў­ваць раўнавагу і нагрузка на спіну будзе меншая.

Але з гэтай паставай трэба быць асцярожным людзям з павышаным ціскам.

– У такой паставе галава чалавека ўвесь час нахіленая ўніз, таму ціск можа рэзка падскочыць, чалавеку можа стаць дрэнна, – расказвае спецыяліст.

Пастава на карачках – самая лепшая, бо так рухі больш запаволеныя, а значыць, нагрузка меншая.

Аднак спецыяліст заў­важае, што кожны сам павінен выбіраць тую паставу, якая найбольш зручная для яго.

Як рэанімаваць арганізм пасля “беларускага фітнесу”

– Як гэта ні дзіўна гучыць, але пасля фізічнай працы не грэбуйце фізічнымі практыкаваннямі, – раіць Алена Жызнеўская. – Напрыклад, для спіны будзе карысна, калі вы ляжаце і будзеце рабіць нагамі “нажніцы”, “ровар”, згінаць ногі ў каленях, невялікія нахіленні ўперад і назад.

Аднак варта заўважыць, што нахіленні  не варта рабіць людзям з павышаным ціскам.

Для ног падыдуць прысяданні, выпады. Каб адпачылі рукі, можна іх паштурхаць уперад і назад, зрабіць нажніцы.

– Аднак калі вы зусім стомленыя, то не трэба больш перагружаць арганізм, – раіць спе­цыяліст. – Гэта не пойдзе на карысць. Але пасля варта заняцца фізкультурай, каб вашы мышцы загартоўваліся.

 Выдатным адпачынкам для арганізма стане лазня, гарачая ванна. А масаж дапаможа разагнаць малочную кіслату, якая накапілася ў мышцах. Гэта дапаможа пазбегнуць ламоты ў касцях і боляў у мышцах.

 – Ці можна гэту фізічную працу параўнаць з фітнесам?

– Гэта розныя рэчы. Аднак для людзей, якія не вядуць актыўны лад жыцця, у большасці праводзяць вольны час на канапе, такая фізічная нагрузка сыдзе за фітнес, – жартуе спе­цыяліст.

Раскажыце нам, як вы сёлета капалі бульбу, ці добры быў ураджай. Лісты вы можаце пісаць на электронную пошту regionnews@rh.by альбо на адрас: Маладзечна, Вялікі Гасцінец, 68-а.

“Вось яна бульбачка! Вось яна наша!” Як капаюць бульбу на полі на Маладзечаншчыне (Фотарэпартаж)